Антыфэйк / фактчэк

13 лістапада

Моцная армія ці горшая краіна? На «Беларусь 1» паказалі не тыя вынікі рэйтынгу

Выданне US News and World Report у верасні сапраўды апублікавала рэйтынг, у якім фігуруе Беларусь.

Беларуская армія заняла 12 месца ў сусветным рэйтынгу, заявіў першы намеснік гендырэктара «ВаенТБ» Канстанцін Гагарын у эфіры «Беларусь 1». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што насамрэч ацэньвалася ў рэйтынгу і якое месца ў ім заняла Беларусь.

Пра рэйтынг, апублікаваны ў амерыканскім часопісе US News and World Report, у якім высока ацанілі моц беларускага войска, першы намеснік гендырэктара «ВаенТБ» Канстанцін Гагарын распавёў 3 лістапада 2024 года ў эфіры праграмы «Дыспазіцыя» на «Беларусь 1».

«На днях вось амерыканскі часопіс US News and World Report апублікаваў рэйтынг наймацнейшых армій свету. І ўсё б нічога, але Беларусь — на 12 пазіцыі, абышоўшы большасць краін NATO. <...> У апытанні ўдзельнічалі каля 17 тысяч чалавек з усёй планеты. Яны ацэньвалі тую ці іншую армію па 73 характарыстыках. Па кожнай выстаўляліся балы, якія потым сумаваліся. <...> У выніку мы саступаем такім гігантам, як Расея, ЗША, Кітай. Украіна таксама наперадзе», — пералічыў Гагарын. 

Ён таксама дадаў, што ў 2023 годзе Беларусь атрымала тую ж пазіцыю ў рэйтынгу, але тады эксперты спісалі вынік на выпадковасць ці хібнасць пры падліках. Цяперашні прынцып ацэнкі Гагарын назваў нечакана аб'ектыўным: 

«А цяпер рукой не махнеш на пацверджаны вынік. Тым больш, што прынцып адбору для Захаду нечакана аб'ектыўны. <...> І ўсё гэта не жарты: справа ў тым, што рэспандэнты кіраваліся не столькі колькаснымі характарыстыкамі, колькі эфектыўнасцю войскаў у баявым, мабілізацыйным, эканамічным, міжнародным, інфармацыйным разрэзах».

Выданне US News and World Report у верасні сапраўды апублікавала рэйтынг, у якім фігуруе Беларусь. Аднак ацэньваліся там не арміі, а самі краіны. Ацэнка арміі ў ім — гэта адзін з 73 пунктаў, нароўні з паказнікамі якасці жыцця, вядзення бізнесу і прадпрымальніцтва, сацыяльнымі і культурнымі аспектамі і г.д. 

Рэйтынг лепшых краін склалі на падставе апытання 17 тысяч рэспандэнтаў па ўсім свеце. То бок, гэта не экспертная ацэнка, а асераднёны паказнік адчуванняў людзей з розных краін. Чаму апытаныя палічылі войска Беларусі мацнейшым, чым, да прыкладу, індыйскае, а ізраільскае — больш магутным, чым кітайскае, аўтары даследавання не растлумачылі.

Па агульным узроўні паспяховасці краіны Беларусь у гэтым рэйтынгу апынулася на апошнім месцы сярод 89 краін.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць