Антыфэйк / фактчэк

13 жніўня

У жаночым боксе перамагаюць «былыя мужыкі»? Экспертыза сапраўднага полу спартовак ад Ліпскага і Азаронка

Алжырская баксёрка Іман Хеліф, якая ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях, на самай справе нарадзілася мужчынам, а не жанчынай, распавёў спартыўны карэспандэнт тэлеканалу «Беларусь 1» Станіслаў Ліпскі.

Алжырская баксёрка Іман Хеліф, якая ўдзельнічала ў Алімпійскіх гульнях, на самай справе нарадзілася мужчынам, а не жанчынай, распавёў спартыўны карэспандэнт тэлеканалу «Беларусь 1» Станіслаў Ліпскі. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці ёсць афіцыйныя пацвярджэнні такой заяве. 

Тэму палавой прыналежнасці ўдзельнікаў і ўдзельніц Алімпійскіх гульняў журналіст Станіслаў Ліпскі закрануў у рэпартажы з Парыжа 4 жніўня 2024 года.

«Гаворка пра жаночы бокс, дзе працягваюць перамагаць трансгендары. Лін Юцін, які лічыць сябе жанчынай, але праваліў гендарны тэст, адолеў прадстаўніцу Узбекістана. <...> А крыху раней Алжырская спартоўка, мужчына па нараджэнні, перамагла італьянку, якая была вымушаная спыніць бой, баючыся за сваё здароўе», — распавёў спартовы журналіст. 

На гэты конт выказаўся 1 жніўня 2024 года і Рыгор Азаронак у эфіры «Азаронак. Наўпрост»: 

«Гэта вось алжырка. Гэта былы мужык, якому ці то адрэзалі паміж ног, ці то не адрэзалі. Вось выходзіць італьянка. Нармальная яшчэ нібы італьянка».

Гаворка ідзе пра дзвюх баксёрак — Іман Хеліф з Алжыру і Лін Юцін з Тайваня. Абедзве спартоўкі — моцныя суперніцы. Аднак на чэмпіянаце свету па боксе сярод жанчын у 2019 годзе, які праходзіў у Расеі, тайванька Лін Юцін прайграла ў баі за срэбра расейцы. Тады яе пол ніхто не аспрэчваў. Хоць у ходзе бою каментатары адзначалі, што тайванька змагаецца напаўсілы: «Быццам бы не на ўсю катушку яшчэ і баксіруе, такое адчуванне, што магла б яшчэ накаціць, пры жаданні».

Расейская спартоўка пасля таго бою казала, што не ўпэўненая, што білася з «дзяўчынкай». 

Такія ж абвінавачванні гучаць і на адрас алжыркі Іман Хеліф. Аднак яшчэ ніхто не даказаў, што абедзве спартоўкі сапраўды мужчыны ад нараджэння і змянілі пол. Як доказ іх трансгендарнасці Міжнародная баксёрская асацыяцыя спрабуе прывесці вынікі тэсту на гендар, які правяла ў 2023 годзе. У адных крыніцах гаворыцца, што ён паказаў наяўнасць мужчынскай Y-храмасомы, у іншых — высокі ўзровень тэстастэрону. Але гэты тэст — нечая асабістая ініцыятыва, неабходнасць яго правядзення не прапісаная ні ў якіх дакументах.

У выпадку з алжырскай спартоўкай ёсць ускосныя доказы, што яна жаночага полу з дзяцінства. Яе бацька паказаў пасведчанне аб нараджэнні дзяўчынкі і яе дзіцячыя фотаздымкіі. Акрамя таго, у Алжыры змена полу забароненая законам, а спартовыя поспехі Іман Хеліф былі зменлівымі. Спярша на чэмпіянатах свету яна займала 33 і 17 месцы, на Алімпіядзе 2020 года прайграла ў чвэрцьфінале. Змагалася яна з біялагічнымі жанчынамі. 

Размовы пра тое, што спартоўцы павінны праходзіць тэст на гендар, вядуцца даўно. Аднак генетыкі не дамовіліся, па якіх крытэрах вызначаць пол надзейней за ўсё, таму што ў гэтым пытанні існуюць нюансы. 

Да прыкладу, лёгкаатлетка Кастэр Семеня мае жаночыя палавыя органы з нараджэння, але без маткі, а ўзровень тэстастэрону ў яе як у мужчыны. Наяўнасць Y-храмасомы таксама не даказвае, што перад намі біялагічны мужчына, а не жанчына з асаблівасцямі генетычнага развіцця. Таму пакуль у спорце дзейнічае правіла: жанчына — тая, у якой у пашпарце напісана, што яна жанчына. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі