Кантэкст: Чацвёрты год запар Аляксандр Лукашэнка сустрэў Дзень Перамогі на парадзе ў Маскве. Праз гэта ўрачыстыя мерапрыемствы ў Беларусі правялі ўвечары, ужо пасля маскоўскіх. Да 2023 года Лукашэнка ездзіў у Маскву на 9 траўня даволі рэдка і аддаваў перавагу святкаванню гэтага дня ў Беларусі, хоць у 2025 годзе і расказаў, што адзначаць яго ў РФ — традыцыя (гэты фэйк мы ўжо развянчалі). Акрамя яго, на Чырвонай плошчы побач з Уладзімірам Пуціным сёлета прысутнічалі кіраўнікі Казахстану, Узбекістана, Лаосу і Малайзіі. Расея і Украіна пры пасярэдніцтве ЗША на гэтыя дні заключылі часовае перамір’е.
«Радыё-Менск»: 9 траўня — няма
Галоўны рэдактар «Менскага кур’ера» Кірыл Казакоў, вядомы прапановай судзіць маці, якая распавяла, што ўрок пра спальванне людзей у Хатыні моцна напалохаў яе 6-гадовае дзіця, і заклікам расстраляць цяпер ужо нябожчыка, папулярнага блогера Мікіту Мелказёрава, выступіў з новай прапановай. У эфіры «Радыё-Менск» 5 траўня 2026 года ён заклікаў судзіць грамадзян за «адмаўленне 9 траўня». Абгрунтоўваючы сваю пазіцыю, ён заявіў:
«Я разумею, што, страціўшы 9 траўня, мы, уласна кажучы, страцім нейкую аснову дзяржавы. Заўваж, 9 траўня няма ні ва Украіне, ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні ў Эстоніі. Там ёсць 8 траўня — Дзень Еўропы».
У гэтым сцвярджэнні — адразу некалькі памылак. Дзень Еўропы ў Еўразвязе адзначаюць не 8, а 9 траўня. Пры гэтым ва Украіне і краінах Балтыі ёсць уласныя памятныя даты, звязаныя з заканчэннем Другой сусветнай вайны і перамогай над нацызмам. 8 траўня там адзначаюць Дзень памяці ахвяр Другой сусветнай вайны. У Эстоніі гэты дзень называецца інакш — Дзень заканчэння Другой сусветнай вайны. Дзень памяці ахвяр камунізму і нацызму ў Эстоніі прыпадае на жнівень.
Адрозненне паміж еўрапейскім 8 траўня і савецкім 9 траўня сапраўды ёсць. У еўрапейскай традыцыі гэта хутчэй дзень смутку і памяці пра загінулых, а не нагода для ўрачыстасцей з ваеннымі парадамі. Гэты дзень таксама адзначаюць на дзяржаўным узроўні, у тым ліку з ускладаннем кветак да магіл загінулых у Другой сусветнай вайне.
Розніца ў датах таксама не азначае гістарычнай супярэчнасці. Акт капітуляцыі Нямеччыны падпісалі ў ноч з 8 на 9 траўня, ён набыў моц 8 траўня а 23:01 паводле сярэднееўрапейскага часу, што адпавядала 9 траўня 01:01 паводле маскоўскага часу. Таму памятныя даты 8 і 9 траўня звязаныя з адной гістарычнай падзеяй, але адлюстроўваюць розныя традыцыі яе асэнсавання.
СТБ: памятныя мерапрыемствы па-за законам
На тэлеканале СТБ выкарысталі гэтую тэму для яшчэ аднаго сцвярджэння: нібыта ў Эстоніі забароненыя любыя ўрачыстасці і памятныя мерапрыемствы, звязаныя з Днём Перамогі, у тым ліку ўскладанне кветак да магілы воіна-вызваліцеля.
— Любыя ўрачыстасці або памятныя мерапрыемствы ў дні, калі 81 год таму Еўропа была вызваленая ад фашызму, у сучаснай Эстоніі забароненыя, — сказала вядоўца праграмы «Навіны 24 гадзіны» Юлія Аляксюк у сюжэце пад назвай «Вайна з гісторыяй» 5 траўня 2026 года.
— Пад каток рэпрэсій трапіць усё, што хоць неяк нагадвае пра гэтае свята, як і тыя, хто не хоча забываць, якой цаной дасталася Перамога. Таму ў краіне 8, 9 і 10 траўня будуць па-за законам усе масавыя шэсці, дэманстрацыі, мітынгі і сходы. Катэгарычна не дазваляецца выкарыстоўваць савецкую сімволіку і нават ускладаць кветкі. Паліцыя будзе за гэтым уважліва сачыць, — працягнуў сувядоўца Ігар Пазняк.
Гэта не адпавядае фактам. Жыхары Эстоніі могуць ускладаць кветкі 9 траўня, ніхто ім гэтага не забараняў. Напрыклад, у 2026 годзе людзі прыходзілі да помніка савецкім воінам, якія загінулі ў Другой сусветнай вайне, у Талліне. Кветкі таксама ўскладалі ў Нарве. Мясцовыя жыхары масава прыносілі кветкі да помнікаў і ў папярэднія гады.
Абмежаванні ў Эстоніі датычаць не памяці пра загінулых або ўскладання кветак. Забаронена выкарыстоўваць свята для прапаганды вайны: напрыклад, ужываць сімвалы Z і V, георгіеўскую стужку, сцягі Расеі і Савецкага Саюзу, сцягі так званых народных рэспублік, а таксама вайсковую форму і рыштунак. Гэтыя абмежаванні дзейнічаюць з пачатку вайны ва Украіне, і новых забаронаў сёлета не ўводзілі.