Кантэкст: У Беларусі змянілі правілы выплаты пенсіяў для дзяржслужбоўцаў. Калі яны працягнуць працаваць і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту, то змогуць разлічваць і на заробак, і на пенсію за выслугу гадоў. Змены прынялі, каб утрымаць адмыслоўцаў на працоўных месцах. Новыя правілы пачнуць дзеяць з 1 студзеня 2026 года.
У 2026 годзе ў Літве павялічаць пенсійны ўзрост і абавязковы стаж для атрымання пенсіі, таксама ліквідуюць розніцу паміж пенсійным узростам мужчынаў і жанчын. Пра сваю інтэрпрэтацыю навін пра літоўскіх пенсіянераў палітолаг Андрэй Лазуткін распавёў у праграме «Займальная паліталогія» на тэлеканале СТБ.
«Каб атрымліваць хоць нейкую пенсію ў Літве, трэба 15 гадоў стажу. Калі гэтага няма, то не плацяць зусім нічога. Хоць у нас ёсць сацыяльная пенсія. А каб плацілі працоўную, па рэформе ў Літве, трэба будзе 35 гадоў стажу. Для параўнання, у нас усяго 20», — адзначыў палітолаг у эфіры 16 снежня 2025 года.
Мінімальны страхавы стаж у Літве — сапраўды 15 гадоў. Як і ў Беларусі, там ёсць сацыяльная пенсія ці пенсія па аказанні матэрыяльнай дапамогі ў старасці. Яна складае трохі менш €250 у месяц. Для параўнання, у нас такая выплата — трохі больш за €70 у эквіваленце.
Лазуткін заявіў, што ў Беларусі, каб атрымаць пенсію па ўзросце, трэба адпрацаваць 20 гадоў, а ў Літве — 35. Гэта не так. У Літве іншая пенсійная механіка: для атрымання права на базавую пенсію трэба адпрацаваць хаця б 15 гадоў — тады €300 у чалавека ёсць. Каб атрымліваць больш высокую пенсію, трэба пераступіць парог у 34,5 года страхавога стажу.
Плюс у літоўцаў ёсць яшчэ індывідуальная частка пенсіі, якая дадаецца да базавай. Яе памер залежыць ад велічыні заробку і стажу. Напрыклад, адпрацаваўшы 15 гадоў з сярэдняй зарплатай, літовец заробіць да базавай пенсіі яшчэ каля €100.
У беларуса права на пенсійную выплату ў памеры 90% бюджэту пражыткавага мінімуму — каля 300 рублёў ці €90 — узнікае толькі пасля 20 гадоў страхавога стажу. Калі адпрацаваў трохі менш, 19 гадоў, напрыклад, то ўсе адлічэнні ў фонд сацыяльнай абароны за ўсе гады і высокая заработная плата ніяк не ўлічваюцца.