Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Рослікаў даказваў правал санкцыяў на прыкладзе рыбы, якую ніхто не забараняў
Былы дэпутат Сейма, які з’ехаў з Латвіі ў Беларусь, абвясціў пра замяшчэнне рыбы, якую краіны Балтыі працягвалі пастаўляць.
Былы дэпутат латвійскага Сейма Аляксей Рослікаў, які з’ехаў у Беларусь, заявіў, што краіны Балтыі перасталі пастаўляць у Беларусь рыбу і морапрадукты, але краіна паспяхова знайшла ім замену. Аднак такой забароны не ўводзілі ні Еўразвяз, ні Беларусь. Больш за тое, пастаўкі рыбнай прадукцыі з краін Балтыі выраслі.
Кантэкст:Міністр транспарту Літвы назваў размовы пра аднаўленне транзіту беларускага калію праз краіну пустой стратай часу, нягледзячы на паведамленні пра тое, што ЗША заклікаюць перагледзець дзейныя абмежаванні. У інтэрв’ю радыёстанцыі Žinių Radijas 4 чэрвеня 2026 года ён нагадаў, што для змены санкцыяў Еўразвязу патрабуецца згода ўсіх 27 краін-членаў, што, на яго думку, цяпер нерэалістычна.
Былы дэпутат латвійскага Сейма Аляксей Рослікаў, які з’ехаў у Беларусь, у відэа, апублікаваным у ягоным тэлеграм-канале 29 траўня 2026 года, заявіў, што Беларусь паспяхова замяніла рыбную прадукцыю з краін Балтыі пасля таго, як яны нібыта адмовіліся яе пастаўляць.
«Наконт санкцыяў: працуюць яны ці не? Хлопцы, гэта абсалютная, поўная лухта. <...> На простым прыкладзе. Рэспубліка Беларусь. Прыбалты сказалі: мы вам больш не будзем пастаўляць нічога, што звязанае з морам і акіянам, ніякай рыбнай прадукцыі. Беларусы сказалі: добра. Цяпер паглядзіце ў крамы Беларусі. Паглядзіце — гэта горад Менск. Ёсць абсалютна ўсё. Усё, што ўчора плавала ў моры і акіяне, тут прадаецца і даступнае», — сказаў Рослікаў.
У беларускіх крамах сапраўды можна купіць розную рыбу і морапрадукты. Але не таму, што Беларусь замяніла прадукцыю, забароненую краінамі Балтыі.
Ні краіны Балтыі, ні Еўразвяз не ўводзілі санкцыяў на пастаўкі рыбы і морапрадуктаў у Беларусь. Еўрапейскія абмежаванні датычацца іншых катэгорыяў тавараў — напрыклад, прадметаў раскошы, прадукцыі падвойнага прызначэння, асобных відаў абсталявання і тэхнікі. Са студзеня 2022 года Беларусь у адказ на еўрапейскія санкцыі ўвяла эмбарга на шэраг прадуктаў харчавання з краін ЕЗ. Аднак рыба і морапрадукты ў гэты спіс не трапілі. Тагачасны міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў патлумачыў гэта тым, што Беларусь не можа цалкам забяспечыць сябе такой прадукцыяй.
У выніку ніводзін з бакоў не забараняў гандаль рыбай. Больш за тое, пастаўкі рыбы і морапрадуктаў з краін Балтыі ў Беларусь за тры гады выраслі ўдвая ў грашовым выражэнні.