«Нам удалося дабіцца станоўчага рашэння ад ЕСПЧ і яго выканання канкрэтна ў гэтай справе. Але на мяжы зараз знаходзяцца яшчэ дзясяткі людзей у такой жа сітуацыі. [...] Мы з калегамі з Латвіі змагаемся за тое, каб мігранты не падвяргаліся катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню», – заявіў кіраўнік Respect-Protect-Fulfill Мікіта Мацюшчанкаў.
У студзені з прадстаўнікамі Gribu palīdzēt bēgļiem («Хачу дапамагаць бежанцам» – латвійская праваабарончая арганізацыя) звязалася група вымушаных мігрантаў з Сірыі, якія каля месяца правялі на мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю. Сілавікі з Латвіі адмаўляліся прымаць іх просьбу аб прытулку і сілком вярталі ў Беларусь, а беларускія сілавікі не дазвалялі ім пакінуць прымежную зону, прымушаючы вяртацца ў Латвію. У такой сітуацыі мігранты і мігранткі знаходзіліся з пачатку снежня, пры гэтым яны былі вымушаны жыць пад адкрытым небам.
Эмігранцкі крызіс на мяжы краін ЕЗ і Беларусі працягваецца з вясны 2021 года. Улады Беларусі вінавацяць у гэтым урады заходніх краін. Раней мы правялі расследаванне і разабраліся: чаму мігранты «выбіраюць» Беларусь у якасці перавалачнага пункта на шляху ў краіны ЕЗ. Журналісты «Новой газеты» у сваім расследаванні паказалі, што міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю створаны штучна з боку беларускіх уладаў.