Кантэкст: 2 верасня 2026 года кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас пасля нефармальнай сустрэчы міністраў замежных справаў краін ЕЗ у Ірландыі паведаміла пра падрыхтоўку новага пакета санкцыяў супраць Расеі. У санкцыйны спіс могуць уключыць каля 1600 чалавек і кампаніяў, звязаных з расейскім ваенна-прамысловым комплексам. Калас таксама заявіла пра намер узмацніць барацьбу з пастаўкамі заходніх кампанентаў для расейскай зброі. Новы пакет можа стаць найбуйнейшым з пачатку поўнамаштабнай вайны.
У эфіры «Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё» 1 верасня 2026 года дырэктар Цэнтру міжнародных даследаванняў факультэту міжнародных адносінаў БДУ Мікіта Бяленчанка заявіў, што ЕЗ у бюджэце на 2028—2034 гады закладае сотні мільярдаў еўра на вайсковыя выдаткі:
«Бюджэт Еўрапейскага звязу на 2028–34 гады плануецца зацвярджэнне на ўзроўні 2 трлн. Мінулы бюджэт, 7-гадовы, быў 1,7… 1,3. То бок 700 млрд — гэта, груба кажучы, вайсковы складнік».
Памер новага сямігадовага бюджэту ЕЗ сапраўды плануюць на ўзроўні €2 трлн. Бяленчанка адняў ад гэтай сумы цяперашнія €1,3 трлн, атрымаў розніцу ў €700 млрд і цалкам аднёс яе да вайсковых выдаткаў. Але €2 трлн — гэта сума з улікам меркаванага росту цэн да 2034 года. У цэнах 2025 года Еўрапарламент ацэньвае будучы бюджэт прыкладна ў €1,8 трлн. Таму супастаўная розніца з цяперашнім бюджэтам складае ўжо каля €500 млрд, а не €700 млрд.
Большая частка гэтай сумы таксама не з’яўляецца рэальным павелічэннем выдаткаў. Каля €320 млрд кампенсуюць інфляцыю і зніжэнне пакупніцкай здольнасці за сем гадоў дзеяння цяперашняга бюджэту. Яшчэ €150 млрд прызначаныя для выплаты даўгоў. Рэальнае павелічэнне выдаткаў з улікам інфляцыі складае каля €20 млрд.
У адным Бяленчанка мае рацыю: выдаткі на абарону сапраўды вырастуць. Пры гэтым ЕЗ плануе пераразмеркаваць сродкі, у прыватнасці скараціць выдаткі на сельскую гаспадарку, рыбалоўства і развіццё рэгіёнаў. На абарону, бяспеку і космас прадугледжана €131 млрд — больш чым у пяць разоў менш за €700 млрд, якія Белянчэнка назваў вайсковым складнікам.