Навіны

26 верасня

Крамлёўская фабрыка фэйкаў спрабавала палохаць хаўрусам Лукашэнкі і ПВК «Вагнер»

«Агенцтва сацыяльнага праектавання» (АСП) знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ і ЗША.

Журналісты БРЦ знайшлі некалькі карыкатураў з выявай Аляксандра Лукашэнкі сярод файлаў выцеку звестак «Агенцтва сацыяльнага праектавання». Гэтая расейская арганізацыя стварае фэйкі і распаўсюджвае дэзінфармацыю ў інтарэсах Крамля. Раней доступ да зліву атрымалі выданні Süddeutsche Zeitung, Westdeutscher Rundfunk і Norddeutscher Rundfunk, а таксама Delfi Estonia.

Выяўленыя БРЦ карыкатуры тычацца падзеяў лета 2023 года, звязаных з прыбыццём байцоў ПВК «Вагнер» у Беларусь пасля чэрвеньскай спробы бунту Яўгена Прыгожына ў Расеі. Выявы паказваюць на небяспеку хаўрусу Аляксандра Лукашэнкі і ПВК для краінаў Захаду.

На адной з выяваў, назва якой паказвае на дату стварэння 17 ліпеня 2023 года, Лукашэнка трымае на ручніку тры ядравыя бомбы і чамусьці гаворыць на ўкраінскай мове: «"Вагнер", ласкаво просимо до Білорусі!»(«"Вагнер", сардэчна запрашаем у Беларусь!»).

Крыніца: Файлы выцеку звестак «Агенцтва сацыяльнага праектавання»
Крыніца: Файлы выцеку звестак «Агенцтва сацыяльнага праектавання»
Крыніца: Файлы выцеку звестак «Агенцтва сацыяльнага праектавання»
Крыніца: Файлы выцеку звестак «Агенцтва сацыяльнага праектавання»
0 / 4

На іншай карыкатуры (мае два варыянты — з подпісам і без) свіння з трызубцам уцякае ад мядзведзя з паяльнай лямпай, на якой намаляваны лагатып Wagner Group. На заднім плане — Аляксандр Лукашэнка з мангалам і пачкам вугалю.

«Сабраліся на пікнічок? Не забудзь пра шашлычок!» — гаворыцца ў подпісы ўнізе.

Назвы файлаў «photo_2023-07-20_10-47-50» і «photo_2023-07-20_10-50-15» паказваюць, што выявы створаныя 20 ліпеня 2023 года. Карыкатуру на наступны дзень выкарыстаў ананімны каментатар на сайце расейскага выдання «Военное обозрение» пад публікацыяй «У выпадку агрэсіі ў дачыненні да Беларусі Расея адкажа ўсімі наяўнымі ў яе распараджэнні сродкамі». Пазней, 15 жніўня, выяву апублікавалі ва «ВКонтакте».

Файл з назвай «659_СПЕЦ_Г_Вагнер в Беларуси» змяшчае выяву, на якой жаўнер у натаўскай касцы просіць быць цішэй на мяжы Еўрапейскага звязу і Беларусі. У подпісы пад ім гаворыцца: «Pst! Da ist Wagner!» («Цыц! Гэта Вагнер!»).

«Агенцтва сацыяльнага праектавання» (АСП) знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ і ЗША. Кіраўнік праекту — расейскі паліттэхнолаг Ілля Гамбашыдзэ. Супрацоўнік FBI наўпрост абвінавачвае АСП у працы на Крэмль, а куратарам іх дзейнасці называе Сяргея Кірыенку, першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Паводле дадзеных выцеку, супрацоўнікі АСП прыдумлялі і распаўсюджвалі ў сацсетках фэйкі, у тым ліку падробкі афіцыйных дакументаў камандавання УСУ, стваралі мемы і карыкатуры для прасоўвання прапуцінскіх наратываў.

Іншыя Навіны