Вядоўца праграмы «Асцярожна, правакатары» Вікторыя Кірычэнка ў эфіры «Вечаровага палітычнага канала» і «Радыё Менск» 2 чэрвеня 2025 года распавяла пра вынікі другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы, удакладніўшы, што «нам не важна, хто перамог». Важна ж, па яе словах, як палітычны працэс асвятлялі незалежныя беларускія медыі:
«Экстрэмісцкія рэсурсы актыўна адпрацоўвалі серыю заказных матэрыялаў з удзелам беларусаў, якія атрымалі права галасаваць. Тыя захлыналіся ад захаплення, як ім падабаецца арганізацыя выбараў, як усё дэмакратычна, і яны ўпэўнены, што іх голас будзе залічаны і паўплывае на будучыню гэтай краіны. Ну, і дрэнныя навіны для тых, хто не атрымаў выбарчага права».
Далей у праграме паказалі ўрывак з выступу дэпутата ад апазіцыйнай партыі «Права і Справядлівасць» (Prawo i Sprawiedliwość, PiS) Дарыюша Матэцкага.
«Шаноўныя калегі, мой калега памыляецца, заклікаючы прымаць беларускіх уцекачоў. Польшча — для палякаў! Нашы рэсурсы — для нашых грамадзянаў, а не для збеглых здраднікаў, якіх выкарыстоўвае Менск у гібрыднай атацы», — такі пераклад з польскай на рускую мову наклалі на відэа.
Каманда WTF знайшла арыгінальны запіс выступу дэпутата. Яго словы перакладаюцца так:
«Спадар маршал, шаноўная палата, я ўношу сустрэчнае заступніцтва. Вы не павінны апраўдвацца, а павінны адклікаць свайго кандыдата. Чаму? З моманту выхаду з інтэрнавання я інфармую, што на незаконнае фінансаванне выбарчай кампаніі перад першым турам пайшлі сотні тысяч злотых. Гэтыя сродкі паступалі ад арганізацый, асабіста звязаных з асяроддзем “Грамадзянскай кааліцыі”».
То бок Матэцкі не згадваў беларусаў, гаворка ішла пра меркаванае незаконнае фінансаванне прэзідэнцкай кампаніі Рафала Тшаскоўскага — кандыдата ад «Грамадзянскай платформы» (Platforma Obywatelska, PO), партыі, якая ўваходзіць у кіруючую «Грамадзянскую кааліцыю».
Журналісты WTF ужо выкрывалі фэйкі пра польскія выбары. Напрыклад, пра тое, што ўльтраправыя кандыдаты маюць значна большую падтрымку ў польскім грамадстве, чым іншыя палітычныя сілы. Гэта, паводле слоў вядоўцы праграмы «Кацюшын разлік» на канале News.by Кацярыны Ціхаміравай, стала зразумела па выніках прэзідэнцкай кампаніі.