Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Цяжкасці перакладу ад СБ: як кватэры польскіх гараджанаў ператварыліся ў жытло без душа і прыбіральні
У Беларусі адсотак жытла без выгод вышэй, чым у суседзяў.
Супрацоўніца холдынгу «СБ. Беларусь сёння» Алёна Красоўская параўнала жыллёвыя ўмовы палякаў і беларусаў і прыйшла да высновы, што ў нашых суседзяў яны значна горшыя. Каманда Weekly Top Fake праверыла дадзеныя і знайшла памылку ў высновах.
Як звычайныя грамадзяне Еўразвязу галеюць і апускаюцца на самае дно праз «шалёную мілітарызацыю і фінансавыя запыты Украіны, якія ўзрастаюць», супрацоўніца холдынгу «СБ. Беларусь сёння» Алёна Красоўская напісала ў матэрыяле, апублікаваным 3 кастрычніка 2025 года. У прыклад яна прывяла Польшчу, дзе нібыта жыллёвыя ўмовы горш, чым у Беларусі.
«Амаль 800 тысяч кватэр у Польшчы дагэтуль не маюць прыбіральні, 400 тысяч — вадавода, каля 1 мільёна — ваннага пакоя. Яшчэ раз звяртаю ўвагу: гаворка ідзе пра кватэры, а не пра хаты дзесьці ў глухіх вёсках. Хоць сёння ў Беларусі і прыватныя хаты ніхто без санвузла ўсярэдзіне не будуе. Беларусы могуць сабе гэта дазволіць, а вось палякі і ў кватэры не заўсёды маюць мінімальныя выгоды. І гэта ў сучаснай еўрапейскай краіне…» — напісала Красоўская.
Напэўна, аўтарка тэксту пераклала слова mieszkanie з польскага як кватэра. Галоўнае статыстычнае кіраванне Польшчы пад ім мае на ўвазе кожнае жылое памяшканне. Паводле дадзеных польскай статыстыкі, увесь жылы фонд краіны — 16 млн жылых памяшканняў. Гэта як кватэры ў шматкватэрных дамах, гэтак і хаты на адну сям'ю ў глухіх вёсках.
У параўнанні даступнасці выгод у дзвюх краінах Красоўская таксама памылілася. У Польшчы 2,2% жылых памяшканняў не маюць вадавода, 4,7% — прыбіральні, 6,1% — ваннага пакоя. У Беларусі ўвесь жылы фонд налічвае прыкладна 4,08 млн памяшканняў. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2019 года, з іх амаль 7,9% не мелі вадавода. У адсоткавых суадносінах гэта ў 3,5 раза больш, чым у Польшчы. Без каналізацыі і ванны з душам у нашай краіне было 13,9% жытла, што ў адсотках удвая больш, чым у суседзяў.