Антыфэйк / фактчэк Сёння

Лукашэнка прыпісаў Беларусі фармаванне амаль траціны бюджэту Літвы

Наша краіна сапраўды давала 30%, але не бюджэту.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Літва павінна вярнуць «выкрадзеныя» пажарныя аўтамабілі, «нармалізаваць» працу санаторыя «Беларусь» у Друскінінкаі і кампенсаваць укладанні ў Клайпедскі порт — і звязаў гэта з вяртаннем фур. Каманда Weekly Top Fake праверыла гэтыя тэзы, а таксама словы палітыка пра тое, што мінімум 30% бюджэту Літвы фармавалася за кошт беларускіх грузаў.

Кантэкст: Раніцай 17 снежня 2025 года літоўскія грузаперавознікі, вялікагрузы якіх захраслі ў Беларусі пасля закрыцця мяжы, атрымалі рахункі за захоўванне сваіх прычэпаў з грузамі на адмысловых стаянках. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Нацыянальнай асацыяцыі грузаперавознікаў Linava Эрландас Мікенас (Erlandas Mikėnas). Перавознікі павінны заплаціць €120 за кожны дзень. Напрыклад, адной кампаніі выставілі рахунак за захоўванне васьмі грузаў амаль €14 тыс. Калі перавознікі не заплацяць, імаверна, Беларусь запусціць працэс канфіскацыі.

Аляксандр Лукашэнка 9 снежня 2025 года на паседжанні Рады бяспекі заявіў, што Літва павінна выканаць шэраг умоў для вяртання захраслых фур: «Калі ласка, бярыце. Але вярніце нам 20 аўтамабіляў ці 17, якія вы скралі. Якія пажарныя аўтамабілі, у Зімбабвэ дастаўлялі. Нармалізуйце працу нашага санаторыя, дзе мы лячылі чарнобыльскіх дзяцей. Яны ў дзяцей адабралі, фактычна, санаторый. І вярніце нам грошы за тое, што мы там будавалі порт».

Пажарныя аўтамабілі, якія згадаў Лукашэнка, Літва канфіскавала ў рамках санкцый і мела намер выставіць іх на аўкцыён. Санаторый «Беларусь» працягвае працаваць, але калі раней там аздараўляліся некалькі тысяч беларусаў па медычных накіраваннях, то ў апошнія гады праз праблемы з візамі — па 700-800 чалавек у год. Большая частка, тых, хто адпачываюць там зараз, з Еўразвязу. 

Што да порта: «Беларуськалій» сапраўды ўклаў у развіццё тэрміналу ў Клайпедскім порце $30 млн і зараз праз міжнародны арбітраж патрабуе ад Літвы выплаціць $12 млрд адшкадавання.

У тым жа выступе Лукашэнка заявіў, што як мінімум 30% бюджэту Літвы фармавалася за кошт беларускіх грузаў. На наступны дзень, 10 снежня, гэта сцвярджэнне паўтарыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч у эфіры ток-шоу «Будні» на СБТБ і «Альфа Радыё». 

Насамрэч беларускія грузы забяспечвалі каля 30% грузазвароту Клайпедскага порту, а не прыбыткаў усяго літоўскага бюджэту. У структуры грузаплыняў літоўскай чыгункі іх доля складала прыкладна 20%. Забарона транзіту беларускага калію заўважна ўдарыла па літоўскай транспартнай галіне: Клайпедскі порт страціў 12% выручкі, а літоўская чыгунка — чвэрць. Аднак гэтыя страты звязаныя не толькі са спыненнем беларускага транзіту, але і са скарачэннем расейскіх грузаў.

Пры гэтым у агульным экспарце транспартных паслуг Літвы доля Беларусі не перавышала 6%. Літоўскі бюджэт пасля ўвядзення санкцый супраць нашай краіны не толькі не абваліўся, але і расце ў прыбытку з года ў год (2020, 2021, 2022, 2023, 2024).

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць