Пра сувязь росту колькасці мільянераў і заробку на вайне дэпутат беларускага парламенту Аляксандр Шпакоўскі распавёў у эфіры СБТБ 9 кастрычніка 2025 года:
«Колькасць мільянераў, то бок людзей, якія зарэгістравалі прыбытак вышэй за 1 мільён грыўняў, [вырасла]. Мы разумеем, што гэта планка, насамрэч, там велізарныя грошы. Павялічылася па выніках мінулага года на 64%. А ўвогуле, украінскія мільянеры заплацілі толькі падаткаў 6 млрд долараў. Мы разумеем, што ва Украіне склалася праслойка вельмі вузкая, у адрозненні ад усяго іншага насельніцтва, якое знаходзіцца, так бы мовіць, у сацыяльна недабрабытным становішчы па большай частцы».
Па афіцыйнай статыстыцы, ва Украіне ў 2024 годзе колькасць мільянераў у параўнанні з 2023-м сапраўды вырасла — з 11 тыс. да 17 тыс. з лішнім. Аднак гаворка ідзе пра грыўневых мільянераў. Гадавы прыбытак у 1 млн грыўняў — гэта меней за $25 тыс. То бок мільянерам ва Украіне робіцца кожны, хто атрымлівае прыбытак звыш $2 тыс. у месяц.
У суме ўкраінскія мільянеры выплацілі больш за 8 млрд грыўняў падаткаў. Гэта каля $200 млн, а не $6 млрд, як сказаў Шпакоўскі. Ён, відаць, пераблытаў грыўні з доларамі.
Людзі, якія зарабляюць $2 тыс. у месяц, нават па мерках беларускіх падатковых органаў не лічацца багатымі. У Беларусі багацце пачынаецца з гадавога прыбытку больш за 220 тыс. рублёў (каля $74 тыс. па курсе на 15 верасня 2025 года). Для такіх платнікаў з 2024 года ўвялі падвышаны падатак на звышпрыбытак. У гэту катэгорыю трапілі тыя, хто зарабляе больш за $5 тыс. у месяц.
Па ацэнках беларускіх падаткавікоў, у нашай краіне людзей са звышпрыбыткамі — каля 10 тысяч чалавек.