Напачатку сустрэчы з губернатарам Валагодскай вобласці, якая адбылася пад канец жніўня 2025 года, Аляксандр Лукашэнка распавёў, як напачатку свайго прэзідэнцтва яму нібыта давялося адраджаць ансамбль «Песняры». Відэа з гэтым фрагментам сустрэчы 25 жніўня апублікаваў тэлеграм-канал «Пул першага».
«Пра гэта мала хто цяпер кажа, але ў часы буянага нацыяналізму ў Беларусі, а ўсё-такі ён у нас квітнеў некалькі гадоў да абрання прэзідэнтам, ад усяго рускага і расейскага спрабавалі тут адмовіцца (некаторыя адмовіліся) і грамадства прымусіць. Але, як бачыце, грамадства не ўспрыняло дадзеных пасылаў. У гэты момант мне давялося часта бываць у “Песняроў” у першы-другі год свайго прэзідэнцтва, у іх падвальным памяшканні, дзе яны, небаракі, рэпетавалі. І я тады помню, калі Валодзя Мулявін мяне папрасіў, вельмі папрасіў дапамагчы вярнуцца назад на сцэну. Вядома, мы зрабілі ўсё для таго, каб “Песняры” вярнуліся», — падзяліўся ўспамінамі Лукашэнка.
Уладзімір Мулявін сапраўды звяртаўся да Аляксандра Лукашэнкі за падтрымкай. Толькі было гэта не ў першы і не ў другі год яго прэзідэнцтва. Прычыны, як высветлілі журналісты праекту WTF, былі таксама іншымі.
У ансамбля «Песняры» не было праблем з выступамі: напрыклад, у 1992 годзе музыканты выступілі на «Славянскім базары» у Віцебску, у 1994-м у гонар 25-годдзя калектыву яны разам з Алай Пугачовай праспявалі песню «Бярозавы сок». Ансамбль не сышоў у падполле і не пакутаваў праз рускую мову і выступы з расейскімі выканаўцамі.
Раскалоўся калектыў ужо пры Лукашэнку. У другой палове 90-х актыўнасць ансамбля стала спадаць. Артысты скардзіліся на стомленасць і адсутнасць гастроляў. У 1998 годзе да крытычнай кропкі дайшоў унутраны канфлікт у калектыве: паводле словаў саксафаніста і вакаліста першага складу ансамбля Уладзіслава Місевіча, музыканты былі незадаволены тым, што заснавальнік і кіраўнік Уладзімір Мулявін адышоў ад спраў і ўсё больш злоўжываў алкаголем. Міністэрства культуры Беларусі ў выніку адхіліла Мулявіна ад пасады дырэктара, пакінуўшы мастацкім кіраўніком, а дырэктарам стаў Місевіч.
Гэтае рашэнне не здаволіла Мулявіна. Ён звярнуўся за падтрымкай да Аляксандра Лукашэнкі, што прывяло да фармавання новага складу «Песняроў» з маладых музыкантаў. Стары калектыў у адказ звольніўся і працягнуў гастраляваць пад назвай «Беларускія песняры». Некалькі гадоў ансамблі існавалі паралельна.