Антыфэйк / фактчэк Сёння

Аналітык Аўдонін завысіў замежную запазычанасць Польшчы больш чым удвая

Рэальны дзярждоўг Польшчы супастаўны з паказнікамі Беларусі.

Польшча спадзявалася на дапамогу ЕЗ, а атрымала праблемы ў эканоміцы, заявіў у эфіры Першага інфармацыйнага тэлеканалу аналітык БІСД Аляксей Аўдонін. Падлічылі, наколькі ён перабольшыў польскую запазычанасць. 

Эканамічныя праблемы Польшчы і, у прыватнасці, памер доўгу перад Еўразвязам 19 верасня 2025 года абмеркавалі ў праграме «Клуб рэдактараў» на Першым інфармацыйным тэлеканале. Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін заявіў, што палякі «змушаныя выконваць усё, што ЕЗ ім скажа», бо «Польшча акупавана NATO», і гэта нібыта тлумачыць, «навошта страляць сабе ў галаву, зачыняючы супер выгадны трафік з Кітая ў Еўропу» (гаворка пра закрыццё польска-беларускай мяжы — фэйк на гэту тэму мы ўжо выкрылі). 

— Польшча чаму так дзейнічае? Чаму дзейнічае польскае кіраўніцтва? Давайце ўспомнім пра эканоміку. А ў іх эканомікі няма. Усё, што можна, яны ўжо выпусцілі. Запазычанасць, замежная запазычанасць Польшчы, некаторыя кажуць, недзе ў раёне 90%. У рэальнасці — каля 130% замежная запазычанасць Польшчы, — сказаў аналітык. 

— 130% ад ВУП, то бок усё, што зарабілі за год, — растлумачыў Андрэй Крывашэеў, старшыня Беларускага саюзу журналістаў.

— Так. Чаму так адбылося? Таму што палякі паспадзяваліся на дапамогу Еўразвязу ў 90-я — нулявыя гады. Нешта пайшло, але яны гэту дапамогу праелі, — падсумаваў Аўдонін.

Польшча з пачатку 1990-х атрымлівала значныя сумы ад Бруселю. Толькі за 20 гадоў членства ў ЕЗ краіне вылучылі €245 млрд субсідыяў. Калі адняць з іх польскія ўнёскі ў бюджэт звязу, то застанецца больш €161,6 млрд. Але гэта не доўг, а бязвыплатнае фінансаванне.

Што да замежнай запазычанасці Польшчы, то яе памер сапраўды выклікае боязь экспертаў, але сума далёкая ад 130% ці нават 90% ад валавога прадукту краіны. У 2024-м валавая замежная запазычанасць склала 51%. Для параўнання, у Беларусі замежная запазычанасць — 46% ад ВУП. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць