Антыфэйк / фактчэк

08 чэрвеня 2023

Фэйкі тыдня: Беларусь і Расея падзялілі ядраваю кнопку, польскія памежнікі здзекуюцца з мігрантаў, краіны «калектыўнага Усходу» аб'ядноўваюцца супраць Захаду

Топ-5 фэйкаў тыдня ад Weekly Top Fake.

А таксама фальшывыя вокладкі еўрапейскіх медыяў і страты галоўнага літоўскага порта праз санкцыі супраць Беларусі. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Беларусь і Расея будуць сумесна вырашаць, ці выкарыстоўваць ядраваю зброю

Дата фэйку: 1.04.2023

Міністры абароны Расеі і Беларусі 25 траўня падпісалі дакументы аб парадку ўтрымання расейскай нестратэгічнай ядравай зброі на беларускай тэрыторыі. У той жа дзень кіраўнік расейскага абароннага ведамства Сяргей Шайгу паведаміў, што прымаць рашэнне аб яго выкарыстанні будзе Масква. Тым самым ён аспрэчыў заяву Аляксандра Лукашэнкі.

«Усё будзе паводле закону і па правілах. Што да кіравання, кантролю і іншае за ядравым узбраеннем, ну ты мяне ведаеш даўно. Бескантрольнай зброі ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», — сказаў Лукашэнка 31 сакавіка 2023 года. 

На наступны дзень пасля гэтай заявы, 1 красавіка, газета Адміністрацыі прэзідэнта «СБ Беларусь сёння» патлумачыла, што гэтыя словы азначаюць.

«Рашэнне аб выкарыстанні размешчаных у нашай краіне расейскіх спецбоепрыпасаў будзе прымацца сумесна кіраўнікамі Беларусі і Расеі на аснове дамоўленасцяў паміж нашымі краінамі ў сферы абароны нацыянальнай бяспекі. Ключавое слова — "сумесна". Таму любыя інсінуацыі, якія прадстаўляюць Беларусь толькі месцам захоўвання і стартавай пляцоўкай і змяшчаюць цэнтр прыняцця рашэнняў толькі ў Маскву, не адпавядаюць рэчаіснасці», — напісаў аглядальнік газеты Антон Папоў.

Заява міністра абароны Расеі супярэчыць таму, што напісаў аўтар беларускага дзяржаўнага выдання і раней заявіў Лукашэнка. 

Нагадаем, што да 1 ліпеня на тэрыторыі Беларусі павінна быць падрыхтаванае спецыяльнае сховішча для тактычнай ядравай зброі, а з красавіка беларускія лётчыкі вучацца пілатаваць самалёты, здольныя несці ядравыя зарады.

Фэйк №2: 160 краін «калектыўнага Усходу» аб'ядноўваюцца супраць Захаду

Дата фэйку: 26.05.2023

У Хірасіме прайшоў саміт «Вялікай сямёркі», а ў Маскве на Еўразійскі эканамічны форум сабраліся саюзнікі Расеі. На гэтым фоне палітолаг Пётр Пятроўскі ў «Клубе рэдактараў» на канале «Беларусь-1» налічыў больш за паўтары сотні краін, якія стаміліся ад аднапалярнай светабудовы і гатовыя аб'яднацца супраць Захаду: 

«Прэзідэнт Беларусі прапанаваў выдатную формулу таго, што называецца “калектыўны Усход” — ЕАЭС, плюс ШАС, плюс БРЫКС. Гэта тыя 160 краін па-за Захадам, якія стаміліся ад каланізатарскай дыскрымінацыйнай палітыкі аднапалярнага свету Захаду і хочуць мець існаванне... суверэнную, шматпалярную і больш справядлівую светабудову».

Як Пятроўскі налічыў 160 краін «калектыўнага Усходу», незразумела. У склад ЕАЭС уваходзяць пяць краін: Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расея. У Шанхайскую арганізацыю супрацы (ШАС) акрамя Расеі, Казахстану і Кыргызстану ўваходзяць яшчэ Узбекістан, Таджыкістан, Індыя, Пакістан і Кітай. Гэта значыць яшчэ плюс 5 краін. БРЫКС — гэта яшчэ пяць краін. Сярод іх — Расея і Кітай, а таксама ПАР, Бразілія і Індыя. Разам: ЕАЭС, ШАС і БРЫКС — усяго 13 краін «калектыўнага Усходу».

На дадзены момант аб жаданні ўступіць у БРЫКС заявілі яшчэ 12 краін, а ў ШАС — 10. Нават калі «калектыўны Усход» павялічыцца на два дзясяткі дзяржаў, ён усё роўна не дасягне 160 дзяржаў, пра якія казаў Пятроўскі.

Фэйк №3: Клайпедскі порт кампенсаваў страты ад спынення транзіту беларускага калію

Дата фэйку: 26.05.2023

Еўразвяз не прыняў 11-ы пакет санкцый супраць Беларусі і Расеі, а Павел Латушка заявіў, што некаторыя краіны ЕЗ лабіююць адмену абмежаванняў супраць «Беларуськалію».

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у інтэрв'ю «Еўрарадыё», ацэньваючы такую верагоднасць, заявіў, што Клайпедскі порт пасля страты буйнога беларускага кліента ўжо кампенсаваў страты: 

«Літва, здаецца, стаіць больш прынцыпова. У Літве Клайпедскі порт змог выйсці на дакрызісныя паказнікі. Нават без беларускага калію, чаго амаль ніхто не чакаў».

Праверым, ці так гэта насамрэч. З лютага мінулага года дзяржаўнае прадпрыемства «Літоўскія чыгункі» скасавала дамову з «Беларуськаліем» на перавозку ўгнаенняў. З таго часу Клайпедскі порт перастаў грузіць беларускі калій. Паводле дадзеных на сайце порта аб яго працы за мінулы год, грузаабарот скараціўся на 20%.

Порт пераключыўся з угнаенняў на кантэйнерныя перавозкі. У выніку даходы ўпалі на 10% — з 66 млн да 60 млн еўра.

Гэта значыць, літоўцы свае эканамічныя страты цалкам не кампенсавалі. Але працягваюць настойваць на санкцыях.

Фэйк №4: Еўрапейскія медыі прадракаюць правал украінскаму контрнаступу

Дата фэйку: 24.05.2023

Уладзімір Зяленскі наведаў саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці, які прайшоў 1 чэрвеня ў Малдове. У той жа дзень расейскі тэлеграм-канал «Панамар» апублікаваў нібыта чэрвеньскую вокладку нямецкага сатырычнага часопісу Eulenspiegel з загалоўкам «Украіна працягвае адусюль збіраць грошы на сваё самагубства».

Аднак на сайце выдання такой вокладкі няма. Зняпраўдзілі яе існаванне і ў рэдакцыі часопісу. Вось што Eulenspiegel адказаў на запыт БРЦ:

«Дзякуй, што ўказалі на гэта! Зразумела, мы не маем ніякага дачынення да гэтага зашыфраванага трызнення».

Акрамя таго, носьбіты нямецкай мовы адзначаюць, што на фэйкавай вокладцы слова «weiter» (далей) стаіць напрыканцы сказа, а павінна быць у сярэдзіне.

Раней тэлеграм-канал «Панамар» размясціў яшчэ адну падробленую вокладку — французскага штотыднёвага выдання Courrier International.

«Абяцанае Уладзімірам Зяленскім контрнаступленне пад пагрозай…

Як страта Бахмуту паўплывае на ход канфлікту», — напісана на ёй.

Гэты пост (на скрыншоце вышэй) быў апублікаваны ў тэлеграм-канале 24 траўня. На вокладцы бачны нумар выпуску — 1700. Аднак на сайце выдання ён з'явіўся толькі 31 траўня. Сапраўдная вокладка прысвечаная не УСУ і іх галоўнакамандуючаму Валерыю Залужнаму, а ўспадкоўванню, і выглядае так:

БРЦ звярнуў увагу і на штрыхкоды. На арыгінальным выпуску, гэтым і рэшце, прастаўлены 5-значны код, а на фэйкавай вокладцы — 6-значны.

Фэйк №5: Польскія памежнікі крыўдзяць мігрантаў на мяжы

Дата фэйку: 30.05.2023 

Польшча заяўляе, што на беларуска-польскай мяжы зноў расце колькасць мігрантаў, якія спрабуюць незаконна трапіць у краіну. Толькі за першыя пяць месяцаў сёлета памежнікі зафіксавалі 10 тысячаў такіх спроб. А тэлеграм-канал «ЖС прэміум» распавёў пра іншаземцаў, якіх крыўдзяць польскія памежнікі:

«Польская гуманітарная арганізацыя Grupa Granica, якая займаецца дапамогай уцекачам, распавяла пра сітуацыю на мяжы, дзе ўжо некалькі дзён жывуць 11 дзяцей і 13 дарослых з Сірыі і Іраку. Уцекачы спрабуюць прарвацца ў Еўропу — Еўропа ў асобе злых польскіх памежнікаў іх не прапускае».

Grupa Granica сапраўды паведамляе ў фэйсбуку, што сірыйцы і іракцы з дзецьмі апынуліся ў пастцы на мяжы. Аднак апісвае сітуацыю інакш. Польскія памежнікі не пускаюць мігрантаў на тэрыторыю Польшчы, а беларускія пагражаюць спусціць на іх сабакаў. 

«Сёння беларуская служба прыгразіла ім, што калі яны не пяройдуць на тэрыторыю Польшчы, іх пакусаюць сабакі. У якасці доказу яны прывялі ў групу кангалезскую жанчыну, якую ўжо пакусалі сабакі беларускіх памежнікаў. Група з 25 чалавек апынулася ў пастцы», — гаворыцца ў паведамленні арганізацыі.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі