Антыфэйк / фактчэк

30 ліпеня

«ЖС Premium»: Еўразвязу трэба прымаць па 13 мільёнаў мігрантаў у год, інакш — бяда. Выкрываем прароцтва краху ЕЗ

Каманда Weekly Top Fake высветліла, пра што ў гэтай справаздачы ішла гаворка насамрэч.

Тэлеграм-канал «ЖС Premium» прарочыць ЕЗ дэпапуляцыю, перакос рынкаў працы і эканамічны крызіс, калі ён не будзе прымаць 13 млн мігрантаў у год. Такія звесткі аўтары канала знайшлі нібыта ў дакладзе «Замяшчальная міграцыя» ААН. Каманда Weekly Top Fake высветліла, пра што ў гэтай справаздачы ішла гаворка насамрэч.

Пост пра катастрофу, якая чакае Еўразвяз, калі ён не будзе прымаць па 13 млн мігрантаў на год, тэлеграм-канал «ЖС Premium» апублікаваў 24 ліпеня 2024 года. 

«Там (у дакладзе ААН — рэд.) чорным па белым напісана: для таго, каб краіны ЕЗ захоўвалі колькасць свайго насельніцтва на належным узроўні, да 2050 года належыць увозіць на кантынент па 13 млн мігрантаў у год або 674 млн да канца гэтага тэрміну. Інакш — бяда. Дэпапуляцыя, перакос рынкаў працы, эканамічны крызіс і іншыя чорныя прароцтвы.

Але калі пра гэта прамым тэкстам кажуць у ААН, то праз што ўвесь сыр-бор? Палякі хутка з глузду з’едуць, вынаходзячы, як ім яшчэ не пусціць уцекачоў на сваю тэрыторыю. А між тым, як аказваецца, яны ў тым ліку і сабе праблемы ствараюць», — гаворыцца ў посце.

Даклад, на які спасылаецца «ЖС Premium», апублікавалі ў 2000 годзе. У ім змадэляваныя пяць варыянтаў міграцыйнай палітыкі розных краін (у тым ліку Расеі) на бліжэйшыя 50 гадоў і тое, як яны могуць паўплываць на колькасць і старэнне насельніцтва на гэтых тэрыторыях. Аднак лічбаў, якія падаў тэлеграм-канал, у дакладзе няма. 

У ім гаворыцца, што для захавання бягучай колькасці насельніцтва да 2050 года, Еўразвязу трэба прымаць прыкладна па мільёне мігрантаў у год. Пакуль ЕЗ перавыконвае гэтыя паказнікі. Па статыстыцы, колькасць насельніцтва Еўразвязу за два з паловай дзесяцігоддзі не толькі захавалася, але і вырасла прыкладна на 20 млн чалавек. 

13 млн мігрантаў у год, пра якія напісаў «ЖС Premium», — гэта іншы паказнік. Столькі людзей трэба, каб захаваць на высокім узроўні суадносіны пенсіянераў і працаздольнага насельніцтва.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі