«Ковід — вайсковая аперацыя Захаду» — так называлася адна з тэмаў «Клуба рэдактараў», які паказалі на «Беларусь 1» 22 лістапада 2024 года. Абмяркоўваючы яе з іншымі ўдзельнікамі выпуску, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант расказаў, хто стаяў за пандэміяй каранавіруса:
«У лістападзе 2024 года міністр аховы здароўя Нідэрландаў прызнае: ковід — гэта вайсковая аперацыя. Давайце паслухаем некалькі паведамленняў і потым зробім па гэтай нагодзе нейкую выснову. Давайце паслухаем».
Далей паказалі ўрывак выступу міністаркі аховы здароўя Нідэрландаў Флёр Агемы. На відэа наклалі сінхронны закадравы пераклад на рускую мову.
«Мы павінны кіравацца загадам NATO, ЗША і нацыянальнага каардынатара Нідэрландаў па бяспецы і змаганні з тэрарызмам. Ковід — гэта вайсковая аперацыя. І цяперашняя гатовасць да пандэміі — гэта вайсковая аперацыя, якая не мае нічога агульнага з аховай здароўя ў традыцыйным сэнсе гэтага слова».
Каманда WTF знайшла арыгінальнае відэа з міністаркай. На ім — дэбаты ў парламенце Нідэрландаў пад канец кастрычніка 2024 года, на якіх абмяркоўвалі бюджэт Міністэрства аховы здароўя на наступны год. Флёр Агема казала пра патрэбу скараціць выдаткі на праграму гатовасці да пандэміі.
Мы знайшлі той самы момант, які паказалі ў «Клубе рэдактараў», і папрасілі перакладчыка, які валодае нідэрландскай мовай, праверыць, пра што насамрэч ішла гаворка.
«Я ўжо вам гэта патлумачыла ў адказе на папярэдняе пытанне. У апошнія тыдні мне некалькі разоў казалі, што я змяніла сваю думку. Аніразу гэта не было праўдай. Аднак варта заўважыць, што тое заданне, якое я атрымала пры прызначэнні, не адпавядае таму, што я казала пра гэта раней», — сказала Флёр Агема.
Таксама мы прачыталі поўны пратакол дэбатаў, даступны на сайце парламента Нідэрландаў. Міністарка сапраўды казала пра ковід і NATO, толькі ў іншым кантэксце. Чыноўніца прапанавала скараціць выдаткі на пандэмію, з чым некаторыя прысутныя былі не згодны. Сярод прычын скарачэнні, якія яна назвала: сродкі патрэбныя Нідэрландам для выканання абавязанняў перад NATO па інвестыцыях у абарону, а таксама пагрозы на ўсходняй мяжы Альянсу, да якіх трэба быць гатовымі.