Антыфэйк / фактчэк 06 жніўня

У суседзяў падзенне, у Беларусі рост? Бяляеў пераблытаў лідараў з аўтсайдарамі па эканамічных паказніках

На «Альфа Радыё» і СБТБ палітолаг заявіў пра спад эканомікі і прамысловасці ў ЕЗ.

Палітолаг Аляксей Бяляеў заявіў, што Беларусь выбрала правільную стратэгію эканамічнага развіцця: яе эканоміка расце, а ў Еўразвязе нібыта фіксуецца спад. У прыклад ён прывёў Латвію і іншыя краіны ЕЗ. Але статыстыка не пацвярджае гэтыя сцвярджэнні: эканоміка Еўразвязу расла і ў першым, і ў другім кварталах 2026 года, а ў Латвіі, Літвы і Польшчы паказнікі таксама былі станоўчыя.

Кантэкст: Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Берасцейскую вобласць 30 ліпеня назваў сельскую гаспадарку і прамысловасць дзвюма любімымі галінамі эканомікі. Прамысловасць ён звязаў з існаваннем краіны: «Будзе жыць прамысловасць — будзе жыць краіна». У сельскай гаспадарцы Лукашэнка асобна казаў пра захаванне вёскі, паколькі, паводле яго слоў, «без вёскі няма краіны».

У ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і СБТБ 21 ліпеня 2026 года палітолаг Аляксей Бяляеў пералічваў доказы таго, што Беларусь нібыта выбрала правільны шлях эканамічнага развіцця. Адзін з ягоных аргументаў — рост беларускай эканомікі на фоне падзення ў Еўразвязе.

«На 1,5% вырасла эканоміка. А я скажу, што, напрыклад, паводле дадзеных Еўрастату, у Еўразвязе эканоміка цяпер падае. І ў цэлым падзенне недзе на ўзроўні каля двух, па-мойму, адсоткаў у цэлым па Еўразвязе. <...> А ў некаторых краінах, дарэчы, Еўразвязу па асобных дзяржавах, там ёсць тры лідары, у тым ліку блізкая да нас Латвія. У яе падзенне эканамічнага росту на 3%, а ёсць краіны, дзе 9% падзенне. Дзевяць. І ў цэлым па Еўропе мінус. <…> Беларусь выбрала правільную стратэгію», — сказаў Бяляеў.

Беларуская эканоміка сапраўды вырасла за першыя шэсць месяцаў года на 1,5%, хоць у першым квартале яшчэ была ў мінусе. Але словы пра падзенне эканомікі Еўразвязу няслушныя: і ў першым, і ў другім кварталах там быў рост ВУП.

З 27 краін ЕЗ падзенне зафіксавалі толькі ў дзвюх — Ірландыі і Румыніі. У еўрапейскіх суседзяў Беларусі сітуацыя таксама не падобная да карціны, якую апісаў Бяляеў. У Латвіі, насуперак ягоным словам, было не падзенне, а рост на 2,5%, хоць гэта дадзеныя толькі за першыя тры месяцы. У Польшчы эканоміка вырасла на 3,5%. Па Літве ёсць больш свежая статыстыка: у другім квартале краіна апынулася сярод лідараў Еўразвязу па росце эканомікі — плюс 3,8%.

То бок ва ўсіх трох еўрапейскіх суседзяў Беларусі эканоміка расла, прычым даволі актыўна.

Асобна Бяляеў гаварыў пра прамысловасць.

«Мы бачым у краінах Еўропы спад прамысловай вытворчасці. Спад, яны перастаюць выпускаць прадукцыю. Беларусь нарошчвае сваю прамысловую вытворчасць, вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі», — заявіў ён.

У Еўразвязе сапраўды быў спад прамысловай вытворчасці: з пяці месяцаў гэтага года толькі адзін апынуўся ў плюсе, у астатнія прамысловасць адставала ад узроўню мінулага года. Але гэты спад не закрануў найбліжэйшых еўрапейскіх суседзяў Беларусі. Апошнія дадзеныя па Латвіі, Літве і Польшчы паказваюць рост прамысловай вытворчасці — ад амаль 4% да 8%.

Крыніца: БРЦ

У Беларусі прамысловасць, наадварот, пакуль заставалася ў мінусе, хоць паступова з яго выходзіла. У першым квартале зніжэнне год да году перавышала 3%, а па выніках паўгоддзя падзенне скарацілася да менш чым 1%.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Антыфэйк / фактчэк Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Вядоўца СТБ патлумачыў, чаму, на ягоную думку, украінскім уладам варта перастаць «мачыць, знішчаць, гнабіць» царкву Маскоўскага патрыярхату.
17 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць