Раней Аляксандр Лукашэнка перадаў расейскім вайскоўцам буйную партыю індывідуальных беларускіх аптэчак, якія павінны дапамагчы байцам на полі бою. Паводле яго слоў, гэтая аптэчка «лепш за натаўскую» і была адобраная яго малодшым сынам Мікалаем, якога нібыта абурыла, што НАТО забяспечвае сваіх байцоў лепш, чым Беларусь.
Падчас паказу на СТВ Альховік даволі шмат увагі надаў джгуту, які можна зацягнуць адной рукой. Аднак, калі ён перайшоў да наступнага прадмета – кампрэсійнай павязкі, журналістка заўважыла, што краінай вытворчасці паказаны Кітай. Як аказалася, усяго ў «беларускай» аптэчцы чатыры найменні кітайскай вытворчасці: кампрэсійны перавязачны пакет, кампрэсійная бандаж-павязка, гемастатычны бінт і нажніцы. Чаму апошняе нельга было зрабіць у Беларусі, Альховік не патлумачыў. Аднак, паводле яго слоў, яны «нават не заўважаючы» рэжуць 10 пластоў тканіны і тэхналогію іх стварэння асвойваюць на заводзе ў Магілёве.
Чыноўнік дадаў, што ў дастатковай колькасці гэтыя аптэчкі з'явяцца да 1 траўня. Ці будуць да гэтага часу ў іх заставацца кітайскія медыкаменты – не ясна.