Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Навуковыя мігранты» па-беларуску: лічбы супраць дэкларацый

У 2024-м толькі 2% тых, хто прыехаў, працавалі на нерабочых спецыяльнасцях.

Беларусі патрэбныя толькі высокакваліфікаваныя замежныя спецыялісты, і для іх працы створаны ўсе ўмовы, заявіў аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. Каманда Weekly Top Fake вывучыла, якія спецыяльнасці сапраўды запатрабаваны сярод працоўных мігрантаў.
 
Тэму прыцягнення замежнай працоўнай сілы абмеркавалі 26 траўня 2025 года ў ток-шоу «Будні» на ютуб-канале «СБ ТБ». Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін распавёў, чым айчынны падыход да замежных працаўнікоў адрозніваецца ад еўрапейскага. 

«Мы ж, калі кажам пра мігрантаў, няма жорсткага падзелу, ведаеце, вось, як у Еўразвязе, што, калі яны прыцягваюць уцекачоў, мігрантаў і, фактычна, прымушаюць іх працаваць на нізкакваліфікаваных працоўных месцах. Мы ж, наадварот, зацікаўлены ў тым, каб па максімуме залучаць да сябе і спецыялістаў, інжынераў, канструктараў. … І мы — краіна, якая мае магутную навуковую, тэхналагічную базу, вытворчую базу, — зацікаўлены ў прыцягненні навуковых мігрантаў, так, высокакваліфікаваных мігрантаў. Для гэтага ёсць усе магчымасці, каб працаваць», — заявіў Аўдонін. 

У афіцыйным спісе прафесіяў, па якіх Беларусь гатова працаўладкоўваць замежнікаў у спрошчаным парадку (без звычайных абмежаванняў для абароны мясцовага рынку працы), значацца каля 40 рабочых спецыяльнасцяў і 18 — для кваліфікаваных спецыялістаў. Да першых адносяцца швачкі, трактарысты, даяркі, санітаркі, токары — вышэйшай адукацыі не патрабуецца. Да другіх — медыкі, інжынеры, аграномы і іншыя дыпламаваныя працаўнікі.

Паводле справаздач МУС за 2024 год, па спецыяльнасцях з гэтага пераліку працавалі 19 тыс. замежнікаў. 98% з іх менавіта на рабочых прафесіях. Больш за ўсё прыезджых працавалі кіроўцамі, кухарамі і тынкоўшчыкамі. На пасадах для кваліфікаваных спецыялістаў працавалі 450 замежнікаў — каля 2%. 

Атрымліваецца, Беларусь дэкларуе імкненне прыцягваць адукаваных і высокакваліфікаваных мігрантаў, але на практыцы большасць занятыя меней кваліфікаванай працай. 

Для параўнання: каля траціны мігрантаў, што жывуць у Еўразвязе, паводле дадзеных Еўрастату, маюць вышэйшую адукацыю. Асабліва запатрабаваны медыкі. Напрыклад, у Нарвегіі, Ірландыі і Швейцарыі доля лекараў з замежнай медадукацыяй дасягае 40%, у Вялікай Брытаніі і Швецыі — кожны трэці. 

У ЕЗ дзейнічае Blue Card — дазвол на жыхарства адмыслова для прыцягнення кваліфікаванай працоўнай сілы. У апошнія гады колькасць выдадзеных Blue Card расце. Найчасцей іх атрымліваюць грамадзяне Індыі, Расеі, Турцыі і Беларусі. У 2023 годзе з 90 тыс. выдадзеных Blue Card 5 тыс. атрымалі беларусы. Працаваць па гэтых картах едуць пераважна ў Нямеччыну, Францыю і Польшчу.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць