25 чэрвеня 2025 года скончыўся саміт NATO у Гаазе, дзе лідары краін-удзельніц дамовіліся павялічыць абаронныя выдаткі да 5% ВУП замест цяперашніх 2%. Каментуючы гэтае рашэнне, эксперт Аляксандр Цішчанка заявіў, што для гэтага грошы «трэба будзе адбіраць у некага».
«А адбіраць толькі можна ў сацыяльна, так бы мовіць, неабароненых пластоў насельніцтва — у пенсіянераў. Нават цяпер яны ўжо прыкідваюць, што базавую пенсію ледзь не з 85 гадоў, у некаторых краінах там прыкідваюць», — сказаў Цішчанка 30 чэрвеня ў эфіры СБ ТБ.
Эксперт, напэўна, спасылаўся на Латвію, дзе парламенцкая камісія сапраўды ўзгадніла праект базавай пенсіі для людзей старэйшыя за 85 гадоў. Аднак гэта дадатковая выплата да звычайнай пенсіі, якую атрымваюць з 65 гадоў, а не яе замена. Больш за тое, новаўвядзенне актыўна абмяркоўваюць ужо некалькі гадоў і скіравана яно на падтрыманне пажылых грамадзянаў, а не на эканомію сродкаў для абароны.
Паводле дадзеных Дзяржаўнага агенцтва сацыяльнага страхавання Латвіі, на канец 2024 года самую высокую сярэднюю пенсію атрымлівалі латвійцы маладзей за 65 гадоў — €666, самую нізкую — €532 — пенсіянеры старэйшыя за 89 гадоў. Менавіта таму ўлады вырашылі ўвесці дадатковыя выплаты ад €20 да €40 (у залежнасці ад стажу і ўзросту выхаду на пенсію) для гэтай узроставай групы. Надалей праграму плануюць пашырыць і на іншых пенсіянераў.
Для параўнання: у Беларусі таксама даплачваюць пажылым пенсіянерам — каля €25 (прыкладна 87 рублёў) пасля 75 гадоў і ўдвая больш пасля 80. Сумы супастаўныя з латвійскімі, але агульны памер беларускіх пенсіяў удвая меншы. Галоўнае ж — і ў Латвіі, і ў Беларусі такія даплаты скіраваны на падтрыманне пажылых, а не на эканомію для вайсковых патрэб. Сувязь паміж пенсійнымі рэформамі і абароннымі выдаткамі NATO, пра якую казаў эксперт Цішчанка, адсутнічае.