Польскую прамысловасць у эфіры АНТ абмеркавалі 28 жніўня 2025 года. Госць праграмы «Маркаў. Нічога асабістага» эканаміст Аляксей Аўдонін пералічыў, што раней выраблялі ў Польшчы і што краіна страціла.
«Прадпрыемствы айчынныя, якія ў іх былі, — і машынабудаванне, і механізаванне сельскай гаспадаркі. Узгадайце, якія трактары былі, камбайны польскія, наймагутнейшыя, вельмі сучасныя. Усё знішчана, усё пад нуль. Немцы паставілі сваю тэхніку, знішчылі палякі і ўсю радыётэхнічную галіну. Мікраэлектроніку знішчылі, знішчылі свой флот гандлёвы, карабельную галіну. І як вынік што ў іх ёсць?» — задаў пытанне Аўдонін.
Каманда WTF знайшла на яго адказ. Частку польскіх прадпрыемстваў у 1990 гады сапраўды зачынілі ці прыватызавалі замежныя кампаніі. Некаторыя, напрыклад, марка камбайнаў Bizon, пасля набыцця заходнімі канцэрнамі пачалі выпускаць тэхніку ўжо пад іншымі брэндамі. Але шмат якія прадпрыемствы працягваюць працаваць і развівацца.
Заснаваная ў 1988 годзе кампанія Pronar да сёння вырабляе трактары, прычэпы, сельскагаспадарчую, камунальную і перапрацоўчую тэхніку. На прадпрыемстве працуе больш за 2,5 тыс. супрацоўнікаў, а ў распараджэнні кампаніі 9 сучасных заводаў, на якіх штомесяц перапрацоўваецца звыш 10 тыс. тон сталі. Кампанія экспартуе прадукцыю ў больш чым 90 краін па ўсім свеце.
Кампанія UNIA з 140-гадовай гісторыяй — адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчых машын у Польшчы. Яна выпускае плугі, культыватары, сеялкі, раскідвальнікі ўгнаенняў і іншую тэхніку. Кожны год прадпрыемства вырабляе больш за 25 тыс. машын, з якіх каля 10 тыс. ідзе на экспарт.
У рынкавых умовах з'явіліся новыя паспяховыя кампаніі-вытворцы. Напрыклад, у 1992 годзе, пасля разбурэння камуністычнага рэжыму ў Польшчы, адчынілася кампанія Bomet, якая спецыялізуецца на вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Прадпрыемства размяшчаецца ў Вэнграве недалёка ад Варшавы і займае плошчу больш за 25 тыс. кв. м.
Знайшлі журналісты праекту Weekly Top Fake контраргумент і на выказванне Аўдоніна пра стан польскай эканомікі. Ён заявіў: «[У Польшчы] няма прадпрыемстваў — няма тавараў, няма тавараў — няма эканомікі». Тым часам, ВУП Польшчы ў 2024 годзе склаў каля $915 млрд, тады як ВУП Беларусі — каля $76 млрд. То бок пры насельніцтве, якое больш у чатыры разы, польская эканоміка абганяе беларускую больш чым у 12 разоў.