У лютым 2026 года стала вядома, што ў спіс беларускіх спецэкспарцёраў уключылі новую кампанію — «ГрандСпецТрэйдынг». БРЦ высветліў, што да яе маюць дачыненне былыя сілавікі, а зарэгістраваць новы бізнес дапамог начальнік юраддзелу аднаго з прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Расследаванне падрыхтаванае пры дапамозе ініцыятывы «Рабочы Рух» і пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Афіцыйна ЗАТ «ГрандСпецТрэйдынг» мае права займацца аптовым гандлем шырокім наборам тавараў — ад лекаў, парфумерыі і бытавой хіміі да цацак, ювелірных вырабаў і лому. Пасля атрымання статусу спецэкспарцёра ў гэты пералік дадалася ў тым ліку прадукцыя вайсковага прызначэння. Такі статус кампанія атрымала ўсяго праз тры месяцы пасля рэгістрацыі: адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 лютага 2026 года. «ГрандСпецТрэйдынг» стала чацвёртай дзейнай арганізацыяй у Беларусі, якая мае права на спецэкспарт. Тры іншыя кампаніі з 1990-х працуюць на рынку ўзбраенняў і тавараў падвойнага прызначэння.
Дырэктар пад прыкрыццём
Як закрытае акцыянернае таварыства «ГрандСпецТрэйдынг» не абавязанае публічна раскрываць звесткі аб акцыянерах у тым жа аб'ёме, што адкрытыя акцыянерныя таварыствы. Але дзякуючы ініцыятыве «Рабочы Рух» БРЦ атрымаў дакументы, з якіх вынікае, што дырэктарам кампаніі ў сакавіку 2026 года стаў Яўген Галоўчыц. [*] [*] [*] Як мінімум з пачатку 2000-х ён служыў у сістэме МУС. Пазней працаваў у дзяржаўным сакратарыяце Савету Бяспекі Беларусі, а затым праходзіў службу ў Аператыўна-аналітычным цэнтры пры прэзідэнце, які адказвае за абарону дзяржаўных сакрэтаў, інфармацыйную бяспеку і кантроль за крытычна важнай інфармацыйнай інфраструктурай краіны.
З сакавіка 2022 года, будучы ў званні палкоўніка юстыцыі, Галоўчыц займаў пасаду намесніка начальніка Інстытуту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь. У 2023 годзе Лукашэнка ўзнагародзіў яго медалём «За бездакорную службу» I ступені. 18 сакавіка 2026-га Галоўчыца з пашанай праводзілі ў адстаўку, а на наступны дзень прынялі на працу дырэктарам «ГрандСпецТрэйдынгу».
БРЦ высветліў, што Галоўчыц меў пашпарт прыкрыцця на імя Малахоўскага Яўгена Іванавіча. Гэта легальны дакумент, які выдаюць аператыўнаму супрацоўніку ці агенту ў асноўным для аператыўнага ўкаранення і аператыўнага эксперыменту. [*]
Чалавек Шэймана
БРЦ атрымаў доступ да звестак, з якіх вынікае, што ў працэс рэгістрацыі «ГрандСпецТрэйдынг» быў уцягнуты супрацоўнік адной з арганізацыяў Кіраўніцтва справамі прэзідэнта — Аляксандр Юрачкін. У нас ёсць падставы лічыць яго чалавекам, набліжаным да паплечніка Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана.
З 2011-га па 2024 год Юрачкін працаваў юрыстам і начальнікам юрыдычнага аддзелу на «Беларусьторг». Гэта дзяржаўнае прадпрыемства належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта, якім з 2013-га да 2021-шы кіраваў Шэйман.
За некалькі месяцаў да сыходу Шэймана з дзяржслужбы Юрачкін пачаў па сумяшчальніцтве працаваць у ЗАТ «Вектар Капiтал Груп». Гэтая кампанія лічыцца ценявой бізнес-імперыяй Шэймана. БРЦ раней распавядаў, што ён, будучы кіраўніком справаў Лукашэнкі, шмат гадоў курыраваў буйны бізнес, заснаваны на дзяржаўных прэферэнцыях. Пасля адстаўкі Шэйман працягнуў патранаваць шэраг буйных бізнес праектаў.
Удалося даведацца пра далікатныя падрабязнасці з жыцця тандэма Шэйман-Пушкарова
Аляксандр Юрачкін таксама пазначаны ў спісе супрацоўнікаў ТАА «Комплекс-Інвест» у Менску. Гэтая кампанія займаецца будаўніцтвам VIP-аб'екту пад Сочы — магчымай першай замежнай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Грошы на будаўніцтва «Комплекс-Інвест» атрымала ад кампаніяў, звязаных з Віктарам Шэйманам.
БРЦ здабыў унікальныя кадры з месца, дзе паўстае маёнтак на грошы кампаній-удзельніц шматлікіх схемаў.
Прафесійны вайсковы з досведам продажу зброі
Працуючы над расследаваннем, журналіст БРЦ пад выглядам патэнцыйнага кліента «ГрандСпецТрэйдынгу» некалькі разоў тэлефанаваў Аляксандру Юрачкіну. Падчас першай размовы журналіст прадставіўся супрацоўнікам кампаніі, зарэгістраванай у ААЭ і зацікаўленай у куплі вайсковых тавараў «для патрэбаў СВА». Падчас другой — Юрачкін пацікавіўся, ці не знаёмы суразмоўца з чалавекам, якога незалежныя СМІ называлі кіраўніком спецпадраздзялення, створанага ў канцы 90-х па распараджэнні Шэймана, і які мае дачыненне да палітычных забойстваў ды знікненняў апанентаў Аляксандра Лукашэнкі.
— Мне сказалі, што звяртацца трэба было да Віктара Уладзіміравіча наўпрост, да Шэймана, — сказаў журналіст.
— Вось вам гэта хто сказаў? — удакладніў Юрачкін.
— Калега, — адказаў журналіст.
— Калега, калега, калега... А вам яшчэ не тэлефанавалі [наконт супрацы з «ГрандСпецТрэйдынг»], не?
— Не, яшчэ не.
— Вам яшчэ не тэлефанавалі... Скажыце, а Скулавец Уладзімір Рыгоравіч вам ні пра што не кажа? — упершыню назваў імя Юрачкін.
— Як яшчэ раз?
— Скулавец Уладзімір Рыгоравіч.
— З ім лепш за ўсё [размаўляць наконт супрацы з «ГрандСпецТрэйдынг»]? — удакладніў журналіст.
— Так, — пацвердзіў Юрачкін.
Паводле звестак «Кіберпартызанаў», Уладзімір Скулавец служыў у Галоўным штабе УС Беларусі (цяпер — Генеральны штаб УС РБ) з 1996-га па 2001 год. У «Кіберпартызанаў» няма дакладнай інфармацыі пра ягонае месца вайсковай службы ў 2001-2008 гадах, што ўскосна пацвярджае сакрэтны характар спецпадраздзялення, якім, паводле звестак журналістаў, кіраваў Скулавец.
У сярэдзіне двухтысячных журналісты называлі яго «самай даверанай асобай Шэймана». Сувязь паміж імі прасочваецца на працягу дзесяцігоддзяў. Са студзеня 2020 года па лістапад 2022-га Скулавец працаваў памочнікам кіраўніка справамі прэзідэнта — то бок амаль 18 месяцаў быў правай рукой Шэймана. Афіцыйна на працу з дзяржслужбы ў ягоную бізнес-імперыю чыноўнік перайшоў у канцы 2022 года. Паводле звестак на снежань 2025-га, Скулавец працаваў у «Вектар Капітал Груп» на пасадзе намесніка дырэктара. З 2008-га па 2011-ты — на дзяржпрадпрыемстве са статусам спецэкспарцёра «Белспецзнештэхнiка».
Статус для абслугоўвання расейскага ВПК?
Статус спецэкспарцёра дае беларускай кампаніі выключнае права працаваць са спецыфічнымі таварамі, уключаючы прадукцыю вайсковага і падвойнага прызначэння, а таксама праводзіць некаторыя ўгоды без празрыстых працэдураў (напрыклад, без адкрытых тэндараў). Акрамя «ГрандСпецТрэйдынг» ім надзелены ДЗГУП «Белзнешпрамсэрвiс», ДЗГУП «Белспецзнештэхнiка» і закрытае акцыянернае таварыства «Белтэхэкспарт». [*]
«Белзнешпрамсэрвіс» — дзяржаўнае прадпрыемства, якое стварылі для прасоўвання беларускай прадукцыі абароннага сектару на міжнародныя рынкі. Дзяржпрадпрыемства «Белспецзнештэхніка» афіцыйна займаецца вытворчасцю, мадэрнізацыяй і экспартам узбраенняў і вайсковай тэхнікі. «Белтэхэкспарт» — гэта прыватная фірма, якая афіцыйна займаецца экспартам і імпартам узбраенняў. Усе тры кампаніі знаходзяцца пад санкцыямі ЕЗ і ЗША.
Вайсковы аглядальнік выдання «Вот Так» Іван Лысюк тлумачыць, што «ў гандлі зброяй, элементамі ўзбраення, таварамі падвойнага прызначэння, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасці ўзбраення, дзяржава — манапаліст і вельмі жорстка рэгулюе гэтую сферу, таму сюды магчымы доступ толькі для абраных кампаніяў».
Ён дапускае, што з'яўленне новага спецэкспарцёра звязанае з ростам паставак кампанентаў з Беларусі на патрэбы расейскага ВПК:
«Мы бачым, што беларускі ваенпрам паступова перабудоўваецца на ўсё больш шчыльную супрацу з расейскай вайсковай прамысловасцю, гэта значыць гаворка ідзе не пра тое, каб пастаўляць нейкія сістэмы ўзбраення, больш гэта тавары падвойнага прызначэння, кампаненты, якія расейскі ваенпрам можа выкарыстоўваць [у сваіх мэтах] <...> Цяпер беларускія прадпрыемствы актыўна пастаўляюць кампаненты для беспілотнікаў у Расею. І планы існуюць, каб гэтую супрацу паглыбляць. Таму, калі гаворка ідзе пра з'яўленне новага спецэкспарцёра, то, як мне падаецца, гэта ў значна ў большай ступені тычыцца менавіта такіх ваенна-эканамічных адносінаў з Расеяй, чым нейкага глабальнага рыўка беларускіх вайсковых вытворцаў».
БРЦ звярнуўся па каментары да кампаніяў-фігурантаў гэтага расследавання і згаданых у ім Яўгена Галоўчыца, Аляксандра Юрачкіна і Уладзіміра Скулаўца. На момант публікацыі адказаў мы не атрымалі.