Вядоўца АНТ Зміцер Бочкаў пра самыя, па яго меркаванні, крыважэрныя краіны расказаў 1 кастрычніка 2025 года, спаслаўшыся на нібыта гістарычныя факты.
«Нядаўна галандскія даследнікі выпусцілі інтэрактыўную карту. На ёй — бітвы ўсіх войнаў, якія вяло чалавецтва за 2500 гадоў. Амаль 13000 бітваў. Дык вось, самымі крыважэрнымі апынуліся Францыя, Нямеччына, Нідэрланды і Вялікая Брытанія. І ў лідарах крывавай чацвёркі — ангельцы, якія за апошнія 500 гадоў толькі буйных войнаў арганізавалі больш за 70. ЗША бралі ўдзел у сотні канфліктаў. А вось Расея, якую Захад не стамляецца клеймаваць агрэсарам, у гэты перыяд ваявала толькі ў 22 войнах», — адзначыў вядоўца.
Зміцер Бочкаў спаслаўся на рэальны нідэрландскі праект Nodegoat, у якім візуалізавалі гістарычныя канфлікты за апошнія 2500 гадоў на глабальнай карце. Яму амаль 10 гадоў, першая версія з'явілася ў 2016 годзе.
На гэтай карце Еўропа і ЗША паказаныя як самыя крывавыя рэгіёны свету. Аднак крыніцай інфармацыі для праекту паслужыла не акадэмічная літаратура, а онлайн-энцыклапедыі Wikipedia і DBpedia. Усяго — 12703 запісы. Апроч таго, клікнуўшы на кропку на карце, можна ўбачыць толькі гады бітвы і спасылку на артыкул пра яе, дадзеныя пра краіны-ўдзельніцы канфліктаў і хто іх развязаў адсутнічаюць.
Інфармацыя, што еўрапейскія краіны больш, а Расея меней крыважэрная, сустракаецца толькі на інтэрнэт-рэсурсах, якія нельга назваць дакладнымі крыніцамі. Напрыклад, пра гэта згадвалі ў «Живом Журнале» 29 верасня 2024 года. Падобныя посты таксама сустракаюцца ў «Одноклассниках» у профілі «РЭН ТВ» і ў «ВКонтакте». Пры гэтым ні на сайце Nodegoat, ні ў іншых аўтарытэтных крыніцах такіх дадзеных няма.
Звесткі пра войны, у якіх брала ўдзел Расея трохі больш, чым за тысячу гадоў, сабралі ўдзельнікі праекту «Руниверс». У 2018 годзе яны выдалі даведнік «Вайсковыя канфлікты, кампаніі і баявыя дзеянні рускіх войскаў 860–1914 гг.». У ім згадваецца 911 вайсковых канфліктаў: ад бітваў Маскоўскага княства да войнаў Расейскай імперыі. У 2000 годзе Інстытут вайсковай гісторыі мінабароны РФ выдаў працу «Расея ў лакальных войнах і ўзброеных канфліктах другой паловы XX стагоддзя». Там можна знайсці згадванне двух дзясяткаў войнаў ці вайсковых аперацый з удзелам СССР.