Антыфэйк / фактчэк Сёння

Кожны шосты жыхар Латвіі — чыноўнік? Госць «Беларусь-РТР» запісаў у бюракраты лекараў, настаўнікаў і вайскоўцаў

Аляксей Рослікаў назваў чыноўнікамі ўсіх работнікаў грамадскага сектару Латвіі.

Былы дэпутат латвійскага Сейма Аляксей Рослікаў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-РТР» заявіў, што кожны шосты жыхар Латвіі — чыноўнік. Паводле яго слоў, іх у краіне каля 300 тыс. Але гэта падмена: прыкладна столькі ў Латвіі работнікаў грамадскага сектару, куды ўваходзяць не толькі дзяржапарат, але і школы, больніцы, паліцыя, армія, пажарныя і дзяржпрадпрыемствы.

Кантэкст: Латвія можа забараніць усе рэгулярныя аўтобусныя пасажырскія перавозкі ў Беларусь і Расею, паведамілі мясцовыя медыі ў сярэдзіне траўня 2026 года. Забарона на нерэгулярныя аўтобусныя перавозкі ўжо дзейнічае. Такую прапанову распрацавала Міністэрства паведамлення. Прычына — транспартнае паведамленне з Беларуссю і Расеяй спрыяе рэалізацыі пагрозы нацыянальнай бяспецы.

На тэлеканале «Беларусь-РТР» краінам Балтыі прысвяцілі асобны выпуск ток-шоу «Меркаванні». Былы дэпутат латвійскага Сейма Аляксей Рослікаў, які зʼехаў у Беларусь, у эфіры 24 траўня 2026 года раскрытыкаваў Латвію за памеры бюракратыі. Паводле яго слоў, кожны шосты жыхар краіны — чыноўнік.

«Пенсіянераў — 438 тысяч, дзяцей — 340. Гэта, паводле іх статыстыкі, 40% насельніцтва. … З іх далей — 300 тысяч чыноўнікаў. І кажуць, што паўмільёна працоўных, але лічба значна меншая. То бок рэальна сёння ўсю Латвію ўтрымліваюць плюс-мінус паўмільёна працоўных — даслухайце да канца — плюс датацыі Еўразвязу», — заявіў Рослікаў.

Гэтай лічбе здзівіўся нават вядоўца Ігар Пазняк:

— Пачакайце, 300 тысяч чыноўнікаў? — спытаў ён.

— 300 тысяч чыноўнікаў, — пацвердзіў Рослікаў.

Лічбы пра дзяцей і пенсіянераў блізкія да афіцыйнай статыстыкі. Разам яны сапраўды складаюць каля 40% насельніцтва. А вось колькасць працоўных Рослікаў занізіў. У 2025 годзе ў Латвіі было 800 тыс. наёмных работнікаў, за якіх працадаўцы плацілі сацыяльныя ўнёскі.

Чыноўнікаў у Латвіі таксама значна менш, чым сцвярджае Рослікаў. Падобна, ён залічыў у чыноўнікі ўсіх работнікаў грамадскага сектару. Іх сапраўды каля 300 тыс. Але ў гэтую катэгорыю ўваходзяць дзяржаўныя і муніцыпальныя ўстановы, дзяржаўная адукацыя, ахова здароўя, паліцыя, армія, пажарныя, а таксама прадпрыемствы, якія кантралююцца дзяржавай або самакіраваннямі.

Сапраўдных чыноўнікаў — то бок работнікаў дзяржапарату, якія прымаюць, афармляюць або выконваюць рашэнні ўлады, — у Латвіі каля 11 тыс. Гэта прыкладна ў 30 разоў менш, чым заявіў на беларускім ТБ былы дэпутат латвійскага Сейма.

Для параўнання: беларуская статыстыка не публікуе дакладную колькасць чыноўнікаў. Але яе можна прыкладна ацаніць. Паводле дадзеных Белстату, у сферы дзяржаўнага кіравання працуюць каля 180 тыс. чалавек. Пры гэтым статус дзяржслужбоўца маюць каля 37 тыс. чалавек. Апошні раз такую лічбу агучыў Аляксандр Лукашэнка ў 2018 годзе.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць