Антыфэйк / фактчэк 24 снежня 2025

Прагрэс ці рэгрэс? Лукашэнка пахваліўся поспехамі Беларусі, але не агучыў важных нюансаў

Падвялі некаторыя вынікі мінулай пяцігодкі за яго.

Аляксандр Лукашэнка падчас УНС распавёў, якіх поспехаў Беларусь дамаглася ў сферы развіцця прамысловасці. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ён не агучыў кантэкст, у якім прагрэс робіцца рэгрэсам. 

Кантэкст: 18 снежня 2025 года ў Менску прайшло паседжанне Усебеларускага народнага сходу. Больш за тысячу дэлегатаў сабраліся, каб аднагалосна зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку. 

З двухгадзіннага паслання народу Аляксандр Лукашэнка толькі 10 хвілін надаў падвядзенню вынікаў выканання праграмы за мінулы перыяд. У прыватнасці, ён пахваліўся поспехамі краіны ў захаванні і памнажэнні прамысловай вытворчасці: «У сусветным рэйтынгу канкурэнтаздольнасці прамысловасці займаем 56 пазіцыю сярод паўтары сотні краін». 

Беларусь, па апошніх дадзеных (за 2023 год), сапраўды займае ў гэтым рэйтынгу 56 месца. Аднак Лукашэнка змаўчаў, што гэта ледзь не самы дрэнны вынік за апошнія 20 гадоў — толькі крыху вышэй рэкордна нізкага паказніка 2022 года (58 месца). Да гэтага Беларусь уваходзіла ў топ-50 краін па канкурэнтаздольнасці прамысловасці.

Аналагічная тэндэнцыя назіраецца і ў некаторых іншых міжнародных рэйтынгах. Напрыклад, у сусветным топе Дасягненняў 17 мэтаў устойлівага развіцця Беларусь знаходзіцца на 32 месцы. Напачатку мінулай пяцігодкі — у 2020 годзе — мы былі на 18 пазіцыі сярод 166 краін.

У справаздачы пра вынікі развіцця 2016—2020 гадоў напісана, што па ўзроўні развіцця аховы здароўя Беларусь займае 59 радок сярод 93 краін свету. Цяпер у гэтым жа рэйтынгу краіна апусцілася на 30 радкоў.

Яшчэ некалькі вытрымак з рэйтынгаў і адсыланняў да сусветных стандартаў, якія Аляксандр Лукашэнка не агучыў, утрымліваюцца ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года. Там сказана, што «дзякуючы сацыяльнай палітыцы, якая праводзіцца, Беларусь захавала сваю пазіцыю ў групе краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця, займаючы 65 месца сярод 193 краін у рэйтынгу па індэксе чалавечага развіцця». 

Па дадзеных за 2023 год, Беларусь на 65 месцы — гэта праўда. Але яна не захавала сваёй пазіцыі: у 2021-м краіна займала 60 радок, а з 2015-га апусцілася на 10 пазіцый ніжэй. 

«Устойлівай застаецца дынаміка пенсійных выплат. Суадносіны памераў сярэдняй пенсіі па ўзросце пенсіянера і сярэднім заробку па эканоміцы вагаюцца ў дыяпазоне 36—37%, што максімальна набліжана да сусветнага стандарту», — сказана ў праграме. 

У параўнанні з Расеяй такі паказнік сапраўды нядрэнны: там пенсія — гэта толькі чвэрць ад сярэдняй зарплаты. Але калі параўноўваць з краінамі ЕЗ, Беларусь адстае: там сярэдні ўзровень — 60%. У Іспаніі і Грэцыі ён перавышае 80%, а такія суадносіны, як у нас, толькі ў Літве і Харватыі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць