Антыфэйк / фактчэк

22 лістапада

Вайсковы экспэрт Артамонаў: Расея не пагражала захапіць Сувалкскі калідор. Знайшлі мінімум дзве такія заявы

Каманда WTF знайшла пацверджанні, што пагрозы захапіць гэты калідор ад Расеі гучалі.

Масква ніколі не палохала, што захопіць Сувалкскі калідор, заявіў расейскі вайсковы экспэрт Аляксандр Артамонаў у інтэрв'ю беларускаму тэлеканалу News.by. Каманда Weekly Top Fake знайшла пагрозы расейскіх чыноўнікаў «прасекчы акно ў Калінінградскую вобласць». 

Пра планы Расеі ў дачыненні да Сувалкскага калідора ваенны эксперт Аляксандр Артамонаў згадаў 14 лістапада 2024 года ў эфіры тэлеканалу News.by, калі крытыкаваў NATO за нарошчванне колькасці войскаў у тым рэгіёне.

«Чамусьці гаворыцца, чаму, я не ведаю, што нібыта Расея будзе прабіваць да Беларусі Сувалкскі калідор. Паўтараю, шлях нацыстаў. Расея ніколі ў жыцці не заяўляла, што ёй гэты калідор неяк неабходны, што яна наогул збіраецца займацца такімі супрацьпраўнымі рэчамі», — запэўніў Артамонаў. 

Сувалкскі калідор — гэта тэрыторыя, якая належыць Польшчы, з аднаго боку яна звязвае краіны Балтыі з астатняй часткай ЕЗ, з другога — гэта самы кароткі шлях з Беларусі ў Калінінградскую вобласць. Таму гэты ўчастак важны для Расеі. 

Каманда WTF знайшла пацверджанні, што пагрозы захапіць гэты калідор ад Расеі гучалі. Напрыклад, Дзмітрый Рагозін, былы кіраўнік «Раскосмасу», а цяпер сенатар захопленай Запарожскай вобласці, у студзені 2024 года заявіў у сваім тэлеграм-канале, што «прыйшоў час прасекчы калідор у Калінінградскую вобласць». Такі пост з'явіўся ў адказ на навіну пра закрыццё рускіх школ у Літве. 

Кіраўнік Камітэту Дзярждумы ў абароне Андрэй Картаполаў у ліпені 2023 года, пасля чэрвеньскага бунту ПВК «Вагнер» і пастановы кіраўніка наймітаў Яўгена Прыгожына адвесці іх у Беларусь, сказаў:

«Зразумела, што "вагнера" сышлі ў Беларусь, каб навучаць беларускія ўзброеныя сілы. На самай справе ж не толькі. Не толькі і не столькі. Ёсць такі Сувалкскі калідор. Усе добра ведаюць. І вось гэты Сувалкскі калідор у выпадку чаго нам вельмі патрэбны. <...> Гатовы ўдарны кулак, які вось гэты няшчасны калідор возьме за лічаныя гадзіны. І тут зноў мы іх апярэдзілі».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі