Пасля выхаду з турмы бізнесовец даў журналістам інтэрв'ю. А БРЦ выявіў дэталі, пра якія ён не згадаў.

Гісторыя бізнесоўца Аляксандра Мураўёва выклікала пытанні яшчэ ў нулявых. Ён пабудаваў у Беларусі шкляную імперыю і спрабаваў падняць «Мотавела». Але бізнес праваліўся, а бізнесовец адправіўся ў калонію. Мураўёў выйшаў на волю ў снежні 2022-га — у лютым 2024-га распавёў журналістам сваю версію падзеяў. Мы паспрабавалі разабрацца, што засталося недамоўленым: хто стаяў за ягоным узлётам і не змог ці не захацеў дапамагчы падчас падзення. Гэтае расследаванне завяло нас у кабінеты беларускіх і расейскіх чыноўнікаў, нагадала аб ліквідацыі канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і ягонай ранняй маладосці.

Аляксандр Мураўёў даў інтэрв'ю Austria Presse Agentur. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі журналісты тэлеканалу «Белсат» і БРЦ. Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Міжнароднага кансорцыума журналістаў-расследавальнікаў ICIJ і «Кіберпартызанаў».

«Да таго, што адбылося ў дачыненні да мяне, я сёння стаўлюся як да злачынства супраць правасуддзя. І ўсё, што адбывалася, — гэта злачынства», — кажа Аляксандр Мураўёў. У размове з журналістамі ён трымаецца ўпэўнена, часам усміхаецца і смяецца. Хоць пару разоў зрываецца — бізнесоўцу, падобна, не падабаюцца пытанні пра тое, хто за ім стаяў, і словы пра тое, што ён пацярпеў крах.

Каб запісаць з ім інтэрв'ю, журналістам давялося ляцець у Абʼяднаныя Арабскія Эміраты. Менавіта тут пасля вызвалення з беларускай калоніі ў снежні 2022 года жыве бізнесовец. Ягоная гісторыя поспеху ў Беларусі скончылася судом пасля няўдалага ўкладання ў завод «Мотавела». Пачалася ж у двухтысячных з куплі шклозаводу «Ялiзава». Росквіт гэтага прадпрыемства зрабіў з Аляксандра Мураўёва аднаго з самых уплывовых і медыйных беларускіх бізнесоўцаў. БРЦ прыгледзеўся да постацяў, якія за ім стаялі ў той час і маглі дапамагчы пабудаваць імперыю.

Справа «Мотавела»

Аляксандра Мураўёва і іншых фігурантаў справы «Мотавела» затрымалі ў чэрвені 2015-га: тады ён спрабаваў вылецець з Менску ў Вену. Прыкладна праз паўтара года суд абвясціў прысуд — 11 гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці. Бізнесоўца прызналі вінаватым у махлярстве, раскраданні, ухіленні ад выплаты падаткаў.

«Я яму так і сказаў: не зробіш — сядзеш у турму <...> Я не быў прыхільнікам таго, каб яго пасадзілі. Але я яму нагадаў: ... калі толькі ў цябе выявяць парушэнне закона і махлярства, я цябе абараняць не буду. І ён сеў», — так Аляксандр Лукашэнка казаў пра Мураўёва пасля прысуду.

Гэтымі словамі ён аказаў ціск на суд, настойвае ў размове з журналістамі бізнесовец. Яны прагучалі на чацвёрты дзень пасля абвяшчэння прысуду, калі рашэнне яшчэ не набыло моц, а абарона падала апеляцыю.

Мураўёў адседзеў сем з паловай гадоў. Выйшаўшы на волю, у размове з журналістамі ён заяўляе, што хоча вярнуць свой бізнес і атрымаць доступ да актываў. Да моманту вызвалення беларускія прадпрыемствы Мураўёва збанкрутавалі, а кампаніі ў Аўстрыі былі ліквідаваныя. Менавіта адтуль як дырэктар і саўладальнік групы кампаніяў ATEC ён прыйшоў у беларускі бізнес.

«Яны не збанкрутавалі, іх абрабавалі. Гэта розныя рэчы», — настойвае бізнесовец.

Камусьці было выгадна раскруціць крымінальную справу, знайсці нейкі загадзя спланаваны намер і пасадзіць чалавека на 10 гадоў, лічыць юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк. Паводле яго, пакаранне, прызначанае Мураўёву, непамернае парушэнню. Тое, што ў прысудзе апісваецца як злачынныя дзеянні, на Захадзе не лічыцца злачынствам, а падобныя сітуацыі разглядаюцца ў межах грамадзянска-прававых спрэчак.

«Калі прытрымлівацца апісання ў прысудзе, то няма ўпэўненасці, што ў прынцыпе злачынства мела месца <...> Я купіў прадпрыемства ці не купіў? <...> Я маю права распараджацца ці не? Гэта значыць, калі я палічыў патрэбным, што для максімізацыі прыбытку мне трэба заасфальтаваць пляцоўку і вярнуць пазыкі выканкаму і ў тым ліку вярнуць пазыкі майму ж прадпрыемству, то ў чым праблема?»

Станаўленне «шклянога караля»

На пачатку нулявых шкляны бізнес быў на ўздыме. З 1990-х прадпрыемствы харчовай прамысловасці на постсавецкай прасторы мелі праблемы праз дэфіцыт шклатары. Попыт працягваў перавышаць прапанову і да пачатку нулявых. У Расеі, напрыклад, замест неабходных 8 млрд піўных бутэлек выраблялі блізу 3 млрд. Рынак шкляной тары Беларусі, Расеі і Украіны быў адзіным, узгадвае Аляксандр Мураўёў: «Ніякіх перашкодаў руху тавару не існавала».

Пры гэтым бізнесовец кажа, што не ведаў пра рост гэтай галіны ў той перыяд:

«Калі ATEC набываў акцыі, я як кіраўнік набываў, я наогул не бачыў ніякай кан'юнктуры, таму што я на той момант не прадаў ніводнага трохлітровага слоіка. <...> Тая прадукцыя, якую вырабляў шклозавод “Ялізава”, увогуле не была патрэбная на рынку. <...> Мусіла праводзіцца велізарная складаная праца па стварэнні новых магутнасцяў, па ўкараненні гэтых магутнасцяў у рынак», — сцвярджае Мураўёў. А шклозавод «Ялізава», з ягоных словаў, не вырабляў запатрабаванай, дэфіцытнай шклатары.

Да 2001 года ў Беларусі працавала сем шклатарных заводаў, узгадвае Мураўёў. Да 2002-га тры з іх — у пасёлках Глуша, Гута і Залессе — спынілі вытворчасць. У чатырох астатніх прадпрыемстваў — Гомельскага і Гарадзенскага шкляных заводаў, «Белеўратары» і шклозаводу «Ялізава» (на базе шклозаводу «Кастрычнік») — былі прыкладна роўныя магутнасці. Пры гэтым, адзначае бізнесовец, у тэхналагічным абсталяванні «Белеўратара», напрыклад, апярэджвала «Ялізава».

У 2001 годзе Аляксандр Мураўёў стаў уладальнікам і дырэктарам аўстрыйскай кампаніі ATEC Handelsgesellschaft mbH. [*] [*] [*] [*] У 2004-м узначаліў ATEC Holding GmbH. [*] [*] У той перыяд група ATEC увайшла на беларускі рынак шкла: у 2002-м выкупіла кантрольны пакет акцыяў горадаўтваральнага шклозаводу ў Ялізава ў папярэдняга замежнага інвестара — канадскай кампаніі Consumers Packaging Inc (CPI), у сярэдзіне нулявых набыла «Белеўратару», у 2008-м запусціла вытворчасць шклатары на Гомельскім заводзе.

То бок групе ATEC належалі тры з чатырох беларускіх вытворцаў шклатары. Але аб манапольным становішчы на рынку і гаворкі быць не магло, настойвае Мураўёў. З ягоных словаў, рынак быў супольным у некалькіх краінаў і канкурэнтаў было дастаткова.

Тым не менш бізнесмен, які раней не меў дачынення да шкляной прамысловасці, займеў некалькі прадпрыемстваў на рынку, які расце і з'яўляецца патэнцыйна прыбытковым. Дапамагчы яму ў гэтым маглі ўплывовыя партнёры. Некаторыя з іх мелі доступ у самыя высокія кабінеты.

Свой чалавек ва Упраўсправамі

Напрыклад, брат бізнесоўца Сяргей. Ён стаў саўладальнікам ATEC Handelsgesellschaft mbH у 2001 годзе з доляй 10%. [*] [*] Удзел у бізнесе брата Сяргей Мураўёў як мінімум у 2003 – пачатку 2004 года сумяшчаў з працай у кампаніі «Белая Русь», якая належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта. [*] [*] [*] Кіраўніцтва справамі падмінала пад сябе нават не асобныя кампаніі, а цэлыя сферы эканомікі.

«Так, два ці тры гады Сяргей працаваў у “Белай Русі”. <...> У мяне не было з гэтай кампаніяй ніякіх — ні гандлёвых, ні інвестыцыйных узаемаадносінаў. А тое, што мой брат у ёй працаваў, — ён добры досвед атрымаў як менеджар, як спецыяліст <...> Ну, захацеў працаваць у “Белай Русі” і працаваў у “Белай Русі”, менеджарам нейкім, нейкія гандлёвыя праекты рэалізоўваў. Ён жа самастойны чалавек, мой брат», — кажа Мураўёў, адказваючы на пытанне журналістаў пра магчымую сямейную пратэкцыю.

Прадпрыемствы, якія належалі групе ATEC, у тыя гады хутка развіваліся. Напрыклад, да пераходу да ATEC шклозавод «Ялізава» вырабляў чатыры віды шкляных слоікаў і бутэлек, пасля — асартымент заводу пашырыўся да больш чым 30 найменняў. Кампанія ўклала ў рэканструкцыю заводу і мадэрнізацыю вытворчасці каля $41 млн. З аўтсайдараў прадпрыемства стала адным з лідараў беларускай шкляной прамысловасці. З 2002 па 2006 гады завод павялічыў выпуск прадукцыі ў 6,5 разу.

Яшчэ адзін шкляны актыў ATEC — вытворчасць шклатары на Гомельскiм шклатарным заводзе — таксама прыклад поспеху. Група ATEC пачала яго праектаванне напрыканцы 2006-га. Праз два гады вытворчасць увялі ў эксплуатацыю. У 2011 годзе аб'ём выпуску прадукцыі вырас прыкладна на 30% у гадавым выражэнні, прыбытак дасягнуў 15 млрд рублёў, а рэнтабельнасць — амаль 18%. Грошай хапала і на вытворчасць, і на выплаты пастаўшчыкам. Сярэдні заробак на заводзе ў 2011 годзе павялічыўся з 1,7 млн рублёў да 3,3 млн рублёў.

Поспехі шклозаводу «Ялізава» адзначыў нават Аляксандр Лукашэнка. У 2006 годзе ён сказаў, што група ATEC «цалкам выканала ўсе інвестыцыйныя і сацыяльныя абавязанні», і назваў шклозавод «Ялізава» прыкладам таго, як павінныя працаваць дзяржаўны і прыватны капіталы. Дадатковым знакам прызнання для Мураўёва стаў медаль за працоўныя заслугі. Лукашэнка прызначыў бізнесоўцу ўзнагароду ў 2006 годзе.

«Я быў нармальным, я быў звычайным, я быў такім, якім я павінен быць. <...> Я проста рабіў тую працу, якую абавязаны бізнесмен рабіць. Нічога асаблівага», — запэўнівае праз амаль дваццаць гадоў Аляксандр Мураўёў.

Купля «Мотавела»

«Ён адрадзіў пасёлак — там жыць прыемна. Які ён аўстрыяк? Наш чалавек. Калі яшчэ мотавелазавод гэты чалавек выцягне, чаго тады вартыя мы?» — казаў Лукашэнка пра Мураўёва ў 2007 годзе. Ён меў на ўвазе завод «Мотавела», які група ATEC набудзе ў 2007 годзе, абавязаўшыся ўкласці ў яго $20 млн, каб выцягнуць з працяглага крызісу.

Холдынг «звычайнага бізнесоўцы» Мураўёва ATEC набыў «Мотавела», апярэдзіўшы італьянскага вытворцу матацыклаў Cagiva і кампанію «Амкадор» бізнесоўца Аляксандра Шакуціна. Першы быў на той момант вядомы ва ўсім свеце як удзельнік і пераможца этапаў самых прэстыжных шасэйна-колавых мотагонак MotoGP, другі пазней стаў вядомы як «гаманец» Лукашэнкі і трапіў за гэта пад санкцыі ЕЗ. Чаму ўгоду не падпісалі з Шакуціным — невядома, а продаж канцэрну Cagiva за пару гадоў да гэтага заблакавалі ўлады. Нібыта італьянцы скарацілі б колькасць работнікаў заводу на дзве траціны, прадукцыя стала б занадта дарагой для спажыўца, а італьянскі ўладальнік у выніку адмовіўся б ад вытворчасці ровараў. Са словаў Мураўёва, было яшчэ двое прэтэндэнтаў на куплю заводу.

З нейкіх прычынаў аўстрыйскія інвестары з няпрофільнага сектару (ATEC тады займаўся вытворчасцю шклатары) зацікавілі афіцыйны Менск больш, чым дасведчаны італьянскі вытворца і значна больш блізкі па профілі «Амкадор». «Мотавела» без тэндару прадалі аўстрыйскай кампаніі на чале з Аляксандрам Мураўёвым амаль за $7,3 млн (15,6 млрд рублёў).

Аўстрыйскі інвестар абавязаўся не толькі пагасіць пазыкі прадпрыемства, якія перавышалі, па нашых падліках, 35 млрд рублёў, але і ўкласці ў яго яшчэ $20 млн. Акрамя таго, у 2012-м ATEC абавязалася вывесці вытворчасць на 500 тыс. ровараў і 30 тыс. матацыклаў.

Аляксандр Лукашэнка
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Лукашэнка

Гэта было амбітнай мэтай: у 2005 годзе «Мотавела» практычна збанкрутаваў. Рабочыя, якім не выплацілі заробак, абвесцілі страйк і перакрылі Партызанскі праспект у сталіцы. Яшчэ праз год знос абсталявання дасягнуў 95%. У 2006-2007 гадах Менгарвыканкам па загадзе Лукашэнкі спрабаваў выратаваць завод і вылучыў прадпрыемству субсідыю ў 17,3 млрд рублёў (гэта сума да дэнамінацыі 2016 года, больш за $8 млн). Але была ўмова: у 2006 годзе завод павінен быў нарасціць вытворчасць мінімум на 157,8%, а ў 2007-2012 гадах «Мотавела» кожны год мусіла павялічваць выпуск прадукцыі на 110% у параўнанні да папярэдняга года. Таксама сярод захадаў падтрымкі была прадугледжаная пазыка з дзяржбюджэту сумай 18,3 млрд рублёў і крэдыт на 3 млрд рублёў ад «Белпрамбудбанку».

Пачынаючы з 2008 года — праз год пасля куплі АТЕС — прадпрыемства некалькі разоў спынялася. На планавыя паказнікі выйсці не атрымалася нават у 2013 годзе. Тады Лукашэнка прыехаў на завод, дзе яму пацвердзілі, што інвестар уклаў агавораную суму. Аднак на развіццё вытворчасці была накіраваная толькі невялікая яе частка. Мураўёў паабяцаў рэалізаваць усе планы ў бліжэйшыя гады і папрасіў растэрміноўку па крэдытах. Лукашэнка пагадзіўся «апошні раз падставіць плячо», але паабяцаў сачыць за дынамікай прадпрыемстваў Мураўёва.

Тады ж, у верасні 2013-га, паведамлялася, што праблемы былі і ў іншых прадпрыемстваў групы ATEC — шклозаводу «Ялізава» і Гомельскага шклатарнага заводу. Прадпрыемствы адчувалі фінансавыя складанасці, не маглі разлічыцца па крэдытах. Праз месяц улады выставілі сваю долю ў «Ялізава» на аўкцыён. Дзеля справядлівасці адзначым, што акцыі шклянога заводу былі не адзіным актывам, ад якога ўрад тады вырашыў пазбавіцца. Разам з імі на таргі выставілі акцыі яшчэ некалькіх дзясяткаў прадпрыемстваў.

Крыніца: БРЦ

Сляды на шкле

Поспех, падобна, перастаў спадарожнічаць Аляксандру Мураўёву. Магчыма, разладзіліся адносіны з партнёрамі. У размове з БРЦ бізнесмен настойвае, што не залежаў ад іх.

«Суддзя спрабавала растлумачыць, што ў кожнага ёсць хтосьці над ім, а ў таго, хто над ім, ёсць яшчэ хтосьці над ім. Дык вось, нада мной не было. Я — кіраўнік, такі, якім павінен быць кіраўнік групы прадпрыемства ATEC, які здольны як мінімум ацэньваць сітуацыю, будаваць планы і імкнуцца іх рэалізоўваць», — сцвярджае бізнесмен.

Тым не менш БРЦ атрымалася знайсці людзей, якія маглі стаяць за Мураўёвым.

Інвестыцыі ў шкляныя прадпрыемствы Беларусі ішлі праз аўстрыйскую кампанію ATEC Holding. У яе ў розны час было некалькі акцыянераў: аўстрыйская ATEC Handelsgesellschaft mbH, брытанская J&W Sanderson Limited, а таксама кіпрскія Permanent Trading Limited, Remolino Trading Limited і Gaflotrade Limited. Апошнім аднаасобным уладальнікам ATEC Holding у 2015 годзе стала Madison Park, S.A., якая прыйшла замест Permanent Trading. [*] [*] [*] [*]

ATEC Handelsgesellschaft mbH у 2001 годзе стварыў грамадзянін Аўстрыі Зігфрыд Кемедзінгер, які і цяпер надае розныя паслугі юрыдычным асобам. [*] [*] Менш чым праз месяц пасля адкрыцця Кемедзінгер перадае кампанію Аляксандру Мураўёву. Той робіцца аднаасобным уладальнікам, але пазней дзеліцца долямі. [*] [*]

Адным з першых яе акцыянераў з доляй 3% — у той жа дзень, што і брат Аляксандра Мураўёва Сяргей, — становіцца грамадзянін Беларусі Яўген Чанаў. Тады ж ён уваходзіць у лік дырэктараў кампаніі. [*] [*] [*] [*]

Ягонае імя ўжо гучала ў расследаваннях аб падпольнай імперыі Віктара Шэймана — чалавека, якога называюць найбліжэйшым паплечнікам Аляксандра Лукашэнкі і абвінавачваюць у забойствах ягоных палітычных апанентаў у 90-х.

Яўген Чанаў нарадзіўся ў Расеі, але служыў у 5-й брыгадзе спецназу, якая месціцца ў Мар'інай Горцы ў Менскай вобласці. З канца 2019-га і частку 2020-га Чанаў узначальваў «ГардСэрвіс» — першую і пакуль адзіную ў Беларусі прыватную ахоўную кампанію з правам насіць зброю. [*] [*]

Пра сувязь «ГардСэрвісу» з Шэйманам мы распавядалі ў адным з нашых папярэдніх расследаванняў. Чанаў адказваў за бяспеку ў «Белгеапошуку» — кампаніі з доляй дзяржавы. Пазней фірма перайшла да людзей Шэймана і разведвала для іх радовішчы золата ў Афрыцы.

Аляксандр Мураўёў катэгарычна адмаўляе сувязі з Віктарам Шэйманам.

«Я ўпершыню чую, што ён [Яўген Чанаў] чалавек Шэймана. Тады [у перыяд супрацы з Аляксандрам Мураўёвым] дакладна ён ніякіх кантактаў з Шэйманам не меў. Прынамсі, я пра гэта нічога не ведаў», — заявіў бізнесовец.

Паводле Мураўёва, Чанаў займаўся ў яго бяспекай і сачыў, каб супрацоўнікі заводу не пілі і не кралі. Доля ў бізнесе ў Чанава была, але сімвалічная.

«Чанаў быў адным з дырэктараў. <...> У Чанава былі досыць вузкія функцыі і практычна менавіта па-за бізнесам. <...> Ён адказваў за пастаноўку службы бяспекі, на шклозаводзе “Ялізава” ў тым ліку. Гэта ягоная профільная дзейнасць. Наймаў людзей, кантраляваў, ставіў іх, каб яны, скажам так, сачылі, каб не кралі і, у тым ліку, дарэчы, каб п'яныя на працу не хадзілі, — гэта ягоная таксама была праца», — распавядае Мураўёў. 

Чанаў значыўся сярод дырэктараў ATEC Handelsgesellschaft да 2003-га, а сярод саўладальнікаў — да траўня 2004-га. [*] [*] [*] [*]

Як мінімум у 2004 годзе ён быў дырэктарам аднаго з беларускіх прадпрыемстваў ATEC — «Вікліф»/«Еліпак». [*] [*] Гэта дзве назвы, якія ў розны час мела прадпрыемства, якое вырабляе ўпакоўку. Акрамя таго, працуючы ў Мураўёва, Чанаў узначаліў Фонд ветэранаў спецыяльных падраздзяленняў «АСА». [*] [*] Офісы фонду і прадстаўніцтва ATEC Handelsgesellschaft размяшчаліся на адным паверсе ў будынку на вуліцы Някрасава ў Менску. [*] [*]

На працу да Віктара Шэймана Чанаў перайшоў праз шмат гадоў пасля завяршэння супрацы з Аляксандрам Мураўёвым. І не ён адзін. Мы вывучылі біяграфіі людзей, якія працавалі з Мураўёвым, і налічылі такіх прыкладаў каля дзесяці. Некалькі высокапастаўленых супрацоўнікаў ягоных прадпрыемстваў пасля сталі вядомыя як «людзі Віктара Шэймана» і перайшлі на працу ў структуры, звязаныя з правай рукой Аляксандра Лукашэнкі.

Ад Мураўёва да Шэймана

Былы генеральны дырэктар «Мотавела» Сяргей Аношка працаваў з Мураўёвым у розных кампаніях з 1999 года. [*] Пазней стаў супрацоўнікам «Авангард Грузатранс». [*] 

Кантактам «Авангард Грузатранс» у дзяржрэестры паказаны імэйл «Глобалкастам» — фірмы, якую заснавалі грамадзянская жонка Віктара Шэймана Ганна Пушкарова разам са сваячкай ягонай папярэдняй жонкі. [*] Уладальнік «Авангард Грузатрансу» і брат жонкі Сяргея Аношкі Таццяны — Юрый Грышук — працаваў і ў «Глобалкастам». [*] [*] [*] [*] [*] [*] А перад гэтым — у Аляксандра Мураўёва дырэктарам «Вікліф»/«Еліпак». [*] Таццяна Аношка таксама працавала ў кампаніі «Вікліф». [*]

З 2019 па 2020 год яна ўзначальвала «Глобалкастам», звязаны з Шэйманам, а цяпер яна — дырэктар ЗАТ «ГБК-Шаўковы шлях», нумар тэлефону якой супадае з нумарам «Глобалкастаму». [*] [*] [*] [*] [*] З ёй звязаны і Юрый Жоўнер, які ў 2004-2005 гадах займаў пасаду ў прадстаўніцтве ATEC Handelsgesellschaft у Беларусі. [*]

Дзякуючы «Кіберпатызанам» мы ведаем, што ў 2010-2013 гадах, ужо пасля звальнення з «Мотавела», Сяргей Аношка разам з Віктарам Шэйманам як мінімум чатыры разы лётаў у Афрыку, Арабскія Эміраты і Лацінскую Амерыку. [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] З адной з паездак Аношка вяртаўся чартарным рэйсам з «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі бізнесоўцам Аляксандрам Шакуціным[*] А час той камандзіроўкі супадае з датамі візіту Лукашэнкі ў Лацінскую Амерыку. [*]

Намеснікам Сяргея Аношкі на пасадзе гендырэктара «Мотавела» пры Мураўёве працаваў Яўген Жоўнер. [*] У 2020 годзе ён згадваецца як саўладальнік «Глобалкастам» і спецыяліст «Авангард Інвест». [*] [*] Ён таксама ўзначальваў кампанію Zim GoldFields Limited, якая праз афшор на Сейшэльскіх выспах, паводле звестак на 2018 год, на 70% належала сыну Шэймана Сяргею і здабывала золата ў Афрыцы. Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы даведаліся, што ў Яўгена Жоўнера і Сяргея Шэймана даўняя гісторыя адносінаў. Яшчэ ў 2009-2012 гадах яны неаднаразова ездзілі разам за мяжу на машыне. Некалькі разоў да іх далучаўся і Сяргей Аношка.

Гісторыя палётаў з Сяргеем Шэйманам ёсць і ў самога Аляксандра Мураўёва. 21 лютага 2012-га ён лётаў з ім адным рэйсам у Абу-Дабі. [*] [*] Яны зноў ляцелі адным рэйсам 1 сакавіка 2012-га — вярталіся з Эміратаў у Беларусь. На гэтым жа самалёце ляцеў і прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. [*] [*] [*]

Абедзве сітуацыі бізнесовец называе супадзеннем: «Мясніковіча я некалькі разоў бачыў у самалёце. А хто такі Сяргей Шэйман, я дагэтуль не ведаю. ... Я лячу тым рэйсам, які я палічыў патрэбным для сябе. Я з імі адным рэйсам не лётаў. Мне ўвогуле па барабану, хто лётае гэтымі рэйсамі». 

25 кастрычніка 2011 года Аляксандр Мураўёў вяртаўся ў Менск з Вены адным рэйсам са сваім партнёрам па бізнесе Аляксандрам Тудвасевым. [*] [*] Тым жа рэйсам у Менск ляцелі жонка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя, Ганна, і блізкі да іншага сына Лукашэнкі, Віктара, бізнесовец Аляксандр Зайцаў[*] [*]

У 2011-2013 гадах у філіяле «Мотавела» працаваў Аляксандр Нікалайчанка. [*] Пасля крымінальнай справы «Мотавела», у 2017 годзе, ён узначаліў кампанію «Палескі бурштын», якая належыць «Глобалкастам-Менеджмент». [*] [*] [*]

Мураўёў адмаўляе, што гэтыя людзі былі ягонай сувяззю з уладай: «Калі б гэтыя “сувязі” нейкім чынам прадстаўлялі мой інтарэс ці нейкую сувязь, верагодна, я нейкія лепшыя б атрымаў умовы ўтрымання ў турме і ў калоніі. Але гэтыя “сувязі” ніяк не праявіліся».

На этапе следства Сяргей Аношка быў адным з падазраваных, але пасля стаў сведкам. Па словах Мураўёва, Аношка падчас судовага працэсу «напазіраваў», а ягоныя пратаколы допыту — «самыя вясёлыя як да суду, так і ў судзе».

З прысуду БРЦ даведаўся, што Аношка, напрыклад, неаднаразова пытаўся ў Мураўёва як у «асноўнага акцыянера», чаму не праводзіцца рэканструкцыя ААТ «Мотавела». «Да восені 2008 года стала зразумела, што “Мотавела” было прадпрыемствам стратным. Завод меў патрэбу ў мадэрнізацыі і рэканструкцыі... За першы год яго [Сяргея Аношкі] знаходжання на пасадзе ніякай глабальнай маштабнай мадэрнізацыі і рэканструкцыі зроблена не было», — прыводзяцца ў судовых дакументах паказанні Сяргея Аношкі. [*]

«Я яму наўпрост у судовай зале <...> [кажу]: “Аношка, ты чаго не набыў станкі? Вось ты дырэктар, ты чаму іх не набыў?” Ён кажа: “Так былі ж абавязанні ў такую дату вярнуць атрыманыя грошы”. “І чаму ты, калі грошы атрымаў, гадзянё, ты станкі не набыў?” Ён кажа: “Так таму што, калі я атрымаў крэдыт ад ATEC Holding, я выплаціў заробкі, я пагасіў пазыкі па падатках”», — узгадвае Мураўёў.

Ключ ад усіх дзвярэй

Адным з акцыянераў ATEC Holding (уваходзіла ў групу ATEC) была брытанская J&W Sanderson. БРЦ высветліў, што гэтая кампанія звязаная з бізнесменам Аляксеем Ваганавым. Некаторыя СМІ пісалі, што менавіта ад яго да Мураўёва перайшло званне «шклянога караля» Беларусі. Па дадзеных медыяў, менавіта Ваганаў прыцягнуў у «Ялізава» лідара па вытворчасці шклатары ў Канадзе — кампанію CPI. Гэта было за шэсць гадоў да таго, як на завод прыйшла група ATEC, — у 1996 годзе.

Аляксей Ваганаў, Аляксандр Мураўёў
Крыніца: БРЦ / Аляксей Ваганаў, Аляксандр Мураўёў
Уласнікі шклозаводу «Ялізава» да прыходу ATEC
Крыніца: БРЦ / Уласнікі шклозаводу «Ялізава» да прыходу ATEC
Кампаніі і структуры, звязаныя з Ваганавым
Крыніца: БРЦ / Кампаніі і структуры, звязаныя з Ваганавым
Бенефіцыяры трох кампаній-саўладальніц ATEC Holding i ATEC Handelsgesellschaft
Крыніца: БРЦ / Бенефіцыяры трох кампаній-саўладальніц ATEC Holding i ATEC Handelsgesellschaft

Прыход канадскага вытворцы ў «Ялізава» тады прафінансаваў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). CPI атрымала кантрольны пакет шклозаводу і абавязалася пабудаваць сучасную лінію па вытворчасці піўных бутэлек і іншай шклатары на базе шклозаводу «Кастрычнік». Але канадская кампанія купіла долю заводу не наўпрост у дзяржавы, а праз пасярэдніка — звязаную з Ваганавым кампанію «Лада ОМС-Холдынг». [*] [*] Яна выкупіла кантрольны пакет акцыяў шклозаводу «Кастрычнік» у дзяржавы і ўнесла асноўныя фонды заводу ў статутны капітал новага прадпрыемства. Ваганаў пазначаны як дырэктар «Лада ОМС-Холдынг» са снежня 1996-га па люты 2001 года. Магчыма, такім чынам бакі абышлі абмежаванні ЕБРР на наўпроставае інвеставанне ў беларускія дзяржпрадпрыемствы.

У канцы 1997 года партнёры зарэгістравалі шклозавод «Ялізава» як сумеснае прадпрыемства. Паводле дадзеных міжнароднай аўдыт-кансалтынгавай карпарацыі KPMG, якая суправаджала ўгоду, канадцам у ім належала 65%, «Ладзе ОМС-Холдынг» — 10% і шклозаводу «Кастрычнік», кантрольны пакет якога быў у «Лада ОМС-Холдынг», яшчэ 25%. Такім чынам, фармальна партнёрам канадскага інвестара стала не дзяржава наўпрост, а кампаніі, звязаныя з Ваганавым.

Партнёрства не ўвянчалася поспехам. У 1998 годзе канадскі інвестар абвесціў, што згортвае праект у Беларусі праз эканамічныя і палітычныя змены. Сярод іншых прычынаў правалу праекту KPMG называла спрэчкі паміж акцыянерамі. У прыватнасці, беларускія ўлады запатрабавалі, каб сумеснае прадпрыемства здало ў арэнду цэхі за намінальную плату аднаму са сваіх акцыянераў — шклозаводу «Кастрычнік», — той самай юрыдычнай асобе, якую кантралявала кампанія, звязаная з Ваганавым.

У гэты момант, скарыстаўшыся праблемамі прадпрыемства, менеджары «Ялізава» прапанавалі выкупіць усе правы CPI у шклозаводзе па вельмі нізкім кошце, кажа прадстаўнік KPMG. Становішча канадцаў ускладнялася тым, што акцыянеры — гэта значыць кампаніі, звязаныя з Ваганавым, — мелі права пераважнага выкупу акцыяў і маглі заблакаваць любую ўгоду. Але продаж заводу групе ATEC яны па нейкіх прычынах ухвалілі. Угоду зачынілі ў траўні 2002-га.

Праз два месяцы пасля гэтага — у ліпені — саўладальнікам аўстрыйскай кампаніі стала брытанская Baxworth Trading Limited. [*] [*] Гэта кампанія, якую Аляксей Ваганаў узначаліў амаль адразу пасля яе заснавання ў 2000-м. З гэтага моманту і як мінімум да восені 2018 года ён з'яўляецца ў дакументах кампаніі то як канчатковы бенефіцыяр, то як дырэктар. У 2001-2014 гадах адзіны ўладальнік Baxworth Trading — Stateco (Nominees) Limited (афшор, засвяціўся ў Panama Papers). 

Baxworth Trading трымала кантрольны пакет СТАА «Лада ОМС-Інжынірынг». Ёй належалі 58% акцыяў з моманту заснавання кампаніі — 15 чэрвеня 2009-га, з гэтага ж дня 2% былі і ў Ваганава. [*] [*] З 23 чэрвеня 2009-га па 11 студзеня 2021-га Ваганаў лічыўся кіраўніком СТАА «Лада ОМС-Інжынірынг». [*]

Акрамя таго, Baxworth Trading амаль увесь час была ўладальнікам J&W Sanderson, якая з 3 лістапада 2004-га па 27 ліпеня 2007-га была ў ліку акцыянераў ATEC Holding і з 5 траўня 2004-га па 27 ліпеня 2007-га ATEC Handelsgesellschaft. [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] [*] Нам таксама вядома, што як мінімум па дадзеных на канец 2002 года Ваганаў быў уладальнікам J&W Sanderson: праз яе і «Лада ОМС-Інжынірынг» яму належала іншая беларуская кампанія — «Юнісон». З 1 траўня 2015-га па 25 лютага 2020-га Ваганаў быў дырэктарам J&W Sanderson.

Аляксандр Мураўёў у сваю чаргу не пагаджаецца з тым, што Ваганаў граў значную ролю ў лёсе ягонага бізнесу: «Я памятаю, што ён узяў удзел, гады два гэта доўжылася, у працы ATEC Holding, па-мойму, і гэта быў вельмі невялікі адсотак. Гэты адсотак не дазваляў на сходзе ані ініцыяваць правядзенне сходу, ані ўносіць пытанні ў парадак дня. І таму, увогуле, у нейкі момант ён захацеў прадаць свой удзел», — распавёў бізнесовец, адзначыўшы свае добрыя стасункі з Ваганавым. Паводле яго, той павіншаваў яго з вызваленнем. Але на самой справе Ваганаў заставаўся саўладальнікам ATEC не два гады, а як мінімум пяць. Спачатку праз Baxworth Trading. А потым праз яе брытанскую дачку — J&W Sanderson.

Уласнікі шклозаводу «Ялізава» да прыходу ATEC
Крыніца: БРЦ / Уласнікі шклозаводу «Ялізава» да прыходу ATEC
Кампаніі і структуры, звязаныя з Ваганавым
Крыніца: БРЦ / Кампаніі і структуры, звязаныя з Ваганавым
Бенефіцыяры трох кампаній-саўладальніц ATEC Holding i ATEC Handelsgesellschaft
Крыніца: БРЦ / Бенефіцыяры трох кампаній-саўладальніц ATEC Holding i ATEC Handelsgesellschaft
Уласнікі шклозаводу «Ялізава» да прыходу ATEC
Крыніца: БРЦ / Уласнікі шклозаводу «Ялізава» да прыходу ATEC
Кампаніі і структуры, звязаныя з Ваганавым
Крыніца: БРЦ / Кампаніі і структуры, звязаныя з Ваганавым
Бенефіцыяры трох кампаній-саўладальніц ATEC Holding i ATEC Handelsgesellschaft
Крыніца: БРЦ / Бенефіцыяры трох кампаній-саўладальніц ATEC Holding i ATEC Handelsgesellschaft

Аляксей Ваганаў удзельнічаў у скандальнай праграме ААН «Нафта ў абмен на прадукты харчавання» для Іраку. 

Пра гэта распавядаў і сам Ваганаў, удакладняючы, што ягоную працу ў Іраку курыраваў беларускі МЗС, і іракская прэса. Мясцовая газета al-Mada называла звязаную з ім кампанію «Лада» ў ліку партнёраў Садама Хусэйна, якія атрымлівалі ад Багдада танную нафту. Акрамя таго, у спіс трапіла і Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі. Ваганаў быў яе чальцом.

ААН запусціла праграму «Нафта ў абмен на прадукты харчавання» ў 1995 годзе. Праз міжнародныя санкцыі жыццё насельніцтва Іраку сур'ёзна пагоршылася. Таму рэжыму Садама Хусэйна дазволілі экспартаваць нафту пры ўмове, што на атрыманыя грошы будзе закупляцца харчаванне. Аднак у пачатку 2000-х вакол праграмы разгарэўся скандал: высветлілася, што прадукты харчавання не даходзіць да іракцаў, а продаж нафты насычае толькі клан Хусэйна.

У апошняй справаздачы ў кастрычніку 2005 года камітэт ААН абвінаваціў у выплаце адкатаў для атрымання кантрактаў амаль палову з 4500 удзельнікаў праграмы. Сутнасць схемы была ў тым, што Ірак прадаваў нафту ніжэй рынкавага кошту, яго партнёры перапрадавалі яе, а частку звышпрыбыткаў вярталі прадстаўнікам Хусэйна наяўнымі. Паводле падлікаў арганізацыі, такім чынам рэжыму Хусэйна ўдалося прысабечыць $1,8 млрд. Сярод дзяржаваў, якія трапілі пад абвінавачванні ААН, была і Беларусь, якая падтрымлівала цесныя кантакты з рэжымам Хусэйна.

У перыяд, калі група ATEC пачынала інвеставаць у «Ялізава», Ваганаў уваходзіў у Палату прадстаўнікоў, дзе ўзначальваў камісію па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасці. У прэсе яго называлі эканамічным дарадцам Уладзіміра Канаплёва — спачатку намесніка старшыні, а пазней і старшыні палаты. З 1994-га па 1996-ы Канаплёў быў галоўным памочнікам прэзідэнта Беларусі. Акрамя таго, ён лічыўся найбліжэйшым сябрам Аляксандра Лукашэнкі са студэнцкіх часоў, калі яны вучыліся ў Магілёўскім педінстытуце. Верагодна, менавіта сувязі дазволілі Ваганаву сумяшчаць дэпутацтва і бізнес. Закон гэта наўпрост забараняў.

Закон «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» кажа, што дэпутат Палаты прадстаўнікоў не мае права: займацца іншай дзейнасцю, якая аплачваецца (акрамя творчай, выкладчыцкай і навуковай).

Як мінімум у 2001, 2003 і 2004 гадах Аляксей Ваганаў у складзе афіцыйных дэлегацыяў прадстаўляў Беларусь за мяжой:

  1. 2001 — у Страсбургу на красавіцкай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (узначальваў дэлегацыю намеснік кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў);
  2. 2003 — на Восьмай міжнароднай Берлінскай сустрэчы (удзельнічаў разам з амбасадарам Беларусі ў ФРГ Уладзімірам Скварцовым);
  3. 2004 — працоўны візіт беларускай дэлегацыі ў Іран дзеля прапрацоўкі сумеснага з іранскай кампаніяй Iran Khodro праекту стварэння ў СЭЗ «Менск» зборачнай вытворчасці легкавых аўтамабіляў. Ваганаў узначаліў дэлегацыю.

«Ваганаў стаў дэпутатам не таму, што яго любіў выбарнік, а таму што быў Канаплёў. Больш за тое, Ваганаў не марнаваў час дарма ў Палаце прадстаўнікоў. <...> [Ён] атрымліваў доступ не толькі да фармулёвак праектаў законаў, ён мог лабіяваць свае інтарэсы. <...> Ён заўсёды быў у дваццатцы, у пяцідзясятцы самых уплывовых бізнесменаў. <...> Дэпутаты мелі абмежаваныя магчымасці ўжо камунікаваць з урадам. Але калі ты эканамічны дарадца чалавека, які ўваходзіць у тройку ў палітычнай іерархіі краіны, то, вядома, цябе прыме любы міністр, ён будзе з табой размаўляць», — распавёў БРЦ дырэктар Цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

У 2007 годзе Канаплёў сышоў у адстаўку. Але Ваганаў захаваў уплыў і сувязі з уладамі і пасля яго сыходу. У кастрычніку 2014 года ён, напрыклад, адправіўся ў Францыю ў адзін дзень з віцэ-прэм'ерам Пятром Пракаповічам, намеснікам міністра прамысловасці Паўлам Уцюпіным і кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам. [*] [*] [*]

Партнёры з Расеі

Сваімі асноўнымі рэальнымі партнёрамі Аляксандр Мураўёў называе групу расейскіх інвестараў. Кажучы пра саўладальнікаў ATEC, мы згадалі некалькі кампаніяў, але распавялі больш падрабязна толькі пра дзве — Baxworth Trading і J&W Sanderson. Але былі і іншыя — гэта Permanent Trading, Remolino Trading і Gaflotrade.

З судовых дакументаў па справе «Мотавела» мы ведаем, што бенефіцыярам Permanent Trading лічыцца сам Мураўёў, бенефіцыярам Remolino Trading называюць расейца Яўгена Лямяскіна, а бенефіцыярам Gaflotrade — яшчэ аднаго расейца Юрыя Мураўёва (ён не сваяк Аляксандра Мураўёва). [*]

Юрыю Мураўёву, як мінімум паводле дадзеных на 2019 год, належала 93% у шклозаводзе «Ворга» ў Смаленскай вобласці, які ўваходзіў у холдынг ATEC. [*] [*]

Таксама ён быў саўладальнікам і да гэтага часу лічыцца дырэктарам заводу па вытворчасці мінеральнай вады ў Расеі. [*] [*] На момант прыходу аўстрыйцаў на шклозавод «Ялізава» Юрый Мураўёў быў расейскім чыноўнікам: ён адказваў за дарожны фонд у Ніжагародскай вобласці. [*] [*]

Сам Аляксандр Мураўёў адгукаецца пра яго кампліментарна: «Юра, як бізнесмен, ён моцны, ён самастойна дзейнічаў, і па ягоных этычных на той момант якасцях і дзелавых ён уносіў каласальны ўнёсак у працу сходу ўдзельнікаў, у акцыянерную працу. <...> Для мяне важна, каб чалавек быў здольны прымаць уласнае рашэнне. <...> Таму што, калі я ведаю, што перада мной не сапраўдная асоба, то, натуральна, я павінен ведаць, хто тады сапраўдная. Юра сапраўдны, абсалютна сапраўдны». Аляксандр Мураўёў таксама дадаў, што Юрый павіншаваў яго з вызваленнем.

Двое іншых расейцаў у спісе партнёраў фігуруюць у шматлікіх іншых фірмах у звязцы з Юрыем Мураўёвым — гэта Пётр Васкэ і ўжо згаданы Яўген Лямяскін. У афшорных злівах, якімі з намі падзяліўся Міжнародны кансорцыум журналістаў-расследавальнікаў, мы знайшлі дзве ўгоды расейскіх бенефіцыяраў «Ялізава» з іншымі ўплывовымі людзьмі. Адну з Анатолем Тарнаўскім — найбуйнейшым нафтавым «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. З лістоў Васкэ да афшорнага правайдара MeritServus мы ведаем, што той узгадніў з Тарнаўскім умовы перадачы кампаніі Steeleron «яму [Тэрнаўскаму] ад нас [Васкэ і ягоны кліент, бенефіцыяр Steeleron]». У тым жа лісце Васкэ просіць правайдара пацвердзіць, што Яўген Лямяскін больш не з'яўляецца бенефіцыярам Steeleron. Тарнаўскі фігураваў у адным з нашых нядаўніх расследаванняў. Там жа згадваўся і Пётр Васкэ. Мы ведаем, што Васкэ — юрыст і натарыус з офісам у Маскве.

Другая ўгода тычылася фірмы, якой належала нерухомасць у Беларусі, — «Мэйншып Рыэлці». Ёй валодалі Юрый Мураўёў, пазней Васкэ, Лямяскін, перад гэтым — іх афшоры. [*] [*] А ў 2014-2015 гадах — Сяргей і Мікіта Яўлахавы. [*]

Сяргей Яўлахаў — былы віцэ-прэзідэнт «Транснафты». Расейскае расследавальніцкае выданне «Праект» называла яго даверанай асобай прэзідэнта «Транснафты» Сямёна Вайнштока. Той, у сваю чаргу, лічыўся чалавекам, блізкім да Уладзіміра Пуціна. Мікіту Яўлахава называюць венчурным інвестарам.

Аляксандр Мураўёў, Яўген Чанаў, Аляксей Ваганаў, Віктар Шэйман, Сяргей Мураўёў
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Мураўёў, Яўген Чанаў, Аляксей Ваганаў, Віктар Шэйман, Сяргей Мураўёў

Развод з партнёрамі

Аднак у працы з партнёрамі ў Мураўёва не ўсё ішло добра. Васкэ быў адным з людзей, якія прадстаўлялі інтарэсы Remolino Trading. [*] У сваіх паказаннях па справе «Мотавела» ён сцвярджаў, што Remolino Trading уклала ў АТЕС Holding каля €70 млн. [*] Юрыст настойваў, што Remolino праз АТЕС Holding інвеставала і валодала «Мотавела», шклозаводам «Ялізава», Гомельскім шклатарным заводам і «Белеўратарай». Аднак у пазней гэтыя кампаніі за выключэннем шклозаводу «Ялізава» без згоды Remolino Trading перадалі падкантрольным Мураўёву кампаніям.

Пры гэтым Васкэ не вядома, каб Permanent Trading, бенефіцыярам якой быў Аляксандр Мураўёў, інвеставала ў АТЕС Holding уласныя сродкі. Юрыст сцвярджае, што Мураўёў выкарыстаў грошы, прызначаныя на інвестыцыі, на асабістыя патрэбы — для куплі «рухомай і нерухомай маёмасці ў Расеі, Аўстрыі і ААЭ». [*] Нібыта бізнесмен стаў заможным чалавекам толькі пасля таго, як Remolino Trading пачала інвеставаць у беларускія прадпрыемствы і страціла грошы. На 2011 год, паводле ацэнкі Remolino Trading, Мураўёў мог вывесці блізу $10 млн, казаў Васкэ.

Незадаволены тым, як Аляксандр Мураўёў вядзе справы, мяркуючы па ўсім, быў і ягоны цёзка з Расеі. Галоўнай памылкай беларускага бізнесоўцы Юрый Мураўёў у сваіх паказаннях падчас дасудовай вытворчасці назваў фактычнае кіраванне ўсёй дзейнасцю бізнесу: «узнікае спакуса “адшчыкнуць сабе” з агульнай кішэні». [*] Ён дадаў, што ў 2008 годзе паміж Юрыем, Аляксандрам і іншымі акцыянерамі ўзнікла спрэчка праз тое, што Аляксандр Мураўёў кіраваў усім бізнесам аднаасобна і не інфармаваў аб рашэннях іншых акцыянераў.

Падставай для спрэчак, верагодна, стала інвестыцыя ў «Мотавела». З паказанняў Юрыя Мураўёва вынікае, што ён не ўдзельнічаў у куплі гэтага актыву, і Аляксандр Мураўёў вырашыў інвеставаць у яго самастойна. Але іншы сведка сцвярджаў, што ўгода была ўзгодненая ў тым ліку і з расейцам. Аляксандр Мураўёў таксама настойвае, што пад рашэннем ATEC купіць «Мотавела» стаіць подпіс Юрыя Мураўёва. Так ці інакш, але ў выніку Юрый Мураўёў, які з 15 красавіка 2008-га па 14 сакавіка 2009-га быў дырэктарам АТЕС Holding, выйшаў з бізнесу. [*] [*]

Юрый Мураўёў у адказ на пытанні БРЦ аб групе ATEC і справе «Мотавела» заявіў, што ўсе факты са спасылкай на ягоныя паказанні «з'яўляюцца 100% хлуснёй». «Незразумелая мэта вашага ліста, бо Мураўёў Аляксандр ужо даўно на волі і справа закрытая. Па форме ваш ліст нагадвае цэрэўшны шаблон (можа мі-6), гэта як спецыяліст па выведцы пацвярджаю. Як гаворыцца: Гонар маю!» — напісаў БРЦ Юрый Мураўёў (арфаграфія і пунктуацыя аўтара захаваныя).

Пра канфлікт паміж акцыянерамі АТЕС Holding на судзе казаў і Пётр Васкэ. Паводле яго словаў, ён быў выкліканы тым, што Remolino Trading пазбавілася грошай і беларускіх актываў, у якія інвеставала праз АТЕС Holding. У 2010 годзе Васкэ звяртаўся да дзяржаўных органаў Беларусі праз «злоўжыванні» і «махлярскія дзеянні» Мураўёва.

Пра гэты працэс распавядалі і іншыя супрацоўнікі: намеснік гендырэктара «Мотавела» Таццяна Лукавец у паказаннях па справе заводу казала, што чула пра судовы разгляд у Аўстрыі паміж акцыянерамі АТЕС Holding ад іншых топ-менеджараў кампаніі.

Факт канфлікту, з яе словаў, пацвярджаўся і тым, што напрыканцы 2011 – пачатку 2012 года ад імя Ірыны Тугарынавай Гомельскі шклатарны завод, «Белеўратара», шклозавод «Ялізава» і «Мотавела» атрымалі запыт аб прадстаўленні фінансавай справаздачнасці. Тугарынава ў тыя гады была адным з дырэктараў АТЕС Holding, а таксама прадстаўляла інтарэсы Remolino Trading і Gaflotrade. Яна ж, са словаў Васкэ, прадстаўляла інтарэсы Remolino Trading у ходзе разгляду спрэчак паміж акцыянерамі АТЕС Holding у Аўстрыі.

Remolino Trading, як распавядаў Васкэ, ініцыявала адхіленне Мураўёва ад пасады дырэктара АТЕС Holding праз аўстрыйскі суд. Сам жа Мураўёў у паказаннях казаў, што перастаў быць дырэктарам АТЕС Holding прыкладна ў сакавіку 2010 года, калі ў яго скончыліся паўнамоцтвы. Мяркуючы па дакументах кампаніі, Мураўёў перастаў быць дырэктарам АТЕС Holding 11 студзеня 2011-га. [*] [*] Гэты год як год заканчэння сваіх паўнамоцтваў бізнесмен узгадваў і падчас судовага працэсу па «Мотавела».

Але ў выніку крымінальная справа была спыненая. А ў 2013 годзе акцыі «Мотавела» перааформілі на трэцюю кампанію з назвай ATEC — ATEC Investment. Да таго моманту ў ATEC Investment было амаль 80% заводу, яшчэ амаль 20% належала кампаніі «РосінтэхГруп». [*] Дырэктарам апошняй быў брат Аляксандра Мураўёва Сяргей, а самога Мураўёва называлі яе фактычным уладальнікам. 

ATEC Investment была зарэгістраваная пад Венай, па адрасе дому, дзе жыў Аляксандр Мураўёў. Сам бізнесмен па сутнасці гэтых разбораў журналістам тлумачэнняў не даў. Сказаў толькі, што крымінальная справа ў Аўстрыі супраць яго ў выніку была закрытая і ён дасягнуў з партнёрамі міравога пагаднення.

Дом для сябра канцлера

Аўстрыя ўдзельнічала ў справе Мураўёва, не толькі вырашаючы спрэчкі акцыянераў АТЕС. Праваахоўныя органы краіны па запыце Беларусі дапамаглі КДБ і правялі ператрусы ў доме ў пасёлку для мільянераў пад Венай, дзе жыў Мураўёў. [*]

На гэтым доме спынімся крыху падрабязней. Ён месціцца ў невялікім мястэчку Обэрвальтэрсдорф (Oberwaltersdorf) у паўгадзіне язды ад Вены. Там жыў Аляксандр Мураўёў. Па тым жа адрасе была зарэгістраваная ATEC Investment — да таго, як яе ліквідавалі ў 2019 годзе. [*] [*] Гэты будынак належаў AMETA Holding, але напрыканцы 2020 года тая прадала яго кампаніі Pure Fontana, якая, мяркуючы па дакументах, стваралася менавіта каб набыць гэты дом. [*] [*] [*] [*] [*]

Pure Fontana належыць в'етнама-аўстрыйскаму бізнесоўцу Марціну Хо, якога называюць сябрам экс-канцлера Аўстрыі Зэбаст’яна Курца. [*]

Часткай угоды стала падаўжэнне арэнды. На момант куплі дом арандаваў цёзка дырэктара Расейскага цэнтру навукі і культуры ў Вене, якога амерыканская прэса называла агентам-вярбоўшчыкам расейскіх спецслужбаў. Масква адмаўляла гэтыя абвінавачванні. Жыллё прадалі разам з ім: у варунках было прапісана, што ён працягне здымаць дом.

Аскепкі імперыі

Незадоўга да крымінальнай справы па «Мотавела» былі запушчаныя працэдуры банкруцтва. Гэты працэс працягваўся некалькі гадоў. У 2014 годзе заяву аб банкруцтве падаў Гомельскі завод, следам за ім па тым жа шляху пайшла і «Белеўратара». Праблем не атрымалася пазбегнуць і ялізаўскаму заводу: у 2015 годзе кампанія падала на банкруцтва з даўгамі амаль на 600 млрд рублёў (больш за $30 млн). У 2018 годзе пасля некалькіх няўдалых таргоў маёмасць і прадукцыю прадпрыемства прадалі Гарадзенскаму шклозаводу. А само прадпрыемства пазней ліквідавалі.

Аляксандр Мураўёў
Крыніца: БРЦ / Аляксандр Мураўёў

Аляксандр Мураўёў апісвае сітуацыю інакш: «Яны не збанкрутавалі, іх абрабавалі. Гэта розныя рэчы. Банкруцтва — гэта плацежаздольнасць удзельнікаў рынку, якія знаходзяцца ў больш-менш роўных умовах. І хтосьці з іх па нейкай прычыне або не ўмее кіраваць, альбо не ўмее прадаваць, або нешта яшчэ робіць не так».

У 2023-м стала вядома, што Мураўёў выйшаў на волю. Ад ягонай шкляной імперыі, наколькі нам вядома, да таго моманту нічога не засталося. Аўстрыйскія кампаніі холдынгу ATEC ужо некалькі гадоў былі зачыненыя. ATEC Management ліквідавалі ў 2015 годзе, ATEC Handelsgesellschaft — у 2017-м. [*] [*] [*]

ATEC Investment, заснаваная ў 2006 годзе, была ліквідаваная ў 2019 годзе. Апошнім уладальнікам ATEC Investment была кампанія AMETA Holding, ліквідаваная ў 2022 годзе. [*] [*] [*]

Гэта расследаванне — частка праекту Cyprus Confidential, арганізаванага ICIJ і Paper Trail Media. Больш за 270 журналістаў з розных краін у яго межах працавалі над тым, каб раскрыць сакрэты падатковых гаваняў. Восем месяцаў яны вывучалі 3,6 мільёна канфідэнцыйных дакументаў (1,31 тэрабайта дадзеных), якія сталі даступныя ў выніку выцеку ад афшорных правайдараў, кіруючых падстаўнымі кампаніямі на Кіпры.

Іншыя Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес
Расследаванні

Фальшыўка, зробленая ў Беларусі. Як еўрапейскія памежнікі прапускаюць санкцыйны лес

Крыніцы на рынку лесапрадукцыі перадалі БРЦ меркавана падробленыя дакументы. З іх вынікае, што драўніна нібыта з Казахстану і Кыргызстану перасякала мяжу...

26 сакавіка 2024 Чытаць
Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы
Расследаванні

Беларусам — даражэй? Правяраем, ці плацяць украінцы і расейцы за лекі менш, і шукаем прычыны розніцы

Закуп толькі трох найменняў лекаў, пра якія мы раскажам у расследаванні, у расейскіх аптэках абышлася б бюджэту на $2 млн танней, чым оптам у беларускага...

24 студзеня 2024 Чытаць