Кантэкст: 18 снежня 2025 года ў Менску прайшло паседжанне Усебеларускага народнага сходу. Больш за тысячу дэлегатаў сабраліся, каб аднагалосна зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшую пяцігодку.
З двухгадзіннага паслання народу Аляксандр Лукашэнка толькі 10 хвілін надаў падвядзенню вынікаў выканання праграмы за мінулы перыяд. У прыватнасці, ён пахваліўся поспехамі краіны ў захаванні і памнажэнні прамысловай вытворчасці: «У сусветным рэйтынгу канкурэнтаздольнасці прамысловасці займаем 56 пазіцыю сярод паўтары сотні краін».
Беларусь, па апошніх дадзеных (за 2023 год), сапраўды займае ў гэтым рэйтынгу 56 месца. Аднак Лукашэнка змаўчаў, што гэта ледзь не самы дрэнны вынік за апошнія 20 гадоў — толькі крыху вышэй рэкордна нізкага паказніка 2022 года (58 месца). Да гэтага Беларусь уваходзіла ў топ-50 краін па канкурэнтаздольнасці прамысловасці.
Аналагічная тэндэнцыя назіраецца і ў некаторых іншых міжнародных рэйтынгах. Напрыклад, у сусветным топе Дасягненняў 17 мэтаў устойлівага развіцця Беларусь знаходзіцца на 32 месцы. Напачатку мінулай пяцігодкі — у 2020 годзе — мы былі на 18 пазіцыі сярод 166 краін.
У справаздачы пра вынікі развіцця 2016—2020 гадоў напісана, што па ўзроўні развіцця аховы здароўя Беларусь займае 59 радок сярод 93 краін свету. Цяпер у гэтым жа рэйтынгу краіна апусцілася на 30 радкоў.
Яшчэ некалькі вытрымак з рэйтынгаў і адсыланняў да сусветных стандартаў, якія Аляксандр Лукашэнка не агучыў, утрымліваюцца ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года. Там сказана, што «дзякуючы сацыяльнай палітыцы, якая праводзіцца, Беларусь захавала сваю пазіцыю ў групе краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця, займаючы 65 месца сярод 193 краін у рэйтынгу па індэксе чалавечага развіцця».
Па дадзеных за 2023 год, Беларусь на 65 месцы — гэта праўда. Але яна не захавала сваёй пазіцыі: у 2021-м краіна займала 60 радок, а з 2015-га апусцілася на 10 пазіцый ніжэй.
«Устойлівай застаецца дынаміка пенсійных выплат. Суадносіны памераў сярэдняй пенсіі па ўзросце пенсіянера і сярэднім заробку па эканоміцы вагаюцца ў дыяпазоне 36—37%, што максімальна набліжана да сусветнага стандарту», — сказана ў праграме.
У параўнанні з Расеяй такі паказнік сапраўды нядрэнны: там пенсія — гэта толькі чвэрць ад сярэдняй зарплаты. Але калі параўноўваць з краінамі ЕЗ, Беларусь адстае: там сярэдні ўзровень — 60%. У Іспаніі і Грэцыі ён перавышае 80%, а такія суадносіны, як у нас, толькі ў Літве і Харватыі.