За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 483 дэпутаты, яшчэ 27 устрымаліся, а супраць выступілі толькі 14. Мы вырашылі зірнуць бліжэй на тых, хто вырашыў падтрымаць Пуціна і Лукашэнку.
Міраслаў Радачоўскі
Радачоўскі – дэпутат Еўрапарламенту са Славакіі. Сваю сімпатыю на адрас расейскіх уладаў ён выказвае ўжо не першы раз. У 2021 годзе падчас свайго візіту ў Расею ён заявіў, што «нічога супярэчлівага прынцыпам дэмакратычных выбараў» у Расеі не назірае і лічыць выбары таго года ў Дзярждуму РФ легітымнымі.
«Трэба быць абʼектыўным, за два дні я наведаў тры ўчасткі і не ўбачыў нічога супрацьзаконнага, паразмаўляў з сябрамі выбарчай камісіі і назіральнікамі. Усюды пануе вельмі добрая, дружалюбная атмасфера», – сказаў Радачоўскі.
Акрамя таго, ужо пасля пачатку вайны ва Украіне, 8 мая 2022 года, Радачоўкі быў удзельнікам круглага стала ў Маскве, прысвечанага Расеі як «краіне-вызваліцельніцы ад фашызму». У час размовы ён абвінаваціў палітыку ЗША ў рознагалоссях паміж Расеяй і Еўразвязам.
Жыльбэр Калар
Калар – дэпутат Еўрапарламенту з Францыі. Яго прамых публічных выказванняў у падтрымку Расеі ў сетцы не так шмат, як у Радачоўскага, аднак дзеянні палітыка гавораць самі за сябе.
Так, напрыклад, у 2016 годзе ён запланаваў паездку на Данбас 9 траўня. Тады ён заявіў журналістам, што паедзе ў Данецк з «асабістым» візітам і пазіцыю ягонай партыі (на той момант ён быў сябрам «Нацыянальнага фронту») гэта ніяк не адлюстроўвае. Аднак да таго часу акупаваную ўкраінскую тэрыторыю з французскіх палітычных дзеячаў наведвалі выключна ўльтраправыя аднапартыйцы Калара.
Пасля пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе Калар так яўна Расею не падтрымліваў, аднак выступаў супраць увядзення антырасейскіх санкцый, аргументуючы гэта тым, што яны нібыта дапамагаюць расейскай эканоміцы.
Марсэль дэ Грааф
Гэты дэпутат Еўрапарламента з Нідэрландаў не прыязджае ў Расею ці на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, аднак неаднаразова крытыкаваў пазіцыі ЕЗ і НАТА адносна Масквы. У кастрычніку мінулага года ён нават пакінуў вельмі правую групу ў ЕП «Ідэнтычнасць і дэмакратыя».
«Я пакідаю групу «Ідэнтычнасць і дэмакратыя» у Еўрапейскім парламенце. Іх спроба прымусіць мяне замаўчаць з нагоды НАТА/Украіны невыносная. Мы павінны дээскалаваць вайну з Расеяй. Гэта не наша вайна, але нашы людзі расплачваюцца за яе», – напісаў Марсэль дэ Грааф у Тўітэры.
Таксама ён запатрабаваў адмяніць санкцыі супраць Расеі і спыніць пастаўкі зброі ва Украіну.
Акрамя таго, дэ Грааф адмаўляў факты ваенных злачынстваў расейскіх войскаў ва Украіне. У прыватнасці, у красавіку ён напісаў у Тўітэры, што ўкраінскае войска «зачысціла Бучу ад дыверсантаў і саўдзельнікаў расейскіх войскаў».