«У траўні 2021 года BYPOL выступіў з ініцыятывай аб узаемадзеянні па лініі Інтэрполу для таго, каб пазбегчы пераследавання беларусаў па палітычных матывах. Кожны выпадак індывідуальны і кожны трэба персанальна разглядаць», – паведамілі ў прэс-службе BYPOL.
Мы таксама ўдакладнілі ў BYPOL: ці можна лічыць нядаўнюю адмову балгарскага суда ў экстрадыцыі ў Беларусь украінскага валанцёра палітычна матываваным? Дзмітрыя Трафімчука затрымалі 19 лістапада 2022 года на мяжы пры спробе ўезду ў Балгарыю з Румыніі, ён як раз разшукваўся Інтэрполам па запыце Беларусі.
«У сваёй дзейнасці Інтэрпол выкарыстоўвае нарматыўна-прававыя акты, у тым ліку і аб міжнародным супрацоўніцтве. Сам факт узаемадзеяння па лініях Інтэрполу не з'яўляецца нечым экстраардынарным. Рашэнне аб адхіленні запыту аб дэпартацыі прымаў суд і засноўваўся на тым, што «улады Беларусі не могуць забяспечыць рэалізацыю правоў чалавека ў судзе ў злачынстве, якое мела месца ў 2011 – 2012 гадах, рэакцыю супрацоўнікаў Інтэрполу можна назваць лагічнай і абгрунтаванай», – так пракаментавалі наш запыт у прэс-службе BYPOL.
Пасля пратэстаў 2020 году ў МУС масава адправілі ў Інтэрпол запыты на выдачу беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну з-за рэпрэсій. Такія запыты парушалі 3-і артыкул статуту арганізацыі:
«Арганізацыі строга забараняецца займацца якім-небудзь умяшаннем або дзейнасцю палітычнага, ваеннага, рэлігійнага або расавага характару».
Пасля чаго ў МУС Беларусі пастараліся змяніць склад злачынстваў на артыкулы, не звязаныя з палітыкай. BYPOL правёў уласнае расследаванне, якое пацвярджае гэта.