Антыфэйк / фактчэк Учора

«Зямля наша» выдала інструкцыю па карыстанні прыбіральняй за плакат для праверкі на «бандэраўшчыну»

Выкрылі фэйк пра «распрананне да бялізны» на ўкраінска-польскай мяжы.

На ўкраінска-польскай мяжы польскія памежнікі распранаюць людзей да майткоў у пошуках «наколак з бандэраўскай сімволікай», напісалі аўтары тэлеграм-каналу «Зямля наша». Спыталі ў памежнай службы Польшчы, ці праўда гэта.

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі пад канец жніўня 2025 года прапанаваў прыраўнаць сімволіку Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) да нацысцкай і савецкай і забараніць яе на заканадаўчым узроўні. Як ён кажа, гэта дапаможа абяззброіць расейскую прапаганду і пабудаваць польска-ўкраінскія адносіны на сапраўдным партнёрстве і ўзаемнай павазе ды разуменні. Праз два дні пасля з'яўлення гэтай навіны, 27 жніўня, у тэлеграм-канале «Зямля наша» апублікавалі пост, што на польска-ўкраінскай мяжы ў пошуках «бандэраўскай» сімволікі людзей распранаюць да майткоў і правяраюць тэлефоны: 

«На польска-ўкраінскай мяжы зараз так. Польскія памежнікі распранаюць украінцаў да майткоў для агляду на прадмет наяўнасці наколак з бандэраўскай сімволікай. Таксама патрэбна адблакаваць тэлефон і перадаць яго польскаму контрвыведніку: ён праверыць гаджэт на наяўнасць сімпатый уласніка да чалавеканенавісніцкай антыпольскай ідэалогіі АУН-УПА. Калі рожа госця не спадабаецца спяцуры, у прынцыпе, могуць развярнуць нават за трызуб на пашпарце, абвясціўшы яго бандэраўскай атрыбутыкай».

У доказ сваіх словаў яго аўтары прымацавалі фота з інструкцыяй, зробленае нібыта на тэрыторыі памежнага пункта: распрануцца і адблакаваць тэлефон для праверкі.

Каманда WTF праверыла — здымак апынуўся падробкай. Мы знайшлі такое ж фота, зробленае на пункце пропуску «Рава-Руська — Храбенне» два гады таму. У плаката на ім іншы змест: ён тлумачыць, як аплаціць і скарыстацца прыбіральняй.

Польская памежная служба пацвердзіла правільнасць нашай знаходкі. У адказ на запыт мы атрымалі паведамленне: 

«Аспрэчваем. Гэта класічны прыклад дэзынфармацыі. Для яго стварэння выкарыстаны рэальны элемент інфраструктуры памежнага пераходу ў Храбенне — банер, што інфармуе пра магчымасць скарыстацца прыбіральняй».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць