Расследаванні Сёння

Апасродкавана і наўпрост. Як кампаніі, звязаныя з экс-прэзідэнтам Кіпру, дапамагалі Юрыю Чыжу абыходзіць еўрапейскія санкцыі

…і рээкспартаваць расейскі бензін пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў.

Упершыню еўрапейскага палітыка найвышэйшага рангу злавілі на ўдзеле ў абыходзе санкцый. БРЦ высветліў, што да парушэнняў мела дачыненне кампанія экс-прэзідэнта Кіпру. Апроч таго яго фірмы дапамагалі рэалізоўваць кантрабандныя схемы на мільярды долараў, а фірма яго дачкі аплочвала адпачынак атачэнню Аляксандра Лукашэнкі.

Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з кіпрскім выданнем CIReN, нямецкімі ZDF і Paper Trail Media, аўстрыйскім Der Standard, Цэнтрам даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, пры падтрымцы «Рабочага Руху» і «Кіберпартызанаў».

Ад пачатку 2026 году старшынства ў Радзе Еўразвязу пераняла Рэспубліка Кіпр. Сярод прыярытэтаў на сваю шасцімесячную кадэнцыю Нікасія абвясціла «належнае выкананне санкцый ЕЗ супраць Расеі і Беларусі». Дагэтуль, штопраўда, Кіпр, наадварот, адзначыўся тым, што аднойчы заблакаваў санкцыі супраць афіцыйнага Менску. 

21 верасня 2020 году Рада Еўразвязу не здолела ўзгадніць пакет абмежаванняў супраць беларускіх урадоўцаў, абвінавачаных у фальсіфікацыях вынікаў прэзідэнцкіх выбараў ды рэпрэсіях, — заблакаваў Кіпр. Як паведамлялі медыі, Нікасія такім чынам спрабавала дамагчыся санкцый ЕЗ супраць Турцыі, з якой Рэспубліка Кіпр і Грэцыя знаходзяцца ў працяглым канфлікце пасля ўварвання на Кіпр у 1974 годзе і падзелу марскіх зон. Амерыканска-брытанскі фінансіст і антыкрамлёўскі палітычны лабіст Біл Браўдэр у інтэрв’ю OCCRP не выключыў, што блакаванне санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў магло тлумачыцца цеснымі фінансавымі сувязямі Кіпра з Расеяй.

Як выявіў БРЦ, за некалькі гадоў да таго выпадку сямейная юрыдычная кампанія тагачаснага прэзідэнта Кіпру Нікаса Анастасіядыса абслугоўвала бізнесоўца з атачэння Аляксандра Лукашэнкі і дапамагала яму абыходзіць санкцыі ЕЗ, уведзеныя за парушэнні на выбарах 2010 году і рэпрэсіі пасля іх.

Сэрвіс у часе санкцый

За фінансавую падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі з 2012-га па 2015 год у ЕЗ дзейнічалі санкцыі супраць Юрыя Чыжа і шэрагу ягоных кампаній, у тым ліку супраць СТАА «ТрайплФарм». Але пад санкцыі не трапілі два саўладальнікі «ТрайплФарм» — кіпрскія кампаніі Welgro Services Limited і Profax Investments Limited (далей — Welgro і Profax). [*] [*] Імі валодала і кіравала кампанія Imperium Nominees Limited (далей — Imperium Nominees), таксама зарэгістраваная ў Кіпры. [*] [*] [*] [*] Яна належыць дачцэ тагачаснага прэзідэнта Кіпру Нікаса Анастасіядыса Эльзе ды яго даўнім бізнес-партнёрам — Стасісу Лемісу і Тэафанісу Філіпоў. [*]

Крыніца: БРЦ

У фінансавых справаздачах кіпрскіх уласніц «ТрайплФарм» мы бачым прыкметы магчымага ўзаемадзеяння з іх падсанкцыйным беларускім актывам. У прыватнасці, у 2013 годзе «ТрайплФарм» мела запазычанасці перад Profax, а ў 2014-м запазычанасці зніклі. У справаздачы Profax за той жа год мы бачым паступленне грошай ад вяртання гэтых пазык. Выглядае, што беларуская падсанкцыйная кампанія выплаціла грошы сваёй еўрапейскай уласніцы. [*] [*]

Само па сабе атрыманне грошай ад падсанкцыйнай кампаніі парушэннем санкцый ЕЗ не з’яўляецца. Забаронена даваць грошы падсанкцыйным суб’ектам, а не прымаць ад іх. Але парушэнне санкцыяў магло заключацца ў тым, што рэальным уласнікам Profaх мог быць Юры Чыж. Гэта вынікае з ягонага ліста на адрас Дэпартаменту (бюро) Рэгістратара кампаніяў і інтэлектуальнай уласнасці Кіпра, дзе бізнесовец наўпрост пісаў, што валодаў гэтай кампаніяй з 2008 па 2017 гады «праз Imperium Nominees». Гэты ліст БРЦ атрымаў пры дапамозе «Рабочага Руху». [*]

Канфлікт паміж Чыжом і яго сям’ёй за кіпрскія кампаніі

У траўні 2023 года Юрый Чыж расказаў выданню «Народная Воля», што яго сям'я «скарысталася сітуацыяй, прыйшла да кіравання асноўнай часткі кампаній» — у той час ён знаходзіўся пад пераследам. У тым жа інтэрв'ю ён сцвярджаў, што аформіў бізнес на дзяцей, калі ўпершыню трапіў пад санкцыі ЕЗ, але настойваў, што заўсёды заставаўся фактычным уласнікам.

Каб вярнуць кантроль над кіпрскімі кампаніямі, Юры Чыж звярнуўся ў Менскі эканамічны суд. У ліпені 2023 года на закрытым пасяджэнні яму адмовілі ў пазове аб прызнанні права ўласнасці на Welgro і Profax, якія валодаюць 90% долі ў статутным фондзе «ТрайплФарм».

БРЦ азнаёміўся з судовымі дакументамі, з якіх вынікае, што бізнесовец дайшоў з абскарджаннямі да Вярхоўнага суда, дзе яму адмовілі, спаслаўшыся на брак неабходных доказаў валодання кіпрскімі кампаніямі. У верасні 2025 года іншы суд — эканамічны суд Менскай вобласці — прыняў пазоў Чыжа. Пасяджэнне па гэтым іску прызначана на травень 2026 года.

Такім чынам, у часе дзеяння еўрапейскіх санкцыяў супраць Юрыя Чыжа, якія мелі на ўвазе замарозку эканамічнай актыўнасці яго арганізацыяў, фірма бізнесоўца, зарэгістраваная ў ЕЗ на кампанію-правайдара сям’і тагачаснага прэзідэнта Кіпра, працягвала высылаць і атрымліваць грошы. У прыватнасці, Profax, вярнуўшы пазыкі ад «ТрайплФарм», вывела гэтыя сродкі, аформіўшы гэта як адміністратыўныя выдаткі. [*]

Каб зразумець, ці гэта законна, БРЦ запытаў Інстытут сертыфікаваных дзяржаўных бухгалтараў Кіпра (The Institute of Certified Public Accountants of Cyprus, ICPAC), пры якіх абставінах кіпрская кампанія можа працягваць працу, калі яе ўладальнік, дырэктар альбо кіраўнік знаходзяцца пад санкцыямі. У адказе нам патлумачылі, што мэта санкцый не ў роспуску юрасобы, а ў абмежаванні яе фінансавых магчымасцяў. 

«Калі дырэктар/менеджар не можа быць адхілены ад пасады, варта прыняць адпаведныя захады для забеспячэння таго, каб санкцыянаванаму дырэктару/менеджару не пералічваліся (наўпрост ці ўскосна) якія-небудзь выгады, няхай гэта будзе ў выглядзе грашовых сродкаў (заработная плата/выплаты ў натуральнай форме) або з дапамогай ажыццяўлення яго паўнамоцтваў па прыняцці рашэнняў. <...> Пастаўшчык адміністрацыйных паслуг можа эфектыўна перадухіліць доступ названай асобы да сродкаў, замарозіўшы прадстаўленне сваіх паслуг», — абазначыў ICPAC.

Сам экс-прэзідэнт Кіпру меў не толькі апасродкаванае, але і наўпроставае дачыненне да гэтай схемы. Да 2013 году Нікас Анастасіядыс быў саўладальнікам кампаніі Imperium Services. Яна была сакратаром Profax, у тым ліку тады, калі Юры Чыж знаходзіўся пад санкцыямі ЕЗ.

Наўрад ці сям’я Анастасіядыса можа спаслацца на няведанне санкцыйных законаў. Юрыдычным кансультантам Profax на момант апісаных вышэй транзакцыяў была фірма Nicos Chr Anastasiades & Partners. Яе ў 2001 годзе заснаваў сам Нікас Анастасіядыс і выйшаў са складу ўласнікаў толькі за два дні да свайго прывядзення да прысягі на пасаду прэзідэнта Кіпра ў лютым 2013-га. Партнёрамі ў юрыдычнай кампаніі да моманту ліквідацыі ў 2022 годзе заставаліся дочкі экс-прэзідэнта Кіпра Эльза ды Іно Анастасіядыс, а таксама Стасіс Леміс ды Тэафаніс Філіпоў (абодвух мы згадвалі вышэй як партнёраў дачкі прэзідэнта па кампаніі Imperium Nominees). [*] [*] [*] 

Тэафаніс Філіпоў і Нікас Анатасіядыс пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2018 годзе
Крыніца: Katia Christodoulou/EPA/EFE. Тэафаніс Філіпоў (злева) і Нікас Анатасіядыс (па цэнтру) пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у 2018 годзе

Кантрабанда на мільярды і «стрыжка дэпазітаў»

Кампаніі Нікаса Анастасіядыса мелі дачыненне да вядомай беларускай схемы, якую медыі называлі кантрабанднай, — рээкспарту расейскага бензіну пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў у 2011—2012 гадах. Паводле тагачаснага пагаднення паміж Менскам і Масквой, Беларусь павінна была плаціць у бюджэт РФ вывазное мыта ў памеры да паловы сусветнай цаны рээкспартаваных расейскіх нафтапрадуктаў. Але беларускія кампаніі пазбягалі гэтага, афармляючы расейскія бензін і дызель пры вывазе з Беларусі як растваральнікі, разбаўляльнікі, біядызель ды змазачныя маслы. 

«Блізкія да Лукашэнкі бізнесоўцы зарабілі проста шалёныя грошы за вельмі кароткі перыяд. Пакуль Расея не спахапілася і не прыжучыла, так бы мовіць, хітраватага свайго партнёра», — адзначыў у каментары БРЦ эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.

Цэнтральным суб’ектам у гэтай схеме была фірма Mabor Co Ltd (далей — Mabor). Праз яе праходзілі асноўныя кантрабандныя плыні. Валодала кампаніяй і была дырэктарам у ёй Imperium Nominees, што належала дачцэ і бізнес-партнёрам Нікаса Анастасіядыса. Сакратаром і юрыдычным кансультантам былі кампаніі, якімі сувалодаў сам Анастасіядыс, — Imperium Services і Nicos Chr Anastasiades & Partners. [*] [*] [*]

Сярод буйных удзельнікаў гэтай схемы называлі беларускія фірмы СЗАТ «ТрайплЭнерга» ды ТДА «Белнафтагаз», саўладальнікам якіх быў Аляксей Алексін, на той момант бізнес-партнёр Юрыя Чыжа. Паводле дакументаў, якія БРЦ атрымаў пры дапамозе «Рабочага Руху», у 2010 годзе 91% ад выручкі «Белнафтагазу» займаў гандаль з фірмай Mabor — амаль на чвэрць мільярда долараў. На першае паўгоддзе 2012 году Mabor мела кантракты з «Белнафтагазам» на пастаўку «растваральніку» на $1,3 млрд. [*] [*] [*] [*] [*]

Выява створаная з выкарыстаннем ШІ
Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Яшчэ адным каналам, праз які Mabor атрымлівала нафтапрадукты з Беларусі, была фірма UAB One Energy, зарэгістраваная ў Літве. Яна належала Вілюсу Каваляўскасу — уласніку літоўскай кампаніі-правайдара UAB Lewben, якая абслугоўвала Аляксея Алексіна ды Аляксандра Зайцава (абодва на момант публікацыі пад еўрапейскімі і амерыканскімі санкцыямі). Сярод сваіх пастаўшчыкоў One Energy указвала беларускія фірмы ТАА «Трайпл», «ТрайплЭнерга» і «Белнафтагаз». У 2011-м абарот Mabor склаў больш за $4 млрд — вырас у пяць разоў у параўнанні з папярэднім годам. [*] [*]

Праз год пасля завяршэння схемы з «разбаўляльнікамі» прэзідэнт Анастасіядыс і кампанія Mabor трапілі ў скандал на радзіме.

У 2013-м кампанія вывела больш за $20 млн з Кіпра — незадоўга да планаванай тады «стрыжкі дэпазітаў». «Стрыжка дэпазітаў» буйных укладчыкаў кіпрскіх банкаў была ўмовай Еўрагрупы для атрымання Кіпрам $10 млрд, каб уратаваць ад калапсу банкаўскі сектар краіны. Кіпрскія медыі падазравалі тагачаснага прэзідэнта Нікаса Анасасіядыса ў тым, што ён мог скарыстацца інсайдарскімі ведамі аб частковай замарозцы дэпазітаў, каб папярэдзіць уласнікаў Mabor. Фірма Анастасіядыса Nicos Chr Anastasiades & Partners адхіляла гэтыя абвінавачанні.

Знайсці адназначны адказ на пытанне, хто быў рэальным бенефіцыярам Mabor, у нас не атрымалася. На магчымых людзей, якія яе кантралявалі, можа ўказваць інфармацыя з фінансавых справаздач кампаніі. У іх пададзеныя звязаныя з ёй фірмы: яны разам з Mabor маглі, але не мусілі, належаць аднаму ўласніку. Адной з іх рэальна валодаў Юры Чыж. Яшчэ адной — на той момант супрацоўніца правайдарскай кампаніі Lewben, а з 2016 году — літоўскі бізнес-партнёр Юрыя Чыжа Вітольд Тамашэўскі. Тамашэўскі таксама ўдзельнічаў у схеме з «растваральнікамі» і валодаў, разам з Чыжом, сеткай менскіх гіпермаркетаў ProStore. [*] [*]

Кантракты ад імя Mabor падпісваў Тэафаніс Філіпоў, згаданы раней партнёр экс-прэзідэнта Кіпра. З 2008-га па 2011 гады Філіпоў сем разоў асабіста наведваў Беларусь. На пытанне БРЦ аб мэце гэтых паездак, ён сказаў, што па асабістых справах, якіх канкрэтна — не абавязаны тлумачыць. [*] [*] [*]

Адпачынак з мадэлямі, гульні на Форэксе і казіно

Апроч супрацы кіпрскіх кампаніяў з падсанкцыйнымі беларускімі і ўдзелу ў схеме з «растваральнікамі» БРЦ знайшоў і іншыя доказы сувязі экс-прэзідэнта Кіпра ды яго партнёраў з «гаманцамі» Аляксандра Лукашэнкі і ім самім. 

У студзені 2012 году, у разгар кантрабанднай схемы, кіпрская фірма Bertament Limited заключыла дамову з санаторыем «Беларусь» на гарналыжным курорце «Красная Паляна» на 16-дзённае пражыванне групы беларусаў. На дамове з боку Bertament Limited — імя Тэафаніса Філіпоў, бізнес-партнёра экс-прэзідэнта Кіпру. З дапамогай «Рабочага Руху» мы знайшлі спіс гэтых гасцей санаторыя, якія выязджалі ў дзень, указаны ў дамове. [*] [*] [*]

Рахунак на $25 тыс. уключаў пражыванне ў санаторыі «Беларусь» 16 асобаў: бізнесоўцаў Юрыя Чыжа, Аляксандра Шакуціна і Сяргея Цяцерына, хакеіста Міхаіла Захарава, біятланіста Сяргея Булыгіна, старшыні кіравання АНТ Рыгора Кіселя, Miss Supranational—2012 Кацярыны Бурай, мастацкага кіраўніка ансамбля «Верасы» Васіля Раінчыка, спявачкі Вікторыі Алешкі, фіналісткі «Міс Менск» і пазней дырэктаркі мадэльнай агенцыі Нацыянальнай школы прыгажосці Юліі Цурыкавай, фіналісткі «Міс Беларусь» Вікторыі Зубрыцкай, першай настаўніцы Мікалая Лукашэнкі Марыі Багамолавай, супрацоўніцы Палацу Рэспублікі Таццяны Матвеевай, якая праз два гады стане бізнес-партнёркай Сяргея Цяцерына, супрацоўніцы Белтэлерадыёкампаніі Паліны Шубы, мадэлі і акторкі Купалаўскага тэатру Марты Голубевай. Шаснаццаты — духоўнік Аляксандра Лукашэнкі, протаіерэй Фёдар Поўны.

Выява створаная з выкарыстаннем ШІ
Крыніца: БРЦ. Выява створаная з выкарыстаннем ШІ

Гэты адпачынак супаў са знаходжаннем на тым жа курорце Аляксандра Лукашэнкі. Там палітык сумяшчаў перамовы з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым і кароткатэрміновы адпачынак. 

Намінальнымі ўладальнікамі кампаніі Bertament, якая аплаціла вакацыі, былі фірмы Imperium Nominees і Imperium Services. На той момант мажарытарнымі акцыянерамі ў гэтых кампаніях былі Эльза і Нікас Анастасіядыс адпаведна. У нас ёсць падставы меркаваць, што рэальным бенефіцыярам Bertament быў Юры Чыж. У справаздачы Profax за 2021 год ёсць радок «пазыкі ад даччыных кампаній» на $5 млн. Там жа ўказана, што даччыная кампанія, якая выдала крэдыт на такую ж суму, — гэта Bertament. Вышэй мы распавялі, што Чыж назваў сябе рэальным бенефіцыярам Profax. Гэтая кампанія, а таксама Welgro на момант публікацыі аформленыя на яго сына Уладзіміра. Таксама мы бачым, што ў наступным годзе Юры Чыж аплочваў падобны адпачынак ужо праз іншую кампанію. [*] [*] [*]

У 2013 годзе Тэафаніс Філіпоў працягваў працаваць з Беларуссю — падпісваў камерцыйныя прапановы на пастаўку заходнім пакупнікам беларускіх нафтапрадуктаў. На адной такой прапанове на бланку Edena Investments Limited стаяць яго імя, подпіс і дзве пячаткі: Edena Investments ды Imperium Nominees. Кампанія Edena Investments стала скандальна вядомай у Беларусі ў 2016 годзе, пад час суду над Казбекам Япрынцавым, сынам былога бізнес-партнёра Юрыя Чыжа. У рэпартажах пра гэты суд медыі паведамлялі, што Казбек — яе саўладальнік і атрымліваў на гэтую фірму перадплату за нафтапрадукты, якую, паводле яго паказанняў у судзе, ён потым прайграў на рынку Форэкс. [*]

Сямейныя кампаніі-правайдары экс-прэзідэнта Кіпра абслугоўвалі таксама фірму Roslaton Holdings Limited, якая да 2019 году валодала доляй у менскім казіно «Шангры Ла». У справаздачы для кіпрскіх уладаў Roslaton Holdings Limited у якасці звязанай кампаніі ўказвала эмірацкую фірму Petrotrade, якая належыць сыну «гаманца» Лукашэнкі Аляксея Алексіна Дзмітрыю. [*] [*] [*]

Каб даць магчымасць выказацца, мы даслалі запыты і патэлефанавалі ўсім фігурантам гэтага расследавання. Юры Чыж адмовіўся адказваць на нашыя пытанні. Былы прэзідэнт Кіпру Нікас Анастасіядыс адказаў, што не валодае інфармацыяй і не можа адказаць на нашыя пытанні. Ён дадаў, што, калі мы будзем «настойваць на сваіх абвінавачваннях», у яго «не будзе іншага выбару, акрамя як прыняць захады прававога характару». Тэафаніс Філіпоў спачатку сказаў, што памятае кампанію Mabor, але былых партнёраў — ужо не, а пасля прыгразіў наступствамі, калі мы апублікуем «што-небудзь недакладнае». Ён нам адказаў і пісьмова — ад імя кампаніі Nicos Chr Anastasiades & Partners LLC: «катэгарычна адкінуў усе абвінавачванні» і ўзгадаў нашыя пытанні як «беспадстаўныя, недаказаныя і, відаць, заснаваныя на няправільных здагадках». Таксама Філіпоў прыгразіў «судовым разборам за паклёп» і ўзгадаў «кампенсацыю шкоды».

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць