Антыфэйк / фактчэк Сёння

Фэйк ад News.by: Мая Санду разбазарыла стратэгічныя галіны Малдовы

Госць эфіру заявіў, што адзіны порт у краіне і электрасеткі адышлі Румыніі, а газатранспартныя сеткі — Захаду.

Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду аддала адзіны малдаўскі порт на Дунаі і электрасеткі ў вядзенне Румыніі, а газатранспартныя сеткі — Захаду, расказаў у эфіры каналу News.by кіраўнік парталу «Sputnik Малдова» Віталь Дзянісаў. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці праўда гэта.

Гаворка пра разбазарванне важных галін эканомікі Малдовы зайшла ў праекце «Гэта іншае» на канале News.by 30 верасня 2025 года. Кіраўнік парталу «Sputnik Малдова» Віталь Дзянісаў заявіў, што праз падвойнае грамадзянства прэзідэнткі Маі Санду ў краіне нібыта лабуюцца замежныя інтарэсы:

«Што да Малдовы, па-мойму, гэта ўсё відавочна. З улікам таго, разбазарваюцца стратэгічныя галіны краіны, і на карысць каму, скажам так, яны разбазарваюцца. Ну, так, для прыкладу: адзіны порт у вусці Дуная з выхадам да Чорнага мора — Джурджулешты — ён паспяхова цяпер перадаецца ў вядзенне порта Канстанца, то бок Румынія. Электрасеткі краіны ўжо даўно перададзены, ізноў жа, практычна ўсе, у вядзенне, румынскіх аператараў. <…> І газатранспартныя сеткі — тое ж самае. Яны ўсе практычна ўжо знаходзяцца ў руках заходніх уласнікаў».

Тэрыторыю пад порт Джурджулешць Малдова атрымала ад Украіны ў 2000-х у абмен на частку трасы Адэса — Рэні. На гэтай тэрыторыі працуюць дзве розныя структуры. Першая — дзяржаўны порт. Ён цалкам належыць Малдове і не прадаецца. Другая — Міжнародны вольны порт Джурджулешць, асноўным эканамічным бенефіцыярам якога з 2013 года быў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. У 2021-м ён стаў уласнікам кампаніі-аператара порту. Цяпер Румынія, а менавіта дзяржкампанія з Канстанцы, мае намер купіць гэту кампанію-аператара. Так што аператар быў у руках замежных фундатараў да абрання Санду.

Што да перадачы практычна ўсіх малдаўскіх электрасетак румынскім аператарам: напэўна, Дзянісаў меў на ўвазе, што ў ліпені 2025 года ў Малдове з'явіўся новы аператар на рынку электраэнергіі — ТАА «Operatorul Pieței de Energie M» (OPEM). Гэта даччынае прадпрыемства румынскага аператара. Але OPEM — гэта толькі пляцоўка для гандлю электрычнасцю, адмысловая біржа, дзе сустракаюцца прадаўцы і пакупнікі. А валодае магістральнымі сеткамі і трансфарматарнымі падстанцыямі па-ранейшаму дзяржкампанія Î.S. Moldelectrica. Яна адказвае за тое, каб электрычнасць ад вытворцаў даходзіла да размеркавальных сетак. 

Канчатковым спажыўцам электрычнасць дастаўляюць размеркавальныя кампаніі. Напрыклад, у Кішынэве і на поўдні краіны працуе прыватная кампанія з замежнымі інвестыцыямі. Але вялікую частку паўночных раёнаў абслугоўвае дзяржаўнае SA «Furnizarea Energiei Electrice Nord» (FEE Nord). Так, урад час ад часу абмяркоўвае іх магчымую прыватызацыю, але пакуль яны застаюцца пад кантролем дзяржавы. 

Кажучы пра газатранспартныя сеткі, Дзянісаў таксама размінуўся з рэальнасцю. Яны належаць кампаніі SA Moldovagaz. Кантрольным пакетам яе акцый валодае расейскае ПАТ Газпрам. Яшчэ каля 35% акцый — ва ўрада Малдовы. Трохі больш за 13% — у Прыднястроўя. То бок газасеткі Малдовы належаць, хутчэй, Расеі, а не Захаду. 

Распараджаецца газатранспартнымі сеткамі румынская кампанія-аператар Vestmoldtransgaz S.R.L. Яна сапраўды звязаная з заходнімі структурамі: ёю валодаюць румынская дзяржкампанія Transgaz SA і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Кампанія склала 5-гадовую дамову арэнды з даччынай кампаніяй Moldovagaz, якая застаецца ўласнікам усёй інфраструктуры.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць