Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Скварка News» перакруціў прычыны абмежаванняў для падлеткаў у Францыі і падмацаваў фэйк падробленымі вокладкамі газет

Тэлеграм-канал прыпісаў французскім уладам змаганне з «расейскай прапагандай» сярод моладзі.

 

Падлеткі пачынаюць сімпатызаваць Расеі, таму ўлады Францыі хочуць абмежаваць ім доступ у сацсеткі — такую версію пашырылі аўтары тэлеграм-каналу «Скварка News». Каманда Weekly Top Fake высветліла сапраўдную прычыну захадаў, якія абмяркоўваюцца.

Улады Францыі плануюць абмежаваць падлеткам доступ у сацсеткі, а таксама ўзмацніць узроставы кантроль пры продажы нажоў і ўваходзе на порнасайты. Гэтыя захады пачалі абмяркоўваць пасля чарговага выпадку падлеткавага гвалту. Французскі ўрад лічыць, што сацыяльныя сеткі негатыўна ўплываюць на маладое пакаленне.

Аўтары тэлеграм-каналу «Скварка News» 12 чэрвеня 2025 года апублікавалі пост на гэту тэму, аднак назвалі іншыя прычыны магчымых абмежаванняў для французскіх падлеткаў.

«Макрон гатовы забараніць дзецям сацыяльныя сеткі, таму што з-за “рускай прапаганды” яны пачынаюць сімпатызаваць Расеі», — напісалі аўтары тэлеграм-каналу і прымацавалі да паста нібыта вокладкі французскіх газет з адпаведнымі загалоўкамі.

На першай паласе з лагатыпам адной з найбуйнейшых газет краіны Libеration напісана: «Пакаленне, выгадаванае на расейскай прапагандзе, ужо пагражае дэмакратыі Францыі». На вокладцы з сімволікай французскага выдання La Croix сказана: «Французскія дзеці вераць Пуціну».

На абедзвюх вокладках паказаныя даты выхаду нумароў — 11 чэрвеня 2025 года. Каманда WTF праверыла афіцыйныя сайты гэтых выданняў за пададзеную дату. У Libеration на перадавіцы апублікаваны матэрыял пра забойства настаўніцы падлеткам, а ў La Croix — пра супрацьстаянне Доналда Трампа і амерыканскіх суддзяў. У архівах іншых выпускаў нічога падобнага да пададзеных «Скваркай News» загалоўкаў мы таксама не выявілі.

Францыя — не адзіная краіна, у якой задумваюцца пра абарону дзяцей ад небяспечнага інтэрнэт-кантэнту. Падобныя захады абмяркоўваюць у Грэцыі, Іспаніі, Вялікай Брытаніі. У некаторых краінах для карыстання сацсеткамі патрабуецца згода бацькоў: у ЗША — да 13 гадоў, у Італіі — да 14, у Нямеччыне — да 16 гадоў, хоць гэтыя правілы не заўсёды выконваюцца. У Аўстраліі пад канец 2025 года набудзе моц закон пра 16-гадовы ўзроставы цэнз незалежна ад пазіцыі бацькоў.

Некалькі тыдняў таму Еўразвяз сапраўды ўвёў санкцыі супраць пашыральнікаў расейскай прапаганды і дэзынфармацыі на тэрыторыі ЕЗ. Але сувязь з французскімі ініцыятывамі — найхутчэй, супадзенне.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць