Антыфэйк / фактчэк Учора

Эйсмант: Большасць немцаў, французаў і брытанцаў не лічаць Расею ворагам. Вынікі апытанняў кажуць пра іншае

Паводле грамадскай думкі, Масква нясе сур'ёзную пагрозу.

Толькі пятая частка жыхароў Францыі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі лічаць Расею ворагам, заявіў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у перадачы «Клуб рэдактараў». Вывучылі дадзеныя апытанняў — яны не пацвярджаюць словы Эйсманта.

Кантэкст: Прэс-сакратарка Белага дому заявіла, што прэзідэнт ЗША вельмі расчараваны як Уладзімірам Пуціным, гэтак і Уладзімірам Зяленскім у перамоўным працэсе. Па інфармацыі амерыканскай прэсы, Дональд Трамп патрабуе ад лідараў Францыі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі націснуць на Зяленскага, каб той прыняў прапанову Вашынгтона па ўмовах заключэння міру.

У выніках апытанняў грамадскай думкі кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант «убачыў ускосныя азнакі таго, што Еўрапейскі звяз можа разваліцца». Пра гэта ён заявіў, абмяркоўваючы з сувядоўцамі «Клуба рэдактараў» ролю Еўропы ў аднаўленні міру паміж Украінай і Расеяй на тэлеканале «Беларусь 1» 5 снежня 2025 года: 

«Еўропа кажа: “Расея — вораг, яна на нас нападзе, мы не хочам ад іх атрымліваць энергарэсурсы, Расею трэба душыць”. На чале ўсяго гэтага стаіць [прэзідэнт Францыі Эманюэль] Макрон, [канцлер Нямеччыны Фрыдрых] Мерц і [прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Кір] Стармер. Яшчэ раз хачу звярнуць увагу, ангельцы, французы і немцы ў колькасці 15–20% кажуць: “Мы з вамі згодны”. Што думаюць іншыя 80% — нікога не цікавіць».

Апошнія дадзеныя апытанняў, апублікаваныя 4 снежня 2025 года, аспрэчваюць словы Эйсманта. Паводле вынікаў Еўрапейскага барометра грамадскай думкі, больш за палову жыхароў дзевяці краін ЕЗ, у тым ліку Францыі і Нямеччыны, лічаць Расею сур'ёзнай пагрозай. На пытанне, ці магчыма вайна Расеі з іх краінай у найбліжэйшыя гады, кожны другі еўрапеец з гэтых дзевяці краін ацаніў рызыку як «высокую» ці «вельмі высокую». Найчасцей такая думка сустракалася ў Польшчы. Там небяспеку нападу ўспрымаюць сур'ёзна тры чвэрці апытаных.

Еўрапейцы таксама не лічаць, што Расея імкнецца да міру. У тым жа апытанні большасць жыхароў ЕЗ адказалі, што Масква не зацікаўлена ў спыненні вайны. У Францыі так думаюць 81% апытаных, у Нямеччыне — 76%. Апроч таго большасць і французаў, і немцаў выступаюць за захаванне ці павелічэнне дапамогі Украіне.

Падобная карціна і ў Вялікай Брытаніі. Паводле апытання даследчай кампаніі YouGov за 2024 год, 71% брытанцаў лічаць Расею варожай краінай, яшчэ 15% — проста несяброўскай. Большасць грамадзянаў Вялікай Брытаніі таксама выступаюць за санкцыі супраць РФ. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць