Антыфэйк / фактчэк

17 кастрычніка

Маніпуляцыя ад «Беларусь 4»: Дзяцей беларускіх палітэмігрантаў цкуюць у польскіх школах

Гісторыя булінгу рэальная. Дзяўчыну, якая скончыла жыццё самагубствам, звалі Юлія.

Дзеці з Беларусі ў польскіх школах падвяргаюцца булінгу, распавяла супрацоўніца тэлерадыёкампаніі «Гомель» Уладзіслава Супруноўская. У пацверджанне яна прывяла прыклад 16-гадовай Юліі з Любліна, якая праз цкаванне скончыла жыццё самагубствам. Каманда Weekly Top Fake знайшла ў словах вядоўцы маніпуляцыі.

«У іх плююць, збіваюць, макаюць галавою ва ўнітаз і нават спрабуюць згвалціць», — так 10 кастрычніка 2024 года пачала перадачу «Толькі па справе» вядоўца ТРК «Гомель» Уладзіслава Супруноўская. Тэма праграмы — булінг дзяцей беларускіх палітэмігрантаў у польскіх школах. 

«Цкаванне, збіццё дзяцей так званых палітэмігрантаў там аказваецца нормай. Скажу больш, зафіксаваныя выпадкі згвалтавання і давядзення падлеткаў да самагубства. У канцы верасня ў горадзе Любліне 16-гадовая дзяўчына скончыла жыццё самагубствам. Ёй пагражалі, яе білі і цкавалі. Трагедыя літаральна ўскалыхнула Польшчу», — распавяла вядоўца. 

Гэтая гісторыя булінгу рэальная. Дзяўчыну, якая скончыла жыццё самагубствам, звалі Юлія Земба (Julia Zięba), жыла яна ў Любліне. У артыкуле на гарадскім партале напісалі, што пяць гадоў Юлія падвяргалася псіхалагічнаму гвалту з боку аднакласнікаў, мяняла школы. Ад настаўнікаў і дырэктараў навучальных устаноў падтрымкі дзяўчына не атрымлівала. Аднак у кантэксце цкавання дзяцей беларускіх палітэмігрантаў прыклад не паказальны, таму што Юлія была полькай, а не беларускай.

Мяркуючы з паведамленняў у тэлеграм-канале «Булінг дзяцей-замежнікаў у Польшчы», з цкаваннем у мясцовых школах сутыкаюцца выхадцы з розных краін, у тым ліку палякі. Акцэнт на беларусах — маніпуляцыя.

Па выніках даследавання за 2023 год, якое кожныя пяць гадоў праводзяць у Польшчы, дзве траціны школьнікаў прызналіся, што падвяргаліся гвалту з боку аднагодкаў. Прычым за апошнія 10 гадоў дзеці ўсё радзей кажуць пра фізічны гвалт з боку дарослых, і ўсё часцей — пра псіхалагічны і фізічны з боку аднагодкаў.

Школьнікі ў Беларусі таксама сутыкаюцца з булінгам. Да прыкладу, па выніках апытання UNICEF, апублікаваных у 2018 годзе, 60,1% навучэнцаў 5–7 класаў сярэдніх школаў падвяргаліся цкаванню. 

Пасля смерці Юліі, бацькі дзяўчыны правялі марш у яе памяць і склалі петыцыю да польскага Сейму з патрабаваннямі зрабіць больш жорсткімі правілы паводзінаў у школах і ўвесці ўрокі, на якіх дзяцей вучылі б будаваць зносіны і вырашаць канфлікты мірна.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Тэйлар Свіфт не падтрымала Трампа і пазбавілася мільёнаў падпісчыкаў? Выкрыццё фэйка ад «Нашай Нівы»
Антыфэйк / фактчэк

Тэйлар Свіфт не падтрымала Трампа і пазбавілася мільёнаў падпісчыкаў? Выкрыццё фэйка ад «Нашай Нівы»

Партнёрскі матэрыял

Журналісты спраўдзілі, колькі насамрэч было падпісчыкаў у Тэйлар Свіфт, з дапамогай сэрвісу для адсочвання трафіку InsTrack.

29 кастрычніка 2024 Чытаць