Каб трапіць у Расею, тэхніка перасякала яе транзітам, афармлялася ў Беларусі і толькі потым вярталася на расейскі рынак.

Кітайскія матацыклы коштам у некалькі тысячаў долараў траплялі ў Расею праз Беларусь коштам усяго ў некалькі сотняў. БРЦ высветліў, што ў пастаўках удзельнічалі ў тым ліку кампаніі, зарэгістраваныя ў Швейцарыі і Гон-Конгу. Некаторыя з іх — звязаныя з атачэннем Віктара Шэймана. Такая схема магла не толькі скарачаць мытныя плацяжы, але і ствараць дадатковыя перавагі кітайскім канкурэнтам беларускага Мотавелазаводу на адным з ягоных ключавых рынкаў збыту.

Расследаванне падрыхтаванае дзякуючы ініцыятыве «Рабочы Рух» пры падтрыманні «Кіберпартызанаў».

Матацыклы па цане бензапілы

Адным з канкурэнтаў беларускага Мотавелазаводу на расейскім рынку стала марка Hasky — кітайскія матацыклы пад расейскім брэндам. Сярод яе мадэляў ёсць эндура — тэхніка для язды па бездарожжы, якую ў апошнія гады набываюць для патрэбаў расейскай арміі. Такія мадэлі ёсць і ў лінейцы беларускага вытворцы. У розніцы Hasky A10 PRO NX MSD каштуе каля $6500. Аднак БРЦ знайшоў мытныя дакументы, згодна з якімі падобныя матацыклы ўвозілі з Кітаю ў Расею па цане ў дзясяткі разоў ніжэйшай за рознічную. [*] Пры гэтым маршрут паставак выглядаў нетыпова: замест таго каб адразу трапіць у Расею, тэхніка накіроўвалася з Кітаю ў Казахстан, затым у Расею, у Беларусь і зноў у Расею. Менавіта ў Беларусі матацыклы праходзілі мытнае афармленне, пасля чаго зноў адпраўляліся на расейскі рынак. 

Крыніца: БРЦ

Гэта не адзінкавы выпадак. Згодна з дакументамі, якія мы атрымалі ад ініцыятывы «Рабочы Рух», у лістападзе 2025 года адзін з кітайскіх вытворцаў адправіў у Беларусь каля сотні такіх эндура-матацыклаў па $200 кожны. [*] Месяцам раней у краіну завезлі партыю мотатэхнікі агульнай вагой больш за 15 тонаў: сярэдні кошт аднаго матацыкла склаў каля $60. Яшчэ ў адной пастаўцы 108 кросавых матацыклаў разам з камплектуючымі аформілі менш чым за $9 тыс. — каля $80 за адзінку. [*] Цягам двух гадоў — з 2023-га па 2025-ты — па такой схеме завезлі тэхнікі амаль на $3 млн, гэта намінальны кошт, рэальны мог быць у дзясяткі разоў большы.

Лагіст, з якім паразмаўляў БРЦ на ўмовах ананімнасці, лічыць, што кошт тэхнікі, хутчэй за ўсё, заніжалі штучна. Паводле ягоных словаў, гэта дазваляе скараціць мытныя плацяжы і ПДВ, якія разлічваюцца зыходзячы з заяўленага кошту тавару. Калі задэклараваць матацыкл коштам $200, мыта складзе каля $28. Калі ж аформіць яго па цане хоць бы $2000, памер плацяжу вырасце прыкладна ў дзесяць разоў.

«Вы за €200 нават бензапілу не купіце. Пра які матацыкл увогуле можа ісці гаворка? … Ён важыць кілаграмаў 130, гэты матацыкл такога класу. Думаю, за такія грошы яго можна купіць хіба што як металалом», — кажа лагіст.

БРЦ высветліў, што пастаўкі праходзілі праз беларускую кампанію «Брандсхандэль».

Сляды вядуць да…

Беларускую кампанію «Брандсхандэль» зарэгістравалі ў лютым 2023 года. [*] Яе заснавальнік і кіраўнік Андрэй Феакцістаў да гэтага амаль дзесяць гадоў працаваў у кампаніях, звязаных з атачэннем найбліжэйшага паплечніка Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана. [*] Яшчэ раней ён працаваў на «Мотавела».

Біяграфія Феакцістава — толькі адна з сувязяў «Брандсхандэля» з атачэннем Шэймана. Амаль палова цяперашніх супрацоўнікаў кампаніі раней працавала ў фірме «Глобалкастам». Абедзве кампаніі ў розны час былі зарэгістраваныя па адным адрасе на вуліцы Няміга ў Менску. Фармальна ўладальнікамі «Глобалкастаму» былі выпускніца Акадэміі мастацтваў і адэская цырульніца. Аднак, як раней высветліў БРЦ, выпускніца ў той час была ў адносінах з Віктарам Шейманам, а цырульніца была жонкай пляменніка ягонай першай жонкі. «Глобалкастам», як цяпер і «Брандсхандэль», зарабляў на афармленні імпартных паставак праз беларускую мытню і мінімізацыі мытных плацяжоў — у тым ліку ў перыяд, калі Шэйман займаў пасаду кіраўніка справамі прэзідэнта.

Пасля «Глобалкастаму» частка ягоных супрацоўнікаў перайшла не толькі ў «Брандсхандэль», але і раней у «Алексвіт лтд». Гэтая кампанія як мінімум адзін раз выступала мытным дэкларантам паставак «Брандсхандэля». З 2021 па 2025 год яна належала былому намесніку старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Сяргею Барысюку. [*] У дзень, калі Барысюк стаў уладальнікам кампаніі, яе дырэктарам прызначылі Кірыла Жукава — чалавека, які раней працаваў у структурах атачэння Віктара Шэймана. [*]

Крыніца: БРЦ

«Брандсхандэль» неаднаразова фігураваў у судовых справах аб недэклараванні тавараў і падачы мытні недакладных звестак. Кожны раз заводзілі адміністрацыйныя, а не крымінальныя справы. Само па сабе гэта не даказвае заступніцтва, але разам з сувязямі кампаніі з атачэннем Шэймана і былым кіраўніцтвам мытні дапамагае зразумець, чаму схема магла працаваць без сур'ёзных наступстваў для яе ўдзельнікаў.

Швейцарыя і Ганконг

Заніжэнне мытнага кошту тлумачыць толькі частку схемы. Калі ў інвойсах матацыклы афармляліся па намінальным кошце, то хто атрымліваў прыбытак? Дакументы, вывучаныя БРЦ, дазваляюць выказаць здагадку, што як мінімум частка грошай праходзіла праз яшчэ дзве кампаніі — зарэгістраваныя ў Швейцарыі і Ганконгу.

Першая з гэтых кампаніяў — швейцарская Erop Group AG. БРЦ высветліў, што адна з расейскіх фірмаў, якая набывала матацыклы ў «Брандсхандэля», адначасова плаціла і Erop Group AG — за лагістычныя, транспартныя і экспедытарскія паслугі. Толькі за 2024 год мы знайшлі такіх плацяжоў амаль на $1,7 млн.

Крыніца: БРЦ

Erop Group AG была зарэгістраваная ў швейцарскім Цугу — кантоне, вядомым ільготным падаткаабкладаннем і высокай канцэнтрацыяй міжнароднага бізнесу. Сувязь кампаніі з апісанай нам сеткай прасочваецца адразу па некалькіх напрамках. У архіўнай версіі сайта яе беларускага прадстаўніцтва «Глобалкастам» быў пазначаны сярод партнёраў. Акрамя таго, у 2023-2024 гадах у пастаўках, звязаных з Erop Group AG, фігуравала «Алексвіт лтд» — кампанія, якая як мінімум адзін раз выступала мытным дэкларантам паставак «Брандсхандэля».

Другая кампанія — гон-конгаўская Winshun Trade Limited. У дакументах па пастаўках яна, гэтак жа як Erop Group AG, выступала пакупніком матацыклаў у кітайскага прадаўца, а атрымальнікам грузу ў Беларусі быў «Брандсхандэль». Winshun Trade Limited зарэгістраваная ў Гон-Конгу, але мае офіс у Жэневе. Са студзеня 2023-га па студзень 2024 года адзіным акцыянерам Winshun Trade Limited быў Сяргей Грабенкін — пляменнік Сяргея Аношкі, былога менеджара «Матавела» і адной з ключавых фігураў у бізнес-структурах, звязаных з Віктарам Шэйманам. У 2024 годзе Аношка атрымаў даверанасць на кіраванне кампаніяй тэрмінам на пяць гадоў. [*]

Крыніца: БРЦ

Звесткі аб арганізацыях, якія фігуруюць у расследаванні

Пад кампаніяй «Брандсхандэль» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Брандсхандэль», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 193674952.

Пад кампаніяй Erop Group AG у гэтым матэрыяле разумеецца Erop Group AG, Zug, Switzerland (liq), краіна рэгістрацыі — Швейцарыя, CHE-114.064.834.

Пад кампаніяй «Глобалкастам» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Глобалкастам», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 192532549.

Пад кампаніяй Winshun Trade Limited ў гэтым матэрыяле разумеецца Winshun Trade Limited, краіна рэгістрацыі — Гон-Конг (Кітай), CR No. 2430604.

Пад «Матавела» ў гэтым матэрыяле разумеецца ААТ «Матавела», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 190017558.

Пад Мотавелазаводам у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «МВЗ», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 192542699.

Пад кампаніяй «Комплекс-Инвест» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Комплекс-Инвест», краіна рэгістрацыі — Расея, ИНН 7730265490.

Пад кампаніяй «Алексвіт лтд» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Алексвіт лтд», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 192200332.

Winshun Trade Limited фігуравала ў адным з папярэдніх расследаванняў БРЦ. Тады мы высветлілі, што кампанія выдала больш за $10 млн пазыкі прыватнай расейскай фірме «Комплекс-Инвест», якая, як мінімум станам на 2025 год, адказвала за будаўніцтва элітнага шале ў Сочы, як мяркуецца, для Аляксандра Лукашэнкі. То бок адна і тая ж кампанія ўдзельнічала ў схеме паставак матацыклаў, звязанай з атачэннем Віктара Шэймана, і паралельна фінансавала верагодна першую вядомую замежную рэзідэнцыю беларускага палітыка.

Пакуль Мотавелазавод губляў рынак

Схема з пастаўкамі кітайскіх матацыклаў разгортвалася ў момант, калі расейскі рынак перажываў бурны рост. Паводле дадзеных галіновай статыстыкі, калі ў 2022 годзе ў Расеі прадалі каля 15,5 тысячы новых матацыклаў, то да 2025-га — ужо больш за 51 тысячу. Адной з прычынаў можа быць поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну: эксперты амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны звярнулі ўвагу, што эндура, прыдатныя для язды па бездарожжы, пачалі закупляць для патрэбаў расейскага войска. Апроч таго, на фоне падаражэння аўтамабіляў расейцы сталі часцей абіраць мотатэхніку.

Для беларускага Мотавелазаводу гэта адкрывала магчымасць вярнуць пазіцыі на адным з ключавых рынкаў збыту. Тым больш, што прадпрыемства выпускае эндура-матацыклы, аналагічныя тым, якія фігуруюць у нашым расследаванні. Аднак скарыстацца гэтым ростам попыту завод не змог. Паводле дадзеных дзяржаўных медыяў, у 2024 годзе ён выпусціў усяго каля шасці тысячаў матацыклаў.

Дырэктар Мотавелазаводу Сяргей Манько ў размове з БРЦ сказаў, што не чуў пра пастаўкі «Брандсхандэля». Заяўлены мытны кошт у $200 на мадэль Hasky A10 PRO NX MSD ён назваў нерэалістычным.

«Мяркуючы па ўсім, калі там такі рухавік стаіць — на 43 кані, — вядома, кошт нерэальны. ... Ровар каштуе, блін, даражэй», — сказаў Манько.

Пры гэтым рынак Еўразійскага эканамічнага саюзу абаронены ад таннага імпарту з трэціх краінаў. На ўвоз матацыклаў дзейнічае мыта ў памеры 14-15% у залежнасці ад аб'ёму рухавіка. Яно павіннае рабіць кітайскую тэхніку даражэйшай і даваць перавагу вытворцам з краінаў ЕАЭС, у тым ліку Мотавелазаводу. Аднак факты з нашага расследавання дазваляюць выказаць здагадку, што частка імпарту афармлялася па штучна заніжаным кошце і перавага, якую павінна была забяспечваць мытная абарона, фактычна знікала. Замест таго каб умацоўваць пазіцыі беларускага вытворцы на рынку, які расце, на пастаўках кітайскіх матацыклаў зараблялі кампаніі, звязаныя з атачэннем Віктара Шэймана.

Мы накіравалі запыты ўсім фігурантам расследавання. На момант публікацыі ніводны з іх не адказаў.

Чаму Мотавелазавод так і не стаў моцным гульцом на рынку, БРЦ распавёў у расследаванні аб узлёце і падзенні «шклянога караля» Аляксандра Мураўёва.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць