Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Лютыя проста бабкі». Расказваючы пра планы Захаду атакаваць Беларусь, Азаронак перабольшыў выдаткі еўрапейцаў на абарону

Літва выдае на абарону ў дзесяць разоў больш за Беларусь, а Польшча — у сотні разоў, заявіў вядоўца СТБ.

Вядоўца СТБ Рыгор Азаронак, каментуючы амерыканскую аперацыю ў Венесуэле, заявіў, што Захад рыхтуе напад і на Беларусь, а Польшча і Літва нарошчваюць вайсковыя бюджэты. У эфіры ён назваў абʼёмы вайсковых выдаткаў нашых суседзяў і параўнаў іх з беларускімі. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтыя дадзеныя і высветліла, у колькі раз Азаронак памыліўся.

Кантэкст: У ноч на 3 студзеня 2026 года амерыканскія вайскоўцы затрымалі прэзідэнта Венесуэлы Нікаляса Мадура з жонкай і вывезлі іх у ЗША. Яго вінавацяць у наркатэрарызме і кантрабандзе наркотыкаў. На наступны дзень Доналд Трамп прыгразіў яшчэ некалькім краінам — Кубе, Ірану, Калумбіі і Мексіцы. Амерыканскі прэзідэнт заявіў, што гатовы нанесці ўдары па мексіканскіх наркакартэлях, а Кубе прапанаваў неадкладна скласці нафтавую ўгоду.

На амерыканскую вайсковую аперацыю «Абсалютная рашучасць», падчас якой ваяры спецназу захапілі прэзідэнта Нікаляса Мадура, адрэагаваў вядоўца СТБ Рыгор Азаронак. У перадачы «Слова і справа» ён заявіў, што Захад плануе напад і на Беларусь, з выкарыстаннем Польшчы і Літвы.

«Захаду жыццёва патрэбен поўны кантроль на Балтыцы, а гэта ўжо па нашу душу. Я не нагнятаю. Вайсковы бюджэт маленькай Літвы сёлета большы за наш ў дзесяць разоў. Пра Польшчу маўчу — там у сотні разоў», — сказаў Азаронак у эфіры 3 студзеня 2026 года.

Раней, у навагоднім выпуску праекту «Лятучка» на СТБ, ён таксама выказаўся на гэту тэму:

«Ну а ёсць 5,5% ВУП, якія Літва ў наступным годзе адправіць на ўзбраенне. Гэта пад €6 млрд. У нас, каб вы разумелі, прыкладна $600 млн на ўсю нацыянальную бяспеку. Гэта разам з міліцыяй, МНС, з усім-усім-усім, што называецца нацыянальнай бяспекай. У іх $5 млрд — гэта грошы ў зброю, гэта грошы ў вайну. <...> Польшча — 49 млрд, гэта гіганцкія, страшныя грошы. У нас увесь сукупны ВУП — 25 млрд. Гэта лютыя проста бабкі».

Падсумоўваючы выказванні Азаронка: маленькая Літва выдае толькі на абарону ў дзесяць разоў больш, чым вялікая Беларусь на абарону, праваахоўнікаў і МНС разам узятых, а Польшча — у сотні разоў, яе выдаткі перавышаюць увесь ВУП Беларусі. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэта і высветліла, што вядоўца значна перабольшыў выдаткі суседніх краін на абарону.

У цэлым на праваахоўную чыннасць, куды ўваходзяць МНС, міліцыя і суды, у беларускім рэспубліканскім бюджэце запланавалі каля €2 млрд, на армію — €1,3 млрд. То бок у суме ў 6,3 разу больш, чым сказаў Азаронак.

Вайсковы бюджэт Літвы і праўда каля €5 млрд. Гэта не ў дзесяць разоў больш за беларускія выдаткі на бяспеку, як сказаў Азаронак, а прыкладна ў паўтара. Калі параўнаць без міліцыі і МНС, толькі армію з арміяй, то Літва выдаткоўвае максімум у чатыры разы больш, чым Беларусь.

Што да Польшчы, то і там розніца не ў сотні разоў. Выдаткі Варшавы на абарону ў 36 разоў больш, чым Менску. Яны не перавышаюць беларускага ВУП, таму што абʼем беларускай эканомікі не €25 млрд, як сцвярджае Азаронак, а €80 млрд. Абаронны бюджэт Польшчы не перавышае 5% ад ВУП краіны.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць