У Беларусі 2 ліпеня 2025 года скончыўся прыём дакументаў у вну для абітурыентаў, якія паступаюць па мэтавым накіраванні. За тыдзень да гэтага начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукаціі Сяргей Пішчоў назваў мэтавы прыём выбарам матываваных абітурыентаў і прадпрыемстваў:
«Прахадныя балы конкурсу толькі пацвярджаюць гэта. То бок гэта не выбар для тых, хто не змог паступіць. … Мы адразу набіраем гэту эліту будучую нашых прадпрыемстваў», — заявіў службовец у эфіры ютуб-каналу БелТА 25 чэрвеня.
Пры мэтавым прыёме ў вну абітурыент абавязваецца адпрацаваць на пэўным прадпрыемстве мінімум пяць гадоў пасля выпуску — у абмен на навучанне за кошт бюджэту. Патрабаванні пры паступленні да такіх абітурыентаў ніжэй, чым да звычайных: дастаткова аднаго экзамену і сярэдняга балу атэстату не ніжэй за 7. На паўсотні спецыяльнасцяў, якія дзяржава лічыць асабліва важнымі (прыкладам, выхавальнікі дзіцячых садоў і ветэрынары), мэтавікоў залічваюць зусім без экзаменаў.
Каб праверыць словы службоўца, каманда WTF прааналізавала прахадныя балы ў БНТУ, БДУ і Медуніверсітэце за 2024 год. Калі мэтавікі — эліта, іх вынікі павінны быць вышэй, чым у звычайных абітурыентаў. Але параўноўваць балы наўпрост некарэктна: мэтавікі здаюць адзін экзамен, звычайныя абітурыенты — тры, плюс ва ўсіх улічваецца атэстат. Максімум для першых — 200 балаў, для другіх — 400. Таму мы падзялілі прахадныя балы звычайных абітурыентаў напалову.
Дадзеныя, якія мы атрымалі, аспрэчваюць словы Пішчова. У БДУ мэтавікі паказалі лепшыя вынікі толькі пры паступленні на 13 з 28 спецыяльнасцяў — менш за палову. У БНТУ — толькі на кожнай пятай спецыяльнасці. У Медуніверсітэце мэтавікі прайгралі ва ўсіх кірунках, хоць ім аддаюць 75% бюджэтных месцаў.