Антыфэйк / фактчэк

05 жніўня

Дэпутат Булаўка: Ракета, якая патрапіла ў кіеўскі дзіцячы шпіталь, не падобная да расейскай. Мы вымералі і параўналі снарады

У кіеўскую клініку «Ахова мацярынства і дзяцінства» («Ахматдзет») трапіла не расейская ракета, заявіў дэпутат парламенту Беларусі і палкоўнік запасу Анатоль Булаўка.

У кіеўскую клініку «Ахова мацярынства і дзяцінства» («Ахматдзет») трапіла не расейская ракета, заявіў дэпутат парламенту Беларусі і палкоўнік запасу Анатоль Булаўка. Ён паўтарыў аргументы расейскага боку, што параметры снараду, які патрапіў ва ўкраінскую лякарню, і ракет, якімі вядзе абстрэл РФ, не супадаюць. Каманда Weekly Top Fake правяла ўласную экспертызу. 

У канцы ліпеня Bloomberg паведаміў, што Украіна атрымала першую партыю знішчальнікаў F-16. Гэтая тэхніка дазваляе паражаць цэлі на далёкіх адлегласцях. Украінскія пілоты прайшлі навучанне ў ЗША і Еўропе па яе выкарыстанні. Аднак дэпутат парламенту Беларусі, палкоўнік запасу Анатоль Булаўка 26 ліпеня 2024 года ў праекце «PRO Войска» на «СБ ТБ» выказаў сумневы, што кіраваць F-16 будуць украінцы. На яго думку, працэсу навучання пілотаў прысвяцілі занадта шмат увагі, такім чынам спрабуючы схаваць, што на самой справе кіраваць знішчальнікамі будуць заходнія адмыслоўцы. 

Разважаючы пра хлусню, Булаўка прывёў у прыклад удар ракетай па дзіцячым шпіталі «Ахматдзет» у Кіеве 8 ліпеня 2024 года:

«Злачынства супраць чалавечнасці — дзіцячы шпіталь разбамбілі. Ужо няўзброеным вокам, ужо тысячу-тысячу фатаграфій апублікавана, што СПАшная ракета ўпала. Але расейская відавочна не даляцела б СПАшная ракета датуль. <...> Ну, на расейскую ракету нават не падобна, але гэта нікога не цікавіць».

Расейскі бок таксама прыводзіў аргументы, чаму ў больніцу не магла трапіць іх ракета. Іх агучыў сталы прадстаўнік Расеі пры ААН Васіль Нябензя на пасяджэнні Рады бяспекі ААН 10 ліпеня. Па яго словах, па-першае, фотаздымкам аскепкаў ракеты, якія зрабіла Украіна, верыць нельга, таму што Кіеў можа хлусіць. Па-другое, калі б біла расейская X-101, то ад шпіталя нічога б не засталося. Па-трэцяе, і гэта асноўны аргумент, памеры ракеты, якая патрапіла ў «Ахматдзет» не адпавядаюць памерам расейскай.

 

У якасці доказу расейскі бок паказаў разлік параметраў ракет: у расейскай ракеты суадносіны дыяметру да даўжыні — 1 да 10, а на відэа, дзе бачна, як ляціць снарад, які трапіў у дзіцячы шпіталь, — 1 да 15. Гэта значыць ракета альбо танчэй за расейскую, альбо даўжэй.

За чарцяжом з вымярэннямі не відаць самой ракеты. Паказаны скрыншот нізкай якасці, памер снарада бачны дрэнна. Падобна да таго, што за дыяметр узялі толькі тую частку цела ракеты, якая знаходзіцца ў цені і яе відаць выразна, а верхнюю, асветленую частку, не ўключылі ў вымярэнні. 

Каманда Weekly Top Fake правяла ўласную экспертызу. Журналісты ўзялі відэа з таго ж тэлеграм-каналу, на які спасылаўся Нябензя, і зрабілі скрыншоты ракеты пры розным асвятленні. На адным са здымкаў выразна бачная таўшчыня ракеты. 

Аказалася, што калі дыяметр ракеты ўмоўны сантыметр, то даўжыня — 10 сантыметраў. Гэта значыць суадносіны — 1 да 10, як у расейскай ракеты.

Кожны ахвочы можа спыніць відэа і зрабіць тыя ж вымярэнні, каб пераканацца ў іх правільнасці. 

Акрамя таго, адмыслоўцы звяртаюць увагу на знешні выгляд ракеты, якая ляціць. У яе ёсць патаўшчэнне ў задняй частцы. У расейскай Х-101 бліжэй да хваста знаходзіцца рэактыўны рухавік — гэта яе адметная рыса. 

Расея ж сцвярджае, што ў кіеўскі шпіталь трапіла амерыканская ракета AIM-120 (на малюнку ніжэй). 

Расследавальнікі з Bellingcat, супаставіўшы наяўныя звесткі і выявы аскепкаў, знойдзеных на месцы, сцвярджаюць, што ў кіеўскі шпіталь трапіла ўсё ж расейская ракета. У ААН прытрымліваюцца такога ж меркавання. Але яшчэ мае адбыцца афіцыйнае расследаванне СБУ.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі