Гандлёвы дом «Белорусские станки» пастаўляе абсталяванне расейскім абаронным прадпрыемствам. Сярод яго кліентаў — каля трыццаці прадпрыемстваў ВПК РФ, якія толькі цягам другой паловы 2025 года пералічылі кампаніі амаль мільён долараў. Абсталяванне з Беларусі Гандлёваму дому пастаўляе «ТрэйдСэрвісГруп». Абедзве кампаніі звязаныя агульнымі ўладальнікамі-беларусамі.

Матэрыял падрыхтаваны пры дапамозе ініцыятывы «Рабочы Рух» і падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Гандлёвы дом «Белорусские станки» зарэгістраваны ў Смаленску і на сайце называе сябе афіцыйным дылерам дзевяці беларускіх станкабудаўнічых заводаў. Ён таксама праводзіць прэзентацыі беларускага абсталявання для прадстаўнікоў расейскага ваенна-прамысловага комплексу. У красавіку 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць Гандлёвага дому. У санкцыйных спісах іншых краінаў на момант публікацыі кампаніі не было, хоць сярод яе кліентаў у апошнія гады былі Канцэрн «Калашников», ЛОМО, НПО «Алмаз», Воткінскі завод — усяго не менш за 27 прадпрыемстваў расейскага ВПК.

Сама кампанія ў лісце партнёрам ад чэрвеня 2026 года, [*] які мы атрымалі дзякуючы ініцыятыве «Рабочы Рух», пералічыла холдынгі і карпарацыі расейскага ВПК, з якімі супрацоўнічае: «Ростех», «Тактическое ракетное вооружение», «Высокоточные комплексы», «Объединенная приборостроительная корпорация» і іншыя. У лісце падкрэслілі, што Гандлёвы дом супрацоўнічае з «заводамі-вытворцамі і пастаўшчыкамі, размешчанымі ў краінах Азіі, Еўразвязу і ЗША», і прадставілі спіс з 42 брэндаў замежных партнёраў.

Іншыя дакументы, атрыманыя БРЦ ад ініцыятывы «Рабочы Рух», паказваюць, што толькі ў другой палове 2025 года Гандлёваму дому паступалі плацяжы ад 20 прадпрыемстваў расейскага ваенна-прамысловага комплексу. За гэты час яны пералічылі дылеру 79,3 млн расейскіх рублёў — каля $988 тыс. Найбуйнейшым плацельшчыкам стаў вытворца стралковай зброі «Завод имени В. А. Дегтярева». За паўгода ён двума плацяжамі пералічыў кампаніі 46 млн расейскіх рублёў — каля $573 тыс. Яшчэ два найбуйнейшыя кліенты «Белорусских станков» — Канцэрн «Калашнікаў» і ЛОМО, вытворца оптыка-механічных і оптаэлектронных прыбораў. Гэтыя кампаніі разам перавялі Гандлёваму дому 24,5 млн расейскіх рублёў (каля $300 тыс.).

За якія менавіта тавары ці паслугі плацілі абаронныя прадпрыемствы, нам вызначыць не ўдалося. Падрабязнасці некаторых больш ранніх угодаў раскрываюць судовыя дакументы. У архіве расейскіх арбітражных судоў БРЦ знайшоў не менш за восем справаў за 2023—2026 гады, у якіх ГД «Белорусские станки» судзіўся з прадпрыемствамі расейскага ВПК.

Станкі нямецкага брэнду для расейскага ваенпраму

З судовых дакументаў вынікае, што Гандлёвы дом пастаўляў расейскім абаронным прадпрыемствам не толькі станкі беларускіх брэндаў, але і еўрапейскіх. 18 чэрвеня 2023 года кампанія падпісала дамову з вытворцам боепрыпасаў «Ново-Вятка» на пастаўку шырокаўніверсальных фрэзерных станкоў OPTImill MT 200 нямецкага брэнду Optimum. [*]

Еўразвяз паэтапна забараняў экспарт у Расею розных мадэляў станкоў з красавіка 2022 да чэрвеня 2023 года. Калі менавіта OPTImill MT 200 патрапілі ў Расею, БРЦ вызначыць не ўдалося. Таму мы не можам сцвярджаць, што гэтая ўгода сведчыць аб пастаўцы ў абыход еўрапейскіх санкцыяў. У адным з папярэдніх расследаванняў БРЦ высветліў, што станкі таго ж нямецкага брэнду траплялі ў Расею наўпрост з Кітая, дзе вырабляліся.

У іншым выпадку нам удалося вызначыць пастаўшчыка абсталявання. Мытныя звесткі паказваюць, што ў верасні 2023 года Гандлёвы дом атрымаў з Беларусі два стужачна-паліравальныя станкі IMM 72713 нямецкай кампаніі IMM Maschinenbau. Такое абсталяванне выкарыстоўваецца ў авіябудаванні для шліфавання турбінных лапатак. У ліпені 2023-га Гандлёвы дом зарэгістраваў дэкларацыю аб адпаведнасці ЕАЭС для продажу гэтай мадэлі на расейскім рынку. [*] Пры гэтым Еўразвяз забараніў пастаўляць гэтую мадыфікацыю ў Расею за пяць месяцаў да гэтага. Аналагічную забарону ў дачыненні да Беларусі ўвялі пазней — 1 ліпеня 2024 года.

«Для некаторых заходніх кампанентаў у выніку санкцыяў кошт вырас у разы, але нават гэта не заўсёды прымушае кампаніі расейскага ВПК разглядаць аналагі. Адносна станкоў, відавочна, санкцыйны ціск яшчэ не прывёў да такога мультыплікатара да кошту, пры якім ім будзе выгадна разгледзець замену», — распавяла ў каментары БРЦ адна з кіраўнічак Цэнтру абаронных даследаванняў Кіеўскай школы эканомікі Алена Белаўсава.

Паставіла станок «ТрэйдСэрвісГруп», зарэгістраваная ў Віцебску. З вывучаных БРЦ мытных дадзеных вынікае, што гэтая кампанія была пастаўшчыком прадукцыі ГД «Белорусские станки» з-за межаў Расеі.

Еўрапейскія кампаненты дэманструюцца і ў каталозе на сайце Гандлёвага дому. Кампанія прапануе станкі з прадукцыяй французскай Schneider Electric, нямецкіх Bosch Rexroth і Siemens.

«Калі заказчык просіць Siemens, працуем і з Siemens. Напэўна, гэта самая развітая сістэма ў свеце на дадзены момант. Але! Падтрымка ліцэнзійнага забеспячэння, доўгія тэрміны пастаўкі кампанентаў і магчымасць тэхпадтрымкі ў шэрагу краінаў пакідае жадаць лепшага», — гаворыцца на сайце кампаніі.

Тыя ж уладальнікі па абодва бакі мяжы

Расейскі ГД «Белорусские станки» і беларускую «ТрэйдсСэрвісГруп» звязваюць агульныя ўладальнікі. Адзін з іх — Сяргей Лабацэвіч, дзеючы беларускі футбольны суддзя. У другой палове 2000-х ён працаваў на віцебскім станкабудаўнічым заводзе «Вістан». Ягоны партнёр па бізнесе Сяргей Фадзееў таксама звязаны з футболам: у 2005 годзе ён правёў сезон за ФК «Орша» ў другім дывізіёне чэмпіянату Беларусі.

Сяргей Лабацэвіч (у цэнтры) на чале футбольнай судзейскай брыгады. Памочнікі галоўнага арбітра – супрацоўнікі ГД «Беларускія станкі» Юры Хомчанка (злева) і Кірыл Пакулін (справа)
Крыніца: Сайт футбольнага клуба «Іслач». Сяргей Лабацэвіч (у цэнтры) на чале футбольнай судзейскай брыгады. Памочнікі галоўнага арбітра – супрацоўнікі ГД «Белорусские станки» Юры Хомчанка (злева) і Кірыл Пакулін (справа).

На момант публікацыі Фадзееў кіруе віцебскай «ТрэйдСэрвісГруп». Саўладальнікі кампаніі — жонка Фадзеева Вольга і Сяргей Лабацэвіч. У Расеі, апроч ГД «Белорусские станки», Сяргей Фадзееў валодае долямі яшчэ ў трох фірмах: ГД «Белимпорт», «Бел-логистик» і «Евроцеминвест». У першых двух ягоным бізнес-партнёрам з'яўляецца Сяргей Лабацэвіч.

Звесткі аб арганізацыях, якія фігуруюць у расследаванні: 

Пад кампаніяй Гандлёвы дом «Белорусские станки» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Торговый дом «Белорусские станки», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 6732043677.

Пад кампаніяй «ТрэйдСэрвісГрупп» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «ТрэйдСэрвісГрупп», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 391278329.

Пад Канцэрн «Калашников» у гэтым матэрыяле разумеецца АТ «Концерн «Калашников», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 1832090230.

Пад кампаніяй ЛОМО у гэтым матэрыяле разумеецца АТ «ЛОМО», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7804002321.



Пад кампаніяй НПО «Алмаз» у гэтым матэрыяле разумеецца ПАТ «НПО «Алмаз», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7712040285.

Пад Воткінскі завод у гэтым матэрыяле разумеецца АТ «Воткинский завод», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 1828020110.

Пад кампаніяй «Ростех» у гэтым матэрыяле разумеецца Дзяржаўная карпарацыя «Ростех», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7704274402.

Пад кампаніяй «Тактическое ракетное вооружение» у гэтым матэрыяле разумеецца АТ «Корпорация «Тактическое ракетное вооружение», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 5099000013.

Пад кампаніяй «Высокоточные комплексы» у гэтым матэрыяле разумеецца АТ «НПО «Высокоточные комплексы», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7704721192.

Пад «Объединенной приборостроительной корпорацией» у гэтым матэрыяле разумеецца АТ «ОПК», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7704859803.

Пад «Заводом имени В. А. Дегтярева» у гэтым матэрыяле разумеецца АТ «ЗИД», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 3305004083.

Пад кампаніяй «Ново-Вятка» у гэтым матэрыяле разумеецца АТ «Ново-Вятка», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 4345029946.

Пад кампаніяй IMM Maschinenbau у гэтым матэрыяле разумеецца IMM Maschinenbau GmbH, краіна рэгістрацыі — Нямеччына, рэгістрацыйны нумар HRB 755033.

Пад кампаніяй «Вістан» у гэтым матэрыяле разумеецца ААТ «Вістан», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 300029332.

Пад ГД «Белимпорт» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА ГД «Белимпорт», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 6732073142.

Пад кампаніяй «Бел-Логистик» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Бел-Логистик», краіна рэгістрацыі — Расея, ИНП 6732146129.

Пад кампаніяй «Евроцеминвест» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Евроцеминвест», краіна рэгістрацыі — Расея, ІНП 7743324008.

Журналіст БРЦ патэлефанаваў абодвум бізнесоўцам, але тыя адмовіліся ад каментара. БРЦ таксама накіраваў Гандлёваму дому «Белорусские станки» і кампаніі «ТрэйдСэрвісГруп» пытанні аб супрацы з прадпрыемствамі расейскага ваенна-прамысловага комплексу і пастаўках еўрапейскага абсталявання. На момант публікацыі адказы не паступілі.

Іншыя Расследаванні
«У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Расследаванні «У Дэбальцава СДЭК хадзіў, у ЛНР». Беларуская кампанія з эстонскім капіталам пастаўляе крываспынныя сродкі на патрэбы расейскай арміі
Журналіст пад прыкрыццём атрымаў зніжку на дастаўку гемастатыка расейскім вайскоўцам на акупаваныя тэрыторыі Украіны.
24 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць