Антыфэйк / фактчэк 27 жніўня

«Латвійцы масава ўцякаюць у Беларусь». На Беларускім радыё 74 чалавекі назвалі зашкальваючым патокам

Беларусь знаходзіцца ў канцы другога дзясятку краін, дзе жывуць латвійцы, зарэгістраваныя за мяжой.

Вядоўца Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё заявіў, што жыхары Латвіі масава ўцякаюць у Беларусь. Але латвійская статыстыка паказвае іншае: у Беларусі жывуць крыху больш за 1300 латвійцаў, а за апошні год іх лік вырас на 74 чалавекі.

Кантэкст: З пачатку 2026 года Латвія спыніла 10 тыс. спробаў замежнікаў нелегальна трапіць на яе тэрыторыю з Беларусі. На мяжы дзяржпамежслужба выявіла два тунэлі, праз якія яны прабіраліся ў Латвію. На гэтым фоне краіна не выключае поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю. Пра гэта прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч заявіў 17 жніўня 2026 года падчас наведвання памежнай тэрыторыі. Ён звязаў наплыў мігрантаў з ціскам Беларусі на Латвію перад выбарамі ў Сейм.

20 жніўня 2026 года ў праграме «Экспертны клуб. Палітычнае радыё-шоу» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё абмеркавалі магчымае закрыццё латвійска-беларускай мяжы. Вядоўца Максім Харын заявіў, што такое рашэнне перашкодзіць жыхарам Латвіі, якія нібыта ў вялікай колькасці пераязджаюць у Беларусь.

«Латвійцы сёння масава ўцякаюць у Беларусь. Ну гэта факт, мы гэта ведаем. Лічбы вялізныя. Зашкальваюць», — сказаў Харын.

Праверыць «вялізныя» лічбы па беларускай статыстыцы немагчыма: Белстат і МУС не раскрываюць такія дадзеныя. Але Латвія вядзе ўлік жыхароў, зарэгістраваных і тых, што жывуць за мяжой. Паводле дадзеных на 1 ліпеня 2026 года, у Беларусі жылі 1352 латвійцы. Гэта каля 0,5% усіх жыхароў Латвіі, зарэгістраваных за мяжой.

Дынаміка за апошнія гады не падобная да масавага пераезду. З 2015 года ў Беларусі стабільна жывуць каля тысячы латвійцаў: на 1 ліпеня 2015 года іх было 1064, на 1 ліпеня 2020-га — 1164, на 1 ліпеня 2023-га — 1108. У 2024–2026 гадах прырост стаў больш заўважным, але гаворка ўсё роўна ідзе пра дзясяткі чалавек: плюс 72 за год да ліпеня 2024-га, плюс 98 да ліпеня 2025-га і плюс 74 да ліпеня 2026-га.

У параўнанні з іншымі кірункамі Беларусь застаецца далёка не самым папулярным варыянтам для пераезду. Сярод краін, дзе жывуць латвійцы, зарэгістраваныя за мяжой, яна знаходзіцца ў канцы другога дзясятку. За год лік латвійцаў у Вялікай Брытаніі вырас на 1719 чалавек, у Нямеччыне — на 816, у ЗША — на 791. У Беларусі за той жа перыяд дадалося 74 чалавекі — столькі ж, колькі ў Партугаліі.

Праект рэалізуецца пры суфінансаванні Еўрапейскага звязу. Выказаныя погляды і меркаванні належаць выключна аўтарам і не абавязкова адлюстроўваюць пазіцыю Еўрапейскага звязу ці Еўрапейскага выканаўчага агенцтва па пытаннях аховы здароўя і лічбавых тэхналогіяў (HADEA). Ні ЕЗ ні орган, які прадставіў фінансаванне, не нясуць за іх адказнасці.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Жыхары краін Балтыі аддаюць Украіне траціну заробку? Вядоўца Беларускага радыё выдаў дапамогу за чатыры з паловай гады за штомесячныя выдаткі
Антыфэйк / фактчэк Жыхары краін Балтыі аддаюць Украіне траціну заробку? Вядоўца Беларускага радыё выдаў дапамогу за чатыры з паловай гады за штомесячныя выдаткі
Уладзімір Казакоў назваў выдаткі заходніх краін на падтрымку Украіны «лахатронам па-еўрапейску».
01 верасня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць