Нягледзячы на абмежаванні ЕЗ на экспарт радыёнавігацыйнага абсталявання ў Беларусь і Расею, тавары заходніх брэндаў працягваюць паступаць на беларускі і расейскі рынкі. БРЦ прасачыў адзін з такіх маршрутаў на прыкладзе GPS-трэкераў літоўскай Teltonika. Абсталяванне гэтага вытворцы паступала беларускай кампаніі ад расейскай, якая набывала тавар у тым ліку праз трэцюю краіну. Пры гэтым сама беларуская кампанія працягвала прадаваць трэкеры Teltonika расейскаму пакупніку.
Расследаванне падрыхтаванае пры падтрымцы ініцыятывы «Рабочы Рух», у партнёрстве з Цэнтрам расследавальніцкай журналістыкі Siena.
Teltonika сышла, электроніка засталася
«З [прадукцыяй] Teltonika мы працуем, Teltonika у нас ёсць», — гэта словы супрацоўніка беларускай «БелТрансСпадарожнік», якая пазіцыянуе сябе як IT-кампанію ў галіне кіравання транспартам. Журналістка БРЦ паразмаўляла з ім, назваўшы сябе патэнцыйнай пакупніцай.
Група Teltonika — літоўскі тэхналагічны гігант, які вырабляе GPS-трэкеры, датчыкі і іншыя сістэмы маніторынгу транспарту. Экспарт радыёнавігацыйнай апаратуры ў нашую краіну ЕЗ забараніў у жніўні 2023 года — «у сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны». Аднак «БелТрансСпадарожнік» працягвае з ёй працаваць, распавёў суразмоўца журналістцы БРЦ. Хоць цяпер толькі на замову і ўжо не ў тых аб'ёмах, як было раней, удакладніў ён:
«Teltonika — гэта тое абсталяванне, якое, як правіла, мы падключаем, ставім на цягачы ў тых выпадках, калі гэта міжнародныя перавозкі, калі кліенту трэба падключэнне да тахографу (прылада, якая фіксуе хуткасць, прабег аўтамабіля, час працы кіроўцы і іншыя паказнікі — рэд.)».
«БелТрансСпадарожнік» мае дзейную з 2025 па 2030 год беларускую дэкларацыю адпаведнасці на аўтамабільныя трэкеры Teltonika серыі FMC, якія могуць працаваць у сетцы 4G. І гэта нягледзячы на тое, што пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Teltonika абвясціла аб выхадзе з рынкаў Беларусі і Расеі. Са словаў заснавальніка брэнда Арвідаса Паўкшціса літоўскай тэлекампаніі LRT, арганізацыя разарвала сувязі з кліентамі ў гэтых краінах, а новыя мадэлі наладзілі так, каб яны не маглі працаваць на іх тэрыторыі. Пры гэтым у размове з журналісткай БРЦ супрацоўнік «БелТрансСпадарожнік» сказаў, што складанасцяў з абслугоўваннем на тэрыторыі Беларусі ў кампаніі няма:
«З Teltonika у Беларусі праблема не абслугоўваць, абслугоўваць мы можам і абслугоўваем, большая частка [нашых] кліентаў з ёй працуюць, а менавіта [праблема] з пастаўкамі».
Як відаць, праблемы з пастаўкамі «БелТрансСпадарожнік» развязвае, набываючы тавар цяпер не наўпрост у еўрапейскіх суседзяў. Як мінімум да лютага 2025 года трэкеры кампаніі пастаўляла расейская «Лаборатория интернета вещей». У верасні 2023 года яна атрымлівала электроніку з маркіроўкай Teltonika ад гон-конгаўскай Sinalex.
Sinalex ужо фігуравала ў расследаванні літоўскай тэлекампаніі LRT аб пастаўках прадукцыі Teltonika у Расею. Сярод іншых пастаўшчыкоў журналісты называлі турэцкія Aavat Endustriyel Sistemleri і Olimpik Gama Logistics. Пры гэтым у каментары LRT вытворца не выключыў, што ягоны брэнд маглі незаконна выкарыстоўваць на прадукцыі, вырабленай іншымі кампаніямі.
З Расеі — і назад
«БелТрансСпадарожнік» не толькі набывае абсталяванне з маркіроўкай Teltonika у Расеі, але і сама пастаўляе прылады гэтага брэнда на расейскі рынак. З сакавіка 2023 па сакавік 2025 года беларуская кампанія прадала туды 345 GPS-кантролераў і аўтамабільных трэкераў Teltonika на агульную суму больш за $100 тыс. Усе пастаўкі атрымала смаленская «Евросвязь» — кампанія, у якой працуюць два чалавекі.
Пры гэтым кошт, па якім «БелТрансСпадарожнік» пастаўляў у Расею некаторыя мадэлі абсталявання, мог прыкладна ўдвая перавышаць кошт закупу ў Расеі прылад тых жа мадэляў. Напрыклад, у сакавіку 2025 года «Евросвязь» за 45 трэкераў Teltonika FMC650 заплаціла $17677 — каля $393 за прыладу. Месяцам раней «БелТрансСпадарожнік» набыў трэкеры такой жа мадэлі па $186 за штуку. На еўрапейскіх маркетплэйсах прылады гэтай мадэлі праз паўтара года можна набыць яшчэ танней — каля $145 за штуку. [*] [*]
Такі тавараабарот адбываецца на фоне санкцыйных абмежаванняў не толькі супраць Беларусі. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Еўразвяз забараніў экспартаваць у Расею радыёнавігацыйнае абсталяванне, якое часта неабходнае ў лагістыцы. У 2024 годзе падобныя абмежаванні ўвялі ЗША і Вялікая Брытанія.
Прычынай трапляння GPS-трэкераў і ў цэлым радыёнавігацыйнага абсталявання ў санкцыйныя спісы можа быць магчымасць іх выкарыстання ў ваеннай сферы, сказаў у каментары БРЦ Фрэдэрык Брунэта, кіроўны дырэктар кансалтынгавай групы Ptolemus, якая займаецца тэлематычнымі тэхналогіямі.
«[GPS-прылада] падыходзіць для любога транспартнага сродку, які рухаецца, або яго можна нават пакласці ў торбу. Па сутнасці, яно выкарыстоўваецца для вызначэння месцазнаходжання чаго заўгодна: гэта можа быць кантэйнер, цяжкавік, аўтамабіль, танк, ровар — гэта значыць яго можна ўжываць дзе заўгодна. Вядома, яго можна выкарыстоўваць і ў дроне».
Да і пасля званка БРЦ
Прадукцыяй Teltonika у Беларусі гандлюе не толькі «БелТрансСпадарожнік». Абсталяванне брэнда прапануе і «Віссэн» — невялікая кампанія, якая займаецца транспартным маніторынгам і абсталяваннем аўтамабіляў электроннымі модулямі.
У пачатку жніўня гэтага года «Віссэн» называла сябе на сваім сайце афіцыйным залатым партнёрам адной з кампаніяў групы Teltonika, Teltonika Telematics. Пасля адпраўкі журналісцкага запыту кампаніі мы заўважылі, што апісанне змянілася: на старонцы з'явілася ўдакладненне, што партнёрам літоўскай кампаніі «Віссэн» была толькі да канца 2022 года. Такі статус, паводле актуальнага апісання на сайце, дазваляе ёй прадаваць і ўсталёўваць навігацыйныя тэрміналы Teltonika, наладжваць і дыягнаставаць іх, а таксама праводзіць гарантыйны і паслягарантыйны рамонт.
Пры гэтым мы знайшлі сведчанні працы «Віссэн» з прадукцыяй Teltonika і пасля 2022 года. На сайце беларускай кампаніі дагэтуль дэманструецца абсталяванне брэнда. А ў верасні 2023 года Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі зарэгістраваў чатыры мадэлі GPS-трэкера Teltonika у якасці навігацыйнага рэсурсу. У рэгістрацыйных дакументах уласнікам рэсурсу паказаны «Віссэн», вытворцам прылады — Teltonika Telematics.
У 2022—2023 гадах «Віссэн», паводле звестак аб імпарце кампаніі, завезла ў Беларусь каля 1770 трэкераў вытворчасці Teltonika Telematics. На іх кампанія атрымала беларускія дэкларацыі адпаведнасці. Вызначыць, адкуль менавіта абсталяванне трапляла ў Беларусь, БРЦ не ўдалося.
Звесткі аб арганізацыях, якія фігуруюць у расследаванні:
Пад групай Teltonika у гэтым матэрыяле разумеецца UAB Teltonika IoT Group. Краіна рэгістрацыі — Літва. Рэгістрацыйны код 124429895.
Пад Teltonika Telematics у гэтым матэрыяле разумеецца UAB Teltonika Telematics. Краіна рэгістрацыі — Літва. Рэгістрацыйны код 305578349.
Пад «БелТрансСпадарожнік» у гэтым матэрыяле разумеецца ПУП «Белтрансспадарожнік». Краіна рэгістрацыі — Беларусь. Рэгістрацыйны нумар — 190604746.
Пад «Віссэн» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Віссэн». Краіна рэгістрацыі — Беларусь. Рэгістрацыйны нумар 193339631.
Пад «Лаборатория интернета вещей» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Лаборатория интернета вещей» (ранейшая назва: ТАА «Иван Глонассов ЭКСП»). Краіна рэгістрацыі — Расея. Рэгістрацыйны нумар 7804605305.
Пад Sinalex у гэтым матэрыяле разумеецца SINALEX LIMITED. Краіна рэгістрацыі — Кітай (Гон-Конг).
Пад Aavat Endustriyel Sistemleri у гэтым матэрыяле разумеецца кампанія Avat Endustriyel Sistemleri Ic Ve Dis Ticaret Limited Sirketi (Avat Endüstri̇yel Si̇stemleri̇ İç Ve Diş Ti̇caret Li̇mi̇ted Şi̇rketi̇). Краіна рэгістрацыі — Турцыя. Рэгістрацыйны нумар 394880-5.
Пад Olimpik Gama Logistics у гэтым матэрыяле разумеецца Olimpik Gama Ic Ve Dis Ticaret Sanayi Limited Sirketi (Oli̇mpi̇k Gama İç Ve Diş Ti̇caret Sanayi̇ Li̇mi̇ted Şi̇rketi̇). Краіна рэгістрацыі — Турцыя. Рэгістрацыйны нумар 693447-0.
Гандаль пасля забароны
Замяніць еўрапейскія трэкеры Беларусь і Расея могуць расейскімі або кітайскімі аналагамі, але важна ўлічваць сумяшчальнасць такіх альтэрнатываў з праграмным забеспячэннем, якое выкарыстоўвае пэўная кампанія. Як патлумачыў у каментары БРЦ Антон Тананаеў, вядучы распрацоўшчык платформы GPS-трэкінгу Traccar, хоць большасць платформаў падтрымліваюць прылады з Расеі і Кітая, у электронікі Teltonika ёсць свае перавагі.
«Прылады Teltonika агулам лічацца больш надзейнымі. З пункту гледжання магчымасцяў супастаўныя альтэрнатывы існуюць, але яны не будуць такімі ж таннымі. Вельмі танныя кітайскія прылады звычайна маюць вельмі абмежаваны функцыянал і вядома менш надзейныя».
Пастаўкі Teltonika — частка больш шырокага патоку заходняй радыёнавігацыйнай электронікі з Беларусі ў Расею. Паводле звестак, якія мы маем, са студзеня 2022 па чэрвень 2025 года беларускія кампаніі паставілі туды GPS-кантролераў, трэкераў, навігацыйных сістэмаў і іншага абсталявання заходняй вытворчасці больш чым на $400 тыс. Сярод іх былі як новыя, так і былыя ва ўжыванні тавары. Не ўсе гэтыя пастаўкі абавязкова сведчаць аб абыходзе санкцыяў: забароны розных краінаў уводзіліся ў розны час і распаўсюджваліся на розныя катэгорыі абсталявання.
БРЦ скіраваў журналісцкія запыты кампаніям «БелТрансСпадарожнік», «Віссэн», Sinalex і групе Teltonika, а таксама кіраўнікам арганізацый «Лаборатория интернета вещей» і «Евросвязь». На момант публікацыі мы не атрымалі ад іх адказу.