Пра рэальныя прычыны візіту Пуціна мы паразмаўлялі з галоўрэдам праекту Faridaily Фарыдай Рустамавай, чыю аналітыку выкарыстоўваюць у сваіх матэрыялах Радыё Свабода, The Moscow Times і Wilson Center. Паводле яе слоў, расейскі прэзідэнт «выдатна ўсведамляе важнасць саюзу з Лукашэнкам у вайне супраць Украіны. Без дапамогі Лукашэнкі ён наўрад ці рашыўся б на яе. І за лаяльнасць Менску трэба плаціць».
«Думаю, што Пуцін гатовы на любыя выдаткі, каб захаваць лаяльнасць Лукашэнку і пакінуць для расейскага войска магчымасць атакі на Кіеў з тэрыторыі Беларусі. Гэта і скідкі на газ, і супраца па ўгнаеннях, і гандлёвыя прэферэнцыі. Вядома ж, магчымы новыя крэдыты. Але важна разумець, што фактычна гэта ніякія не крэдыты, а проста фінансавая дапамога, Крэмль назад гэтыя грошы не чакае», – лічыць Рустамава.
Аднак, паводле яе слоў, зараз Лукашэнка будзе гаварыць з расейскім калегам з пазіцыі сілы.
«Пазіцыя Лукашэнкі будзе прыкладна такой: «Патрэбны саюзнік у вайне? Плаці, дарагі Уладзімір! Ах, ты прыгадваеш, што дапамог мне здушыць пратэсты ў 2020 годзе? Ну дык гэта калі было. А зараз гэта ты без мяне ніхто!». І Пуціну няма на што на гэта адказаць. Хаця яго бліжэйшыя асяроддзе не раз у прыватных размовах прызнавалася, што Пуцін лічыць Лукашэнку пустым месцам і разумее, што той утрымліваецца ва ўладзе толькі за кошт Крамля».
Таксама расейская журналістка пераканана, што ў візіту Пуціна ў Менск будзе і «цырыманіяльная каштоўнасць», бо пасля 24 лютага ў Расеі амаль не засталося саюзнікаў у Еўропе і Азіі.
«Нават Кітай, а Пуцін вельмі ганарыцца сяброўствам з Сі Цзіньпінам, не спяшаецца дапамагаць абыходзіць санкцыі. Таму Пуцін амаль нікуды не ездзіць за межы Расеі. Паездка ў Менск будзе падавацца ім і расейскай прапагандай як доказ таго, што Расея не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі. Ізноў прагучаць гучныя словы аб тым, як бурна развіваецца саюзная дзяржава. Нават, магчыма, падпішуць які-небудзь дакумент, і прапаганда абедзвюх краін раскажа, што гэта прарыў. Але ўсё гэта будзе слоўнай мішурой. Лукашэнку зараз няма сэнсу дзяліцца ўладай з Пуціным, ды і Пуціна, думаю, зараз больш цікавіць сітуацыя на фронце, чым дарожныя карты саюзнай дзяржавы».