Вонкава чыгуначны састаў выглядае як звычайны цягнік, але ёсць адрозненні: саставам кіруюць ажно 3 лакаматывы, ён складаецца з 11 пасажырскіх вагонаў, частка з якіх, магчыма, браніраваныя – гэту выснову зрабілі журналісты цэнтру «Дасье». На даху ўстаноўлены антэны спецсувязі, таксама на вагонах намалявана эмблема кампаніі «Гранд Сэрвіс Экспрэс».
Цяперашняя структура ўласнікаў гэтай фірмы схаваная ў рэестры юрыдычных асоб, але журналісты высветлілі, што яна на 80% належыць Российским железным дорогам (РЖД), а на 20% – фірме Piper Participation, якая, па дадзеных журналістаў Цэнтру «Дасье» звязана з Юрыем Кавальчуком.
Яшчэ адзін вядомы палітык, які рэгулярна карыстаецца бронецягніком – паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын. Напрыклад у 2019 годзе ён упершыню наведаў на ім Расею, прыехаўшы ва Уладзівасток на сустрэчу з Пуціным.
Па версіі журналістаў «Дасье», Пуцін абраў бронецягнік з-за яго бяспекі, а таксама таму, што перамяшчэнні на гэтым транспарце складана адсачыць (у адрозненне напрыклад ад самалётаў). Аднак, дзеляцца журналісты прагнозам, пасля выбуху і пажару чыгуначнага саставу на Крымскім мосце і прыкладу дзеянняў рэйкавых партызан у Беларусі, магчыма, Пуцін перагледзіць свой выбар.
У сваю чаргу журналісты выдання «Праект» высветлілі, што для бронецягніка стварылі цэлую інфраструктуру: побач з прэзідэнцкімі рэзідэнцыямі пабудавалі станцыі, а да іх правялі чыгуначныя лініі. У прыватнасці журналісты распавялі аб будаўніцтве чыгунак да рэзідэнцый Пуціна на Валдаі, у Нова-Агарове і ў сочынскай рэзідэнцыі «Бачараў ручай».
Па словах былога машыніста, з якім пагаварыў «Праект», бронецягнік Пуціна абслугощваецца ў дэпо на станцыі «Масква-Каланчэўская», дзе знаходзіцца закрыты вакзал для віп-асобаў.
На фота цягнік кампаніі «Гранд Сэрвіс Экспрэс». На дахах вагонаў – антэны спецсувязі, састаў цягнуць адразу тры лакаматывы. Крыніца: railgallery.ru