Гэта не першае звальненне на палітычнай глебе ў Нацыянальным мастацкім музеі за апошні месяц. 7 снежня мастацтвазнаўца Мікіта Моніч, якога звольнілі яшчэ ў 2020 годзе пасля публікацыі звернутага да Лукашэнкі верша, расказаў, што кіраўніцтва музею адмовілася прадоўжыць кантракт яго маці Ірыне Моніч. Яна працавала аператарам, які кантралюе музейны клімат. Па словах маладога чалавека, з боку Ірыны не было «парушэнняў працоўнай дысцыпліны, а з боку непасрэднага начальніка не было ніякіх прэтэнзіяў да выканання працоўных абавязкаў. Больш за тое, кіраўніцтва гэтага начальніка нават не апавясціла аб тым, што той пазбавіцца супрацоўніка». Моніч лічыць, што звальненне яго маці – «лагічнае развіццё даўно распачатай гісторыі».
У студзені 2022 года працу страціла дырэктарка музею Янкі Купалы Алена Ляшковіч. Як паказвала са спасылкай на крыніцы Reform.by, неафіцыйнай прычынай яе звальнення стала адмова жанчыны звальняць супрацоўнікаў па надуманых «палітычных» прычынах. Таксама было выказана меркаванне, што на рашэнне аб звальненні магло паўплываць тое, што яе нявестка: журналістка Наталля Лубнеўская, была ўдастоена прэміі Free Media Awards. У часе пратэстаў 2020 года яна атрымала раненне ад сілавікоў.
Усяго з 2020 года па палітычных прычынах працу страцілі сотні супрацоўнікаў культурных устаноў. У пачатку 2022 года міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч адкрыта заявіў, што да гэтага часу ўжо былі звольненыя больш за 300 чалавек нібыта за «дэструктыўную пазіцыю».