Пра Літву, дабрабыт якой пацярпеў праз забарону транзіту беларускіх угнаенняў, палітолаг і грамадскі дзеяч Юрый Васкрасенскі распавёў падчас стрыму Рыгора Азаронка 5 лютага 2025 года.
«Вось гэты еўрапейскі тыгр — Літва, яна заўсёды была, мякка кажучы, небагатай дзяржавай. Пасля таго як Трамп замарозіў дапамогу на 90 дзён і пасля таго як 30% даходаў іх бюджэту ў выніку блакавання паставак беларускіх калійных угнаенняў праз іх тэрыторыю накрыліся медным тазам, яна стала ўжо не проста небагатай, а жабрацкай», — канстатаваў госць праграмы «Азаронак. Наўпрост».
Спыненне транзіту беларускіх угнаенняў, паводле папярэдняй ацэнкі кіраўніка «Літоўскай чыгункі» ў 2021 годзе, магло вымагаць ад дзяржавы выдзялення €60 млн дадатковых субсідыяў для кампаніі. Па факце ў 2022 годзе чыгунка атрымала дапамогу на €100 млн больш, чым годам раней. Чысты прыбытак кампаніі за першы год дзеяння санкцый скараціўся на €22 млн. Але за 2023 год амаль аднавіўся.
Страты Клайпедскага порта папярэдне ацэньваліся ў €18 млн. У выніку ж за першы год пасля ўвядзення санкцый ён недаатрымаў €6 млн чыстага прыбытку, за другі — €3 млн.
Даходная частка бюджэту Літвы пасля ўвядзення санкцый нават вырасла — на €2 млрд у 2022 годзе. У 2024 годзе ў казну краіны паступіла каля €17 млрд.
Пасля спынення транзіту беларускіх угнаенняў літоўская эканоміка не толькі не абвалілася, але і працягнула расці. У 2022 годзе ВУП краіны вырас на 2,4% — да €67,4 млрд, што супастаўна з ВУП утрая большай Беларусі. У 2023 годзе ВУП Літвы перавысіў беларускі: $77,84 млрд супраць $71,86 млрд. Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, эканоміка Літвы працягне расці і ў 2025 годзе.