Кантэкст: 21 жніўня 2026 года газета «СБ. Беларусь сёння» паведаміла пра высокую ўраджайнасць беларускага ячменю і рапсу ў сёлетнюю ўборачную кампанію. Выданне звязала вынікі з новымі беларускімі гатункамі, якія больш ураджайныя за замежныя.
14 жніўня 2026 года сувядоўца праграмы «Вечаровы палітычны канал» на «Радыё-Менск» Алена Радоўская, разважаючы пра харчовую бяспеку, параўнала Беларусь і Латвію.
«Харчовая бяспека нашай краіны забяспечаная на ўсе 100%, то бок максімальна. У Латвіі — 27%. <...> Ну як вось не накарміць два мільёны [насельніцтва]? І толькі на траціну мы (улады Латвіі — рэд.) забяспечылі харчовую бяспеку».
Двума днямі раней падобнае сцвярджэнне прагучала ў навінах «24 гадзіны» тэлеканалу СТБ:
«Сельская гаспадарка Латвіі забяспечвае краіну харчаваннем менш чым на траціну. Такія дадзеныя ўтрымліваюцца ў распрацаваным Міністэрствам земляробства плане развіцця галіны да 2036 года».
Каманда Weekly Top Fake азнаёмілася з дакументам «Стан сельскай гаспадаркі Латвіі і План развіцця сельскай гаспадаркі — Дарожная карта на 2026—2036 гады». Доля 27% у ім сапраўды ёсць, але азначае іншае: гэта адсотак тавараў латвійскай вытворчасці сярод усіх прадуктаў харчавання, якія спажываюцца ў краіне. Астатнія 73% прыпадаюць на імпарт. Для Беларусі, напрыклад, суадносіны адваротныя: 75% прадуктаў — уласнай вытворчасці, 25% — імпартныя.
Гэты паказнік звязаны з харчовай бяспекай, аднак не паказвае ўзровень самазабяспечанасці краіны. Вялікая доля імпарту сама па сабе не азначае, што Латвія не здольная пракарміць сваё насельніцтва. Краіна адначасова экспартуе значныя аб’ёмы ўласнай харчовай сыравіны і імпартуе гатовыя прадукты. Напрыклад, можа прадаваць за мяжу збожжа і сырое малако, а закупляць макароны, сыры і ёгурты.
Гэтае адрозненне добра відаць на прыкладзе збожжа. У 2025 годзе Латвія сабрала 3,2 млн тон збожжавых, тады як унутранае спажыванне склала 0,9 млн тон. Атрымліваецца, краіна вырабляе больш чым утрая больш збожжа, чым спажывае сама: узровень самазабяспечанасці складае 344%. Большую частку збожжа Латвія прадае за мяжу.
Вытворчасць малака і малочных прадуктаў таксама перавышае ўнутраныя патрэбы. Латвія вырабіла 978,7 тыс. тон пры спажыванні 731,3 тыс. тон. Узровень самазабяспечанасці — каля 134%. Акрамя таго, краіна экспартуе гэтай прадукцыі больш, чым імпартуе.
Яшчэ вышэйшы паказнік па яйках і яечных прадуктах. Вытворчасць склала эквівалент 966,1 млн яек пры ўнутраным спажыванні 510,5 млн. Такім чынам, Латвія забяспечвае 189% уласных патрэбаў, а экспарт прыкладна ўдвая перавышае імпарт.
З мясам сітуацыя іншая. У сукупнасці вытворчасць свініны, ялавічыны, мяса птушкі, бараніны і казляціны склала 90,1 тыс. тон, а ўнутранае спажыванне — 158,2 тыс. тон. Гэта адпавядае ўзроўню самазабяспечанасці каля 57%. Пры гэтым паказнікі істотна адрозніваюцца ў залежнасці ад віду мяса. Ялавічыны Латвія вырабляе на ўзроўні 162% унутраных патрэбаў, мяса птушкі — 57%, свініны — 44%.
У параўнанні з нашай краінай Латвія прайграе не заўсёды, як можа падацца са слоў Радоўскай. Беларусь заўважна апярэджвае яе па малаку: 299,2% супраць 133,8%. Па яйках, наадварот, паказнік Латвіі вышэйшы — 189,2% супраць 131,7% у Беларусі. Латвія таксама апярэджвае Беларусь па ўзроўні самазабяспечанасці збожжам, тады як Беларусь лідаруе па мясе і гародніне. Пры гэтым у самой Латвіі прызнаюць неабходнасць нарошчваць вытворчасць уласных прадуктаў харчавання.


Праект рэалізуецца пры суфінансаванні Еўрапейскага звязу. Выказаныя погляды і меркаванні належаць выключна аўтарам і не абавязкова адлюстроўваюць пазіцыю Еўрапейскага звязу ці Еўрапейскага выканаўчага агенцтва па пытаннях аховы здароўя і лічбавых тэхналогіяў (HADEA). Ні ЕЗ ні орган, які прадставіў фінансаванне, не нясуць за іх адказнасці.