Беларускія ўлады дазваляюць атрымліваць звышпрыбыткі набліжаным да іх кампаніям і асобам за кошт дзяржаўных прадпрыемстваў і бюджэту краіны. Гэта не раз даводзіў БРЦ у сваіх расследаваннях. Гэтым разам нам упершыню ўдалося адсачыць, куды пайшлі грошы, якія трапілі на іх рахункі. Прынамсі шэсць фірмаў уклалі мінімум $19,5 млн у будаўніцтва VIP-крэпасці пад Сочы, якую журналісты назвалі першай вядомай замежнай рэзідэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з ініцыятывамі «Рабочы Рух» і BelPol, выданнямі «Важные Истории», «Слідство.Інфо», «Радыё Свабода» і OCCRP, пры падтрыманні супольнасці ўкраінскіх хактывістаў KibOrg і беларускіх «Кіберпартызанаў», якія дапамаглі атрымаць дадзеныя пра фігурантаў расследавання.
Элітная будоўля
БРЦ здабыў унікальныя фота і відэаздымкі. На іх — маштабная будоўля ў «Красной Поляне», самым дарагім гарналыжным курорце Расеі. Пляцоўка месціцца на 10 га і мяжуе з прыродаахоўнай зонай, дзе будаваць ужо нельга. Дамы, якія там паўстаюць, узвышаюцца над рэштай элітнага пасёлку. Мы пабывалі тут двойчы — у ліпені і кастрычніку 2025 года. За амаль тры месяцы шмат, што змянілася.
На знятым матэрыяле бачныя чатыры катэджы. Тры звонку выглядаюць ужо амаль дабудаванымі, не хапае вокнаў і дзвярэй. Будаўнічыя матэрыялы, якія ў ліпені ляжалі побач у пакунках, папрыбіралі. Каля катэджаў бачныя цяжкавікі, экскаватары, бетонамяшалкі і іншая тэхніка.
На ўзгорку за дрэвамі хаваецца чацвёрты, самы вялікі, трохпавярховы катэдж. Да яго вядзе доўгая лесвіца. У гэтым будынку з ліпеня ўжо часткова з’явіліся вокны, з якіх адкрываецца від не толькі на курорт, але і на кіламетры горных хрыбтоў навокал. Падчас першага візіту недалёка ад галоўнага катэджу мы знялі яшчэ адзін даволі вялікі будынак. Тады гэта была толькі каробка, цяпер з’явіўся каркас даху.
Па ўсім перыметры пляцоўкі ўзвялі апоры для плоту, пралёты яшчэ не ўсталявалі. За агароджай з інтэрваламі ў некалькі дзясяткаў метраў размясцілі невялікія будынкі, якія выглядаюць як пасты аховы. Таксама ў кадр трапіў аб’ект, падобны на вялікі гараж. За тры месяцы ў яго з’явіўся дах, на які вывелі велічэзныя коміны вентыляцыі. Побач з гэтым будынкам падчас нашага другога візіту працавала тэхніка: экскаватар насыпаў зямлю ў самазвал.
Пляцоўка, якую вылучылі пад будаўніцтва, — няроўная, мае некалькі ярусаў. Будынкі ўзвышаюцца адзін над адным. Каб схілы не асыпаліся, рабочыя іх умацоўваюць металёвай сеткай.
Па ўсёй тэрыторыі раскіданыя колы для каналізацыйных калодзежаў (відаць, ідуць працы па пракладцы камунікацый), кучы будаўнічага смецця і валуноў. Шмат дзе можна заўважыць стосы будматэрыялаў. У некаторых месцах іх схавалі пад зялёны поліэтылен, у іншых — проста пакінулі пад адкрытым небам.
Дзе-нідзе на відэа трапляюцца блакітныя кабінкі з белымі дахамі. Гэта пераносныя прыбіральні. Іх паставілі ў розных месцах пляцоўкі, а не ў адным, верагодна, таму, што тэрыторыя вялікая и паход з адной кропкі ў іншую можа заняць да 15 хвілін.
Амаль скончаным выглядае тэхнічны будынак (мы ведаем, што гэта ачышчальная станцыя для вады). Каля яго ўсталявалі вежу пад антэну сотавай сувязі.
Дзе не лічаць грошы
На сайце сочынскіх інвестыцыйных праектаў указана, што тут будуюць гатэльны комплекс на 31 VIP-нумар. Ён будзе складацца з асноўнага будынку, трох VIP-катэджаў, гасцініцы з рэстаранам, садовага дому з зонай барбекю, гаражу на 5 мікрааўтобусаў і 5 легкавых аўто з пакоем адпачынку для кіроўцаў ды іншых збудаванняў, патрэбных для камфортнага жыцця і адпачынку.
Адказнае за будоўлю — ТАА «Комплекс-Инвест». Усе працы па плане павінны скончыцца да канца 2025 года.
Плошча галоўнага будынку, які мы знялі, амаль як палова стандартнага футбольнага поля для міжнародных гульняў — каля 3000 кв. м. У ім на цокальным паверсе будзе вялікі басейн, турэцкая і руская лазні, масажная, фітнес-зала, зона для адпачынку з барам, памяшканне для лыжаў і яшчэ каля 20 пакояў рознага прызначэння, у тым ліку для аховы.
На першым паверсе — фае плошчай 150 кв. м з сяміметровымі столямі. Там жа — банкетная зала, кінатэатр, камінны пакой з раялем, вялікі працоўны кабінет і яшчэ адзін пакой для аховы.
На другім паверсе месцяцца дзве гасцявыя спальні па 40 кв. м кожная і адна галоўная, якая разам з гасціннай займае 110 кв. м. У будынку нават прадугледжана ўсё неабходнае для жыцця і працы асобаў з абмежаванымі магчымасцямі — напрыклад, у вазку. [*]
Тры вілы побач саступаюць галоўнай па плошчы — яны па 700 кв. м, але ў кожнай таксама будзе басейн, лазня, сталовая і па чатыры спальні. [*] [*] [*] [*] Гасцініца з рэстаранам, якія згадваюцца ў апісанні праекту, зоймуць 1000 кв. м. [*] [*]
Маштаб будоўлі кажа пра тое, што ўласнікі «грошы не лічаць», сказаў у каментары БРЦ кіраўнік дызайн-студыі «Інтер'єр-Ідея» Паўло Радчанка. Стыль пабудовы ён акрэсліў як традыцыйныя для горных раёнаў Францыі і Швейцарыі шале.
«Тут няма эканоміі. … То бок, усе памяшканні максімальна вялікія, каб ужо задаволіць усе пажаданні і патрэбы. Каб яны былі яшчэ большымі, то проста ўжо было б сапраўды нязручна імі карыстацца», — дадаў адмысловец.
Комплекс за семю замкамі
Усё выглядае як райскі куток для VIP-турыста. Але, калі пачытаць дакумент з тэхнічнай спецыфікацыяй яго сістэмаў аховы, падаецца, што тут будуюць не VIP-гатэль, а VIP-крэпасць. Прадугледжаны супрацьпадкопны і супрацьтаранны сталёвы плот не ніжэй за 2,5 м з вострымі заканцоўкамі, шэсць пастоў аховы па перыметры ўчастку, асобны будынак для аховы з шасцю ложкамі для адпачынку і пакоем для зброі, сістэма выяўлення і падаўлення беспілотных лятальных апаратаў, метала- і рэнтген-дэтэктары, цеплавізары, камеры і сігналізацыя, сістэма радыёметрычнага кантролю і выяўлення радыёактыўных матэр’ялаў. [*] [*] [*] [*] [*]
Трапіць на тэрыторыю комплексу можна будзе праз шматтонную супрацьтаранную браму, якая спыніць нават гружаны цяжкавік на высокай хуткасці. [*]
Паводле былога ахоўніка першых асобаў Украіны, з якім на ўмове ананімнасці паразмаўляў журналіст БРЦ, гэта ўказвае на найвышэйшы ўзровень аховы будучых гасцей ці жыхароў:
«Па тэхнічных планах, якія прапісаны, гэта ўзровень людзей з велізарнымі грашамі, ці ўзровень прэзідэнта, прэм'ер‑міністра… Як правіла, калі робіцца ахова такога ўзроўню, праверку праходзіць кожны супрацоўнік. Ён прыходзіць на працу — ад таго, з чым ён прыйшоў, што ён прынёс, што ён вынес. То бок, называецца — аб’ект зарэжымлены».
Праз тры поціскі рукі
Вясной 2024 года расследавальнікі з ініцыятывы BelPol і журналісты тэлеканалу «Белсат» расказалі, што каля расейскага курорта ўзводзяць не комплекс для турыстаў, а першую публічна вядомую замежную рэзідэнцыю для Аляксандра Лукашэнкі.
Будаўніцтва гэтага аб’екта распачалося ў 2023-м. [*] [*] [*] За два гады да гэтага Лукашэнка сакрэтным загадам распарадзіўся прадаць за $13 млн з лішнім участак з уласнасці Рэспублікі Беларусь расейскай прыватнай фірме «Комплекс-Инвест». [*] А ў пачатку 2022-га знізіў кошт зямлі ў два разы — да $6,4 млн. [*] [*] [*]
Такім чынам, зямлю, якая належала дзяржаве, прадалі ў 20 разоў таней яе рынкавага кошту. Розніца вынікае з дакументу з рынкавай ацэнкай участку, які знайшлі журналісты БРЦ. Экспертызу замовіў новы ўласнік, каб прадставіць банку. [*] Яна вызначыла рэальную вартасць — $131 млн. Гэта значыць, ужо на першым этапе беларуская дзяржава недалічылася амаль $125 млн. Гэтых грошаў хапіла б на гадавыя выдаткі сістэмы аховы здароўя Гарадзенскай вобласці. І яшчэ б засталося на пабудову сучаснай паліклінікі і закуп 19 тамографаў коштам па паўмільёна долараў кожны.
Афіцыйнай уладальніцай кампаніі «Комплекс-Инвест» на момант продажу каштоўнага надзелу была пенсіянерка Алена Борцева. Яна — родная сястра жонкі набліжанага да сям’і Лукашэнкаў беларускага бізнесоўца Уладзіміра Япрынцава. Той з 1990-х быў намеснікам генеральнага дырэктара і саўладальнікам ТАА «Трайпл» — галоўнага актыву найважнейшага ў тыя часы «гаманца» Лукашэнкі, бізнесоўца Юрыя Чыжа. [*] То бок Борцева з’яўляецца часткай сям'і, якая ўваходзіла ў атачэнне кіруючай сям’і. Напрыклад, у 2011 годзе Япрынцавы запрасілі яе на 50-годдзе бізнесоўца, якое ён святкаваў у Турцыі. [*] На тым жа юбілеі прысутнічаў Дзмітрый Лукашэнка. [*]
Сярэдні сын Лукашэнкі вёў сумесны бізнес па збыце БелАЗаў у Расею з Юрыем Чыжом.
Пра тое, як яны выводзілі грошы з дзяржаўнага прадпрыемства, мы распавялі ў расследаванні «Сям'я Дзмітрыя Лукашэнкі замешаная ў аферы амаль на $200 млн».
Вызначылі мы і адкуль фірма «Комплекс-Инвест», якая, па дакументах, не займалася ніякай камерцыйнай дзейнасцю, брала сродкі на будоўлю магчымай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, гэтае пытанне турбавала не толькі журналістаў, але і расейскую Федэральную падатковую службу. У ліпені 2023 года на допыт у Маскве выклікалі генеральнага дырэктара «Комплекс-Инвеста» Аляксея Пруднікава. У яго спыталі, адкуль кампанія бярэ сродкі для дзейнасці. Пруднікаў адказаў — пазыкі. [*] [*]
З шасці сяброў па сто рублёў
Будуюць меркаваную крэпасць для Лукашэнкі і яго сям’і за кошт пазык ад прынамсі шасці фізічных і юрыдычных асоб. Некаторыя з іх — фігуранты ранейшых расследаванняў БРЦ. То бок гэтым разам мы выкрылі рух грошай кампаній, якія атрымлівалі звышпрыбыткі ад схем, магчымых з дазволу ці па ініцыятыве беларускіх уладаў.
За 17 дзён да куплі ўчастку ў пасёлку «Красная Поляна» «Комплекс-Инвест» атрымаў пазыку ад беларускага ТАА «Рэгіянальны Парадак». [*] [*] Сума пазыкі дакладна супадае з коштам, па якім 18 лютага 2022-га прадалі зямлю пад Сочы, — больш за $6 млн. Кіраваў кампаніяй на той момант грамадзянін Беларусі Вячаслаў Васільеў. У сваім расследаванні BelPol паведаміў, што Васільеў — супрацоўнік адзінай у Беларусі прыватнай ахоўнай кампаніі з правам насіць зброю «Гардсэрвіс». І «Гардсэрвіс», і «Рэгіянальны парадак» — кампаніі, звязаныя з экс-кіруючым справамі Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.
Каб даць магчымасць пракаментаваць гэтую інфармацыю, мы датэлефанаваліся да Вячаслава Васільева, але размова атрымалася кароткай. Журналіст БРЦ назваў імя і імя па бацьку суразмоўцы, той пацвердзіў, што гэта ён.
— Мы зараз гісторыю завяршаем і будзем публікаваць наконт фірмы «Комплекс-Инвест», да якой вы маеце дачыненне. Вы пазычаеце ёй вялікія сумы, — пачаў журналіст.
— Вы мяне з кімсьці паблыталі. Я ўвогуле не разумею, пра што вы гаворыце, — адказаў суразмоўца і, не даслухаўшы наступнае пытанне, развітаўся.
Грошы «Рэгіянальны Парадак», згодна з дамовай, пазычыў «Комплекс-Инвесту» пад адсоткі. Але плаціць фірме іх не давялося. У 2024 годзе правапераемнік гэтай пазыкі — ТАА «Клаудпэйментс бел» — прабачыла прыкладна $1,13 млн адсоткаў, якія набеглі за час карыстання сродкамі.
У лютым 2024 года, як даведаўся БРЦ, «Комплекс-Инвест» перапісалі на былога cупрацоўніка Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі — Аляксандра Раманоўскага. [*] [*] У гэтым жа годзе ён выдаў сваёй новай кампаніі пяць пазыкаў — агулам амаль $4 млн. У рэдакцыі ёсць фактуры і дамовы, якія сведчаць аб пазыках ад пэўных кампаній і людзей на суму не меней за $16,1 млн, але мы маем падставы меркаваць, што грошай было больш — прыблізна $19,5 млн на канец 2024 года.
Цесныя сувязі
У пералік спонсараў будаўніцтва меркаванага шале для Лукашэнкі трапіла расейскае ТАА «М.Р.И.С. Групп» — фірма зарэгістраваная ў падмаскоўным горадзе Электрасталь, якая займаецца рознымі відамі будаўніцтва і кіраваннем нерухомасцю. [*] Яна выдаткавала на комплекс амаль паўмільёна долараў.
Заснаваў фірму Віктар Жураўкоў, сын былой кіраўніцы справамі прэзідэнта Галіны Жураўковай. [*] Ён, па дадзеных на канец 2022 года, займаў пасаду намесніка дырэктара ў кампаніі «Комплекс-Инвест». [*] [*] БРЦ таксама высветліў, што ён апошнія гады працаваў у структурах, звязаных з Уладзімірам Япрынцавым.
Спроба ўзяць каментар у Жураўкова скончылася так сама, як і тэлефанаванне да Васільева. Гэта наводзіць на думку, што абодва былі падрыхтаваныя да нашых званкоў і абралі агульную стратэгію размовы. Калі журналіст БРЦ спытаў, ці на сувязі Віктар Уладзіміравіч, той адказаў станоўча, але, калі прадставіўся і задаў пытанне наконт меркаванай рэзідэнцыі ў «Красной Поляне», суразмоўца пачаў атакаваць:
— А вы ўпэўненыя, да каго вы звоніце?
— Я ў вас запытаўся, ці вы Віктар Уладзіміравіч. Жураўкоў Віктар Уладзіміравіч, так? — перапытаў журналіст.
— Правярайце наступны раз крыніцы, што вы тэлефануеце, каму тэлефануеце і па якіх пытаннях.
— Вы не Віктар Уладзіміравіч?
— Я Віктар, але не Віктар Уладзіміравіч.
Не атрымаўшы адказаў асабіста, мы накіравалі спадару Жураўкову і кампаніі «М.Р.И.С. Групп» пісьмовы запыт, які на момант публікацыі застаўся без рэакцыі.
Яшчэ паўтара мільёна долараў «Комплекс-Инвесту» у 2024 годзе пазычыла кіпрская кампанія Rostumel Holding Limited. [*] Мы згадвалі яе ў расследаванні пра тое, як фірмы, створаныя для абыходу санкцый, ператварылі дзяржаўнае ААТ «Гродна Азот» у крыніцу прыватнага ўзбагачэння. За адзін толькі 2024 год Rostumel Holding Limited ды іншыя кампаніі-пракладкі вывелі з прадпрыемства мінімум $35 млн.
За кіпрскай кампаніяй стаіць Андрэй Свірыдаў, былы намеснік Шэймана ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта. Ён займае ў Rostumel Holding Limited пасаду фінансавага дырэктара. [*]
Андрэй Свірыдаў таксама з’яўляецца сузаснавальнікам і да лютага 2024 года дырэктарам новай ценявой бізнес-імперыі Шэймана — ЗАТ «Вектар Капітал Груп». [*] [*] [*]
Ён фігураваў у нашым расследаванні пра абыход санкцый супраць «Беларуськалію» «Сляды вядуць да Шэймана. БРЦ знайшоў схемы абыходу санкцыяў па продажы ўгнаенняў і люксавых аўтаў».
Схема з лапкамі
Яшчэ адна з кампаній са спісу крэдытораў меркаванай рэзідэнцыі Лукашэнкі зарабіла грошы на кантрабандным рээкспарце турэцкіх курыных лапак праз Беларусь у Кітай — кітайская Winshun Trade Limited. Мы распавядалі пра гэта ў расследаванні «Першая беларуска-кітайская курыная вайна». Пекін выкрыў падман, спыніў схему і амаль цалкам закрыў рынак ад айчыннай кураціны. У выніку Беларусь недаатрымае блізу $140 млн. І гэтая сума працягвае расці.
Сярод уласнікаў Winshun Trade Limited значыўся беларус Сяргей Грабёнкін, пляменнік Сяргея Аношкі, звязанага са шкляным каралём Беларусі Аляксандрам Мураўёвым.
Winshun Trade Limited таксама мела бiзнес-стасункi з ЗАТ «Вектар Капітал Груп» пад кiраўнiцтвам Андрэя Свірыдава. Былы намеснік Шэймана падпісаў дамову з Winshun Trade Limited ад імя кампаніі «Вектар Капітал Груп» на аказанне кансультацыйных паслуг. Каштавалі яны $70 тыс. [*] [*]
Цягам чатырох апошніх гадоў кітайская фірма пазычыла будаўніку маёнтку пад Сочы мінімум 929 млн расейскіх рублёў або болей за $10 млн.
Эканаміст Сяргей Чалы патлумачыў, што згаданыя схемы (заробак коштам дзяржавы і фінансаванне патрэб уладаносцаў) пацвярджаюць паступовую прыватызацыю вертыкалі ўлады:
«Толькі гэта — першы выпадак, калі гэта адбываецца не падуладнымі Лукашэнкі, а ўласна Лукашэнкам. Калі зараз крадзеж адбываецца не ў дзяржаўную кішэню, а ў ягоную асабістую».
Расейскае ТАА «Домино» таксама фінансавала будаўніцтва — кампанія выдаткавала 8 млн расейскіх рублёў (амаль $117 тыс.). [*] Яе дырэктар, беларус Дзмітрый Жукоўскі, працаваў у фірме, звязанай з Шэйманам, — ТАА «Глобалкастам». Ён жа быў задзейнічаны і ў схеме з курынымі лапкамі. На тэлефанаванне журналіста БРЦ Жукоўскі адрэагаваў гэтаксама, як і Васільеў з Жураўковым: маўляў, ён — Дзмітрый Уладзіміравіч, але не той, і дачынення да апісанай намі справы не мае. Штопраўда, у кампаніі «Домино» нам пацвердзілі, што нумар, па якім мы тэлефанавалі, належыць Дзмітрыю Жукоўскаму. [*]
Не абышлося без Шэймана
Апошняе прадпрыемства з нашага спісу, якое выдавала пазыкi на будаўніцтва, — зарэгістраванае ў Расеі ТАА «Беван». [*] Яно займаецца пастаўкамі тавараў з Кітаю, перавозкамі, дапамагае з мытнымі працэдурамі і сертыфікацыяй. Пазыка кампаніі на фоне іншых крэдытораў даволі сціплая — 400 тыс. расейскіх рублёў ($5,4 тыс), але яе ўклад безадсоткавы.
«Беван» таксама мела гандлёвыя сувязі з Winshun Trade Limited. А у заробкавых ведамасцях расейскай фірмы згадваецца прозвішча грамадзяніна Беларусі Юрыя Грышука. Паміж 2013 і 2018 гадамі ён працаваў у дзвюх кампаніях, звязаных з Віктарам Шэйманам, — «Глобалкастам» і ТАА «Белферумгруп». [*] Родная сястра Грышука — Таццяна Аношка. Яна разам з мужам уваходзіць у кола самых давераных менеджараў былога кіраўніка справамі прэзідэнта.
Таццяна Аношка займала пасаду дырэктара «Глобалкастам» — першай вядомай прыватнай фірмы з імперыі Віктара Шэймана. [*] [*] Яе муж Сяргей Аношка, як і згаданы Андрэй Свірыдаў, сузаснавальнік «Вектар Капітал Груп», якую кантралюе Шэйман.
На студзень 2024 году галоўнай бухгалтаркай у гэтай фірме працавала Ганна Грышук — прыёмная дачка таго Грышука, што атрымлівае заробак у расейскай фірме «Беван».
Як і з папярэднімі фігурантамі нашага расследавання, тэлефонная размова з Юрыем Грышуком скончылася нічым. Суразмоўца заявіў, што ён не Юрый Васільевіч, пасля таго, як высветліў, хто і па якім пытанні яму тэлефануе.
Больш, чым у Пуціна
Мы далі магчымасць кампаніям і людзям, пералічаным у гэтым расследаванні, патлумачыць, навошта яны фінансавалі будаўніцтва аб'екту ў Сочы. Аднак на момант выхаду расследавання без адказу засталіся не толькі званкі, але і лісты. Замест іх верагодныя матывы ўдзельнікаў схемы патлумачыла ў каментары БРЦ Алёна Вандышава, дырэктарка «Трансперенси Интернешнл — Россия в изгнании»:
«Выгода такой схемы звычайна ў тым, што ўсё пад кантролем. Аўтарытарныя кіраўнікі, у асаблівасці, лічаць, што няма нічога, што можа пайсці не так, не павінна быць нічога непрадказальнага. А каб усё было пад кантролем, павінныя быць падкантрольныя асобы, падкантрольныя кампаніі. Менавіта таму выбіраюцца такія набліжаныя, тыя, каму давяраюць, тыя, хто ўжо зарэкамендаваў сябе. Найчасцей гэта ўжо не першы кантракт, не першая сітуацыя, калі пэўная маёмасць, пэўныя актывы выкарыстоўваюцца ў такіх схемах, паколькі гэта гарантуе бяспеку, гэта гарантуе прадказальнасць і кіруемасць».
Паводле дадзеных на сярэдзіну 2025 года, пералічаныя ў рассследаванні кампаніі пазычылі на будаўніцтва шале прынамсі $35 млн, з якіх $19,5 млн ужо патрацілі.
Пры бліжэйшым разглядзе падаецца, што нават у гаспадара Крамля запатрабаванні больш сціплыя. Мы параўналі выдаткі на палац Уладзіміра Пуціна пад Геленджыком і меркаваную рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі пад Сочы. Першая, па падліках ФБК, каштавала $1,35 млрд. Але варта ўлічыць памеры эканомік дзвюх краінаў: ВУП Беларусі — $76 млрд, а Расеі — амаль $2,2 трлн. То бок рэсурсаў у Менску ў 29 разоў меней, чым у Масквы, а маёнтак у «Красной Поляне», калі ўлічыць цану зямлі і цяперашнія выдаткі на будоўлю, усяго ў 9 разоў таннейшы за палац Пуціна. І гэты разрыў можа скараціцца, бо працы над iмавернай рэзідэнцыяй Лукашэнкі яшчэ не скончыліся.